На русском языке:
«Беларусь — не ядерная свалка России». Тихановская — о «дне единения с Россией»
Сёння, 2 красавіка, дыктатары дзвюх краін адзначаюць гэтак званы «дзень яднання народаў Беларусі і Расіі». У гэты дзень нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў, дзе адзначыла: Беларусь – не ядзерная сметніца Расіі, не палігон, не губерня і не кавалачак зямлі. Беларусь – гэта суверэнная дзяржава і свабодны беларускі народ.
Прыводзім цалкам прамову Святланы Ціханоўскай.
«Сёння так званы дзень яднння народаў Расіі і Беларусі. Па ўсёй Беларусі зноў вісяць сцягі чужой краіны, якая распачала вайну ў цэнтры Еўропы. Якая кожны дзень забівае мірных жыхароў Украіны і пагражае нашай з вамі бяспецы і незалежнасці.
Дык якое яднанне мы павінны адзначаць і навошта яно патрэбнае беларусам? Здаецца, гэтае яднанне трэба Лукашэнку і Пуціну, каб ператварыць Беларусь у ядзернае сховішча Расіі. Бо 25 сакавіка Пуцін аб’явіў, што размесціць у Беларусі ядзерную зброю.
Доўгія гады мы не ведалі, пра што так часта размаўляюць дыктатары за зачыненымі дзвярыма. Якія дарожныя карты па інтэграцыі падпісваюць і якія рашэнні прымаюць за нас, беларусаў.
І вось цяпер ведаем. Гэтымі дарожнымі картамі, поціскамі рукі, новымі дамовамі пра супрацоўніцтва – Расія пры дапамозе Лукашэнкі вырашыла падставіць 9 мільёнаў беларусаў. У Крамлі выдатна разумеюць, што ядзерныя склады – гэта мішэнь для ракетаў. І таму размясціць гэтыя склады, вядома, вырашылі не побач са сваімі бункерамі і рэзідэнцыямі, а каля дамоў беларусаў. Каля вёсак і мястэчак, дзе жывуць людзі, якія заўсёды былі супраць вайны, супраць ядзернай зброі, супраць дыктатараў і іх фантазій пра вялікую імперыю.
Гэтае вар’яцтва нам прапануюць адзначаць народнымі гуляннямі, пакуль Беларусь павольна паглынаецца Расіяй. І гэтае паглынанне пачалося не ўчора. Гадамі пад выглядам так званага «яднання» ў Беларусі вынішчалі нашую ўнікальную культуру, пазбаўляліся ад беларускай мовы, перапісвалі падручнікі гісторыі, быццам не было ні ВКЛ, ні Рэчы Паспалітай, ні Касцюшкі, ні Каліноўскага, ні самой Беларусі да СССР. Зараз ідэолагі і прапагандысты расказваюць нашым дзецям, што найлепшы час для беларускага народа быў пад акупацыяй Расійскай імперыі. Яны расказваюць, што свабода і незалежнасць – гэта чужыя для нас каштоўнасці. Яны расказваюць, што мы павінны быць паслухмяныя і лаяльныя сістэме.
Але стваральнікі Саюзнай дзяржавы не спыніліся і на гэтым. Пад выглядам «яднання народаў» дыктатары вучацца адзін ў аднаго, як прыгнятаць народ. Яны зверылі метадычкі катаванняў, узаконілі гвалт на дзяржаўным узроўні. І ў выніку, зрабілі Беларусь палігонам для расійскай вайсковай агрэсіі. І калі падавалася, што горш ужо няма куды – яны вырашылі прывезці на нашую зямлю ядзерную зброю, каб зладзіць у Беларусі другі Чарнобыль. Таму што ядзерная зброя – гэта не парасон, які абароніць нас ад «бразгату гусеніц». Гэта мішэнь.
Беларусь – не ядзерная сметніца Расіі. Не палігон, не губерня і не кавалачак зямлі. Беларусь – гэта суверэнная дзяржава і свабодны беларускі народ. Нам не блізкія імперскія ідэі.
Мы – незалежная краіна, якая хоча міру, хоча вярнуць бяз’ядзерны статус, выйсці з эканамічнага і палітычнага крызісу і перастаць пакутаваць за чужыя амбіцыі. Мы – краіна, адкрытая для роўнага, узаемавыгаднага партнёрства. І мы не збіраемся яшчэ 30 гадоў залежаць ад саюзаў, якія не прыносяць нічога, акрамя новых праблемаў.
Беларусам не патрэбная ні Саюзная дзяржава, ні АДКБ, якія прыводзяць да размяшчэння ядзернай зброі ў нашай краіне. Свабодная Беларусь адкрые для сябе супрацу з Еўропай. Беларусь будзе далучацца і ствараць такія саюзы, якія абараняюць жыцці, бяспеку і дабрабыт беларусаў, а не ставяць пад пагрозу будучыню нашых дзяцей.
Галоўнае яднанне, якога беларусы дасягаюць дзякуючы такім страшным урокам гісторыі, як цяпер – гэта яднанне нашай нацыі. Мы больш не выбіраем быць зручнымі ўсім, хто хоча нас выкарыстаць. Мы выбіраем бараніць сябе і сваіх дзяцей. Мы выбіраем наладжваць адносіны толькі на роўных і толькі з тымі, хто прызнае нас незалежнай, суверэннай краінай. Мы выбіраем сябе, а не старэйшага брата, моцную руку, бацьку нацыі ды іншыя навязаныя нам клішэ.
Беларусь належыць беларускаму народу. Народу, які разумее, што на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі не павінна быць больш ніколі. Народу, які прымае рашэнні для вольнай, мірнай, шчаслівай будучыні сваіх дзяцей. І ў адрозненне ад дыктатараў, якія загуляліся ў вайну, у нас усё яшчэ ёсць шанец на такую будучыню».