На русском языке:
Белсат: На прощание с Ольгой Завадской не пускали людей
Сёння адбылася цырымонія развітання з Вольгай Завадскай – маці выкрадзенага ў 2000 годзе тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага. Але па дадзеных Белсата, на развітанне змаглі патрапіць толькі сваякі, іншых людзей, якія прыйшлі на развітанне, не пускалі ў рытуальную залу.
Паведамляецца, што сваякі прыбылі на цырымонію крыху раней, іх пусцілі ў залу і зачынілі за імі дзверы. Праз некалькі хвілінаў супрацоўнікі крэматорыя сказалі ім, што больш ніхто не прыйшоў, і пачалі цырымонію.
У гэты ж час у фае крэматорыя прыходзілі людзі з кветкамі, да іх адразу падыходзілі двое мужчын у цывільным і пыталіся прозвішча чалавека, да якога прыйшлі развітацца. Пачуўшы прозвішча Завадскай, казалі, што «тут такой няма», і прапаноўвалі людзям прайсці на Паўночныя могілкі, дзе ў сваю чаргу казалі, што ў гэты дзень ніякага пахавання няма і не плануецца.
Некаторыя вярталіся ў крэматорый, дзе двое ў цывільным працягвалі пераконваць тых, хто прыйшоў, што гэта нейкая памылка і не пускалі нікога ў залю да таго часу, пакуль адтуль не выйшлі сваякі Вольгі Завадскай.
Вольга Завадская памерла 25 траўня. На фота яна на фоне партрэта свайго сына Дзмітрыя Завадскага.
Вольга Завадская – маці зніклага амаль 23 гады таму журналіста Дзмітрыя Завадскага. Апошнія гады Вольга Завадская цяжка хварэла, піша Zerkalo.io. Яна памерла, так і не даведаўшыся, што адбылося з яе сынам. Яе сын Зміцер Завадскі быў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі, потым пайшоў на ОРТ, дзе працаваў з журналістам Паўлам Шараметам.
Дзмітрый Завадскі знік у пятніцу, 7 ліпеня 2000 года, калі прыехаў у менскі аэрапорт сустракаць Паўла Шарамета. Супрацоўнікі праваахоўных органаў знайшлі толькі машыну Завадскага на стаянцы, ніякіх слядоў самога журналіста ці доказаў і сведчанняў відавочцаў аб тым, што магло адбыцца, таксама не было знойдзена.
У ягоным выкраданні абвінавацілі двух былых афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» – нібыта Завадскі ведаў, што яны ваявалі ў Чачэніі на баку сепаратыстаў. У выніку абодва абвінавачаныя па артыкуле аб выкраданні Завадскага атрымалі 10 гадоў пазбаўлення волі, а па сукупнасці іншых абвінавачанняў былі прысуджаныя да пажыццёвага зняволення ў сакавіку 2002 года. Самі асуджаныя не прызналі сваёй віны, а факт забойства Завадскага так і не быў даказаны.
Па іншай версіі, у знікненні Дзмітрыя Завадскага былі задзейнічаныя тыя ж людзі, якія займаліся знікненнямі супернікаў дзейнай улады: былога кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.
У канцы лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Дзмітрыя Завадскага памерлым. Яго цела так і не было знойдзена.