Аператыўная зводка ад Гаюна за 23 сакавіка аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі

motolko.help
7 хв.

Праект Гаюн апублікаваў аператыўную зводку аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі на 07:00 24 сакавіка.

Працягваецца інтэнсіўнае перамяшчэнне калон ваеннай тэхнікі УС РФ па тэрыторыі Беларусі (1, 2, 3, 4, 5 і 6). Таксама фіксаваліся перамяшчэнні калоны палівазапраўшчыкаў (тут). На аўтамабільнай тэхніцы выкарыстоўваецца апазнавальны знак «V». Адзначым, што прыбыццё новай тэхнікі на тэрыторыю Беларусі (напрыклад, дастаўка ваенна-транспартнай авіяцыяй БМД-4м) можа з’яўляцца ўскосным пацвярджэннем падрыхтоўкі УС РФ наступальных дзеянняў.

Ажыццяўляецца пераброска тэхнікі УС РФ чыгуначным транспартам (тут і тут). Адзначым, што названыя саставы перавозілі (у тым ліку) цяжкую бронетэхніку. Таксама можна адзначыць, што адзін са саставаў перавозіў некалькі дзясяткаў грузавых аўтамабіляў. Гэта грунтоўна з’яўляецца ўскосным пацверджаннем вялікіх страт, якія панеслі УС РФ за час вайны ва Украіне ў аўтамабільнай тэхніцы.

Найбольшая лётная актыўнасць самалётаў была зафіксавана на ваенным аэрадроме ў Баранавічах (тут, тут і тут). Нязначная актыўнасць таксама назіралася на ваенных аэрадромах у Лунінцы (тут) і Мачулішчах (тут). Таксама варта адзначыць, што над Гомелем быў заўважаны лятаючы БПЛА УС РФ.

Былі апублікаваныя свежыя спадарожнікавыя здымкі кампаніі ImageSat International за 22 сакавіка 2022 года. Дзякуючы атрыманай інфармацыі можна зрабіць выснову, што на ваенным аэрадроме ў Баранавічах стала менш самалётаў, а на аэрадроме ў Лунінцы — больш. Адзначым, што яшчэ 18 сакавіка мы паведамлялі, што самалёты ПКС РФ з аэрадрома ў Лідзе былі перамешчаныя на аэрадром у Лунінцы (знаходзіцца за 50 км ад мяжы з Украінай).

Працягваецца нанясенне ўдараў па тэрыторыі Украіны тактычнымі ракетнымі комплексамі. Так, было зафіксавана каля 4 пускаў ракет з тэрыторыі Калінкавіцкага раёна, 2 – з Хойніцкага, і 1 – з Мазырскага раёна. Запускі ракет з тэрыторыі Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў былі адлюстраваныя на фатаграфіях (тут, тут і тут).

У Гомелі была заўважана невялікая калона, якая, верагодна, перавозіла целы загінуўшых вайскоўцаў УС РФ. Калона накіроўвалася ў бок морга ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці. Раней паступала інфармацыя аб маршрутах перавозкі загінуўшых салдат.

Вайскоўцы УС РФ працягваюць закупляцца ў сеткавых крамах. Па словах відавочцаў, яны закупляюць прадукты харчавання і алкаголь у суадносінах 50/50.

Перамяшчэнні падраздзяленняў УС РБ былі нязначнымі. Так, было заўважана перамяшчэнне станцыі перашкод і радыёкіравання сувязі Р-934УМ2 «Навальніца» УС РБ.

Стала вядома, што на Мазырскім НПЗ узмацнілі ахову. Каля прахадной былі заўважаныя супрацоўнікі міліцыі і АМАП з аўтаматамі. Таксама паведамляецца, што на прадпрыемстве актыўна распаўсюджваецца інфармацыя аб магчымай дыверсіі з боку Украіны. Адзначым, што УС РФ запраўляюць сваю тэхніку палівам, якое вырабляецца на Мазырскім НПЗ.

Калі вам вядомая дадатковая інфармацыя аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі ў @HajunBYbot або праз форму для зваротнай сувязі ніжэй

Гэтае поле абавязкова для запаўнення

In English: Situation report on military activity on the territory of Belarus for March 23 by Hajun
На русском языке: Оперативная сводка от Гаюна за 23 марта о военной активности на территории Беларуси

Папярэдні матэрыял
Агляд асноўных падзей беларускай прапаганды аб вайне ва Украіне за 23 сакавіка ад Гаюна
Наступны матэрыял
Дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі пачала візіт ва Украіну

Iншыя матэрыялы