Белыя Халаты: За 2021 год 104 бальніцы закупілі 27 805 мяшкоў для трупаў

Canva
5 хв.

In English: «White Coats»: 104 hospitals purchased 27,805 body bags in 2021
На русском языке: Белые Халаты: За 2021 год 104 больницы закупили 27 805 мешков для трупов

Канал медыцынскай ініцыятывы «Белыя Халаты» апублікаваў і прааналізаваў інфармацыю па закупках мяшкоў для трупаў у 104 бальніцах Беларусі ў перыяд з пачатку 2020 да кастрычніка 2021 года.

Паводле інфармацыі медыкаў, закупкі такіх найменняў праводзяцца, зыходзячы з патрэбаў мінулых гадоў. Інакш кажучы, закупляюць прыкладна столькі, колькі спатрэбілася ў мінулыя гады. Аўтары лічаць, што факт куплі мяшкоў для трупаў можна расцаніць як форс-мажор і звязаць яго з залішняй, неспрагназаванай смяротнасцю ў бальніцы.

Белыя Халаты: За 2021 год 104 бальніцы закупілі 27 805 мяшкоў для трупаў

Колькасць закупак мяшкоў для трупаў у некаторых бальніцах Беларусі / Белыя Халаты

Зыходзячы з прыведзенай інфармацыі вынікае, што некаторыя лячэбныя ўстановы, якія ў той ці іншай ступені займаліся лячэннем кавідных хворых, за 2020-2021 гады рабілі аж да 9 закупак мяшкоў. Больш за ўсё, паводле звестак у табліцы, закупіла 3-я гарадская клінічная бальніца імя Я.В.Клумава — 1800. Для параўнання, цэнтры, якія не займаліся лячэннем каранавіруснай паталогіі, абмяжоўваліся 1-2 закупкамі. Так, напрыклад, РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі і РНПЦ Траўматалогіі і артапедыі, рабілі закупкі паталагаанатамічных пакетаў у перыяд з 2019 па 2020 год 1-2 разы.

Таксама медыкі прыводзяць табліцу размеркавання закупак мяшкоў беларускімі бальніцамі па месяцах пачынаючы з сакавіка 2020 года. Набыццё 6260 мяшкоў у студзені звязана з асноўнымі закупкамі на будучы каляндарны год. Але пік замоў выпаў на кастрычнік 2021 года – 7730 штук, таксама буйныя закупкі былі красавіку 2020 (2275 мяшкоў), сакавіку 2021 (4860) і верасні 2021 (2670).

Белыя Халаты: За 2021 год 104 бальніцы закупілі 27 805 мяшкоў для трупаў

Графік размеркавання замоў мяшкоў для трупаў з пачатку пандэміі да кастрычніка 2021 года / Белыя Халаты

Калі супаставіць гэтыя пікі з хвалямі COVID-19 у Беларусі, то атрымліваецца, што асноўныя дазакупкі паталагаанатамічных пакетаў праводзіліся менавіта падчас моцнага росту выпадкаў COVID-19.

«Больш за тое, калі выказаць здагадку, што ў студзені закупкі мяшкоў для трупаў рабіліся з разліку на каляндарны 2021 год, то можна адзначыць, што ў кастрычніку 2021 года новых мяшкоў дакуплена больш, чым у студзені амаль на тысячу», – паведамляюць Белыя Халаты.

Самае галоўнае, што за ўвесь 2020 год было набыта 12569 мяшкоў для трупаў. А за 10 месяцаў 2021 года ў 2,21 разоў больш, чым за ўвесь папярэдні год – 27805 мяшкоў.

«Сітуацыя з закупкамі мяшкоў для трупаў можа быць толькі ўскосным індыкатарам залішняй смяротнасці ад каранавіруса ў Беларусі. Таксама мы не валодаем дадзенымі па ўсіх ЛПУ ў Беларусі, таму экстрапаляваць гэтыя высновы на ўсю краіну не зусім рэпрэзентатыўна. Да таго ж, варта таксама памятаць, што гаворка ідзе толькі пра бальнічныя смерці, выключаючы факт смерці хворых людзей дома», – падсумавалі Белыя Халаты.

Папярэдні матэрыял
ТАСС перакруціў словы кіраўніка МЗС ФРГ паведаміўшы, што ЕС вернецца да дыялогу з Мінскам пры паляпшэнні сітуацыі з мігрантамі
Наступны матэрыял
Святлана Ціханоўская адрэагавала на дыялог Меркель і Лукашэнка

Iншыя матэрыялы