На русском языке:
Беларусские военные продолжают находиться в литовском приграничье
У хроніцы ваеннай актыўнасці за 8—14 красавіка мы пісалі, што нягледзячы на правядзенне тактычных вучэнняў, якія сталі «кульмінацыяй» праверкі баявой гатоўнасці, і пачала звальненне ў запас рэзервістаў, падраздзяленні УС РБ не былі выведзеныя з літоўскага памежжа.
Афіцыйна праверка стала адказам на вучэнні «Steadfast Defender 2024» і «Dragon-24», якія праводзяцца краінамі НАТА.
Нагадаем, што ў сярэдзіне сакавіка да мяжы з Літвой былі перакінутыя падраздзяленні 19-й механізаванай брыгады:
- Ашмянскі раён, наваколлі н.п. Цэнтэлі — 1-ы асобны механізаваны батальён (в/ч 14398), 4-ы асобны танкавы батальён (в/ч 22092), ≈ 350 чалавек л/с.
- Пастаўскі раён, наваколлі н.п. Юшкаўшчына і н.п. Падаляны — 1-ы асобны механізаваны батальён (в / ч 14398), ≈ 410 чалавек л / с.
Пасля візіту Лукашэнкі ў Ашмянскі раён у канцы сакавіка дзейнасць ваенных, якія там знаходзіліся, асвятлялася даволі скупа.
26 сакавіка камандуючы войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання дакладваў Лукашэнку пра тры нямецкія і амерыканскія батальёны, размешчаныя на літоўскім палігоне Пабрадэ (15 кіламетраў ад мяжы з РБ) для ўдзелу ў вучэннях. На думку ваеннага, батальёны «могуць быць задзейнічаныя для правядзення правакацыйных дзеянняў паблізу ад дзяржаўнай мяжы».
Гэта і можна лічыць «афіцыйнай» прычынай, чаму падраздзяленні УС РБ працягваюць заставацца ў літоўскім памежжы — нібыта для недапушчэння «правакацый і дыверсій». Рэальныя матывы трымаць там вайскоўцаў будуць зусім іншымі (напрыклад, жаданне «пагуляць мускуламі» і паказаць Расіі, што «у нас тут свая вайна»).
Беларускія вайскоўцы будуць знаходзіцца ў прымежжы сама меней да канца красавіка. Іх прысутнасць там магчыма і ў далейшым (напрыклад, да заканчэння вучэнняў у Літве).
Можна чакаць, што падраздзяленні будуць выконваць свае задачы на ратацыйнай аснове — як гэта арганізавана ў Гомельскай вобласці з сакавіка 2022 г.