Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 7 чэрвеня падпісаў папраўкі ў шэраг заканадаўчых актаў, сярод якіх і папраўкі ў закон аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам. Аднак гэтыя папраўкі закранаюць і беларусаў.
У прэс-рэлізе паведамляецца, што цяпер людзі, якія атрымалі атэстат у краіне, якая дэнансавала пагадненні з Польшчай аб прызнанні дакументаў аб адукацыі, змогуць пацвердзіць атэстат ці падобны дакумент праз адміністрацыйную працэдуру.
Нагадаем, што ў 2022 г. рэжым у Беларусі разарваў пагадненне з Польшчай аб узаемным прызнанні дакументаў аб вышэйшай адукацыі, а ў 2023 г. прыпыніў дзеянне пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі з Польшчай.
Такім чынам, дзякуючы дадзенай папраўцы, беларусы ў Польшчы змогуць пацвярджаць свае атэстаты аб адукацыі без атрымання дадатковых дакументаў ад ведамстваў у РБ. Напрыклад, больш не трэба атрымліваць даведку ад Дэпартамента кантролю якасці адукацыі РБ, якая пацвярджае легальнасць атэстата аб сярэдняй адукацыі. Такую даведку часам патрабавалі пры паступленні ў замежныя ВНУ, але з нядаўняга часу Дэпартамент многім абітурыентам іх проста не выдае.