Святлана Ціханоўская наведала офіс YouTube у Берліне, дзе сустрэлася з кіраўніцай платформы, адказнай за сувязі з урадамі, Сабін Франк.
Паведамляецца, што асноўнай тэмай размовы была падтрымка беларускай мовы ў YouTube. У YouTube адзначылі, што магчымасць падтрымкі беларускай мовы ў Google Ads ужо абмяркоўваецца. Відэахостынг адсочвае і імкнецца выдаляць «пакаянныя» відэа, каналы і акаўнты прапагандыстаў.
«Цяпер нашая мова падтрымліваецца ў бальшыні сэрвісаў YouTube, даступная ў інтэрфейсе і дазваляецца манетызацыя беларускамоўнага кантэнту», — паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Акрамя таго, абмеркаваная магчымасць арганізацыі трэнінгаў для беларускіх медыя і ініцыятываў з удзелам спецыялістаў YouTube.