Больш кантролю над вайскоўцамі? Навошта ў Беларусі хочуць узнавіць ваенную пракуратуру

4 хв.

На русском языке: Больше контроля над военными? Зачем в Беларуси хотят воссоздать военную прокуратуру

Сёння Лукашэнка праводзіць ужо другую нараду па пытанні аднаўлення ваеннай пракуратуры.

Варта нагадаць, што 1 верасня 2014 года былі ліквідаваныя Беларуская вайсковая пракуратура і 11 міжгарнізонных вайсковых пракуратур. Іх паўнамоцтвы былі ўскладзены на Генпракуратуру. У яе структуры было створана ўпраўленне па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках.

Раней у Беларусі былі ліквідаваныя і ваенныя суды. Гэтыя структуры былі скасаваныя з 1 ліпеня 2014 г., што было адной з частак судовай рэформы. Паўнамоцтвы па разглядзе крымінальных спраў былі перададзены судам агульнай юрысдыкцыі.

Нагадаем, што ў ліпені 2023 года так званы генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед унёс прапанову аб стварэнні Галоўнай вайсковай пракуратуры і міжгарнізонных вайсковых пракуратур. Па словах чыноўніка, «Гаворка ідзе не аб узнаўленні ў тым вобразе або абліччы, які быў, а пра стварэнне Галоўнай ваеннай пракуратуры ва ўсечаным варыянце, колькасцю ў некалькі разоў менш, чым Беларуская ваенная пракуратура».

Асноўнай матывацыяй узнаўлення ваеннай пракуратуры ў Беларусі называюць неабходнасць узмацнення кантролю за выкананне заканадаўства ў сілавых структурах. Чаму з гэтай задачай не спраўляецца падраздзяленне Генпракуратуры – не паведамляецца. Таксама пакуль не зусім зразумела, каму будзе падпарадкоўвацца вайсковая пракуратура. Калі яна будзе ўваходзіць у склад Генпракуратуры, дык чым гэта будзе адрознівацца ад існуючых падраздзяленняў па наглядзе за выкананне заканадаўства ў сілавых структурах, акрамя іншай назвы?

Малаверагодна, што стварэнне ваеннай пракуратуры прывядзе да змяншэння колькасці злачынстваў у сілавых структурах. Хутчэй наадварот – гэта паспрыяе яшчэ большай закрытасці сілавых структур.

Варта адзначыць, што ў Беларусі існуе падраздзяленне Галоўнай вайсковай пракуратуры РФ. Таксама ў чэрвені 2023 г. стала вядома, што Следчы камітэт РФ стварыў у Беларусі ваенны следчы аддзел.

Папярэдні матэрыял
З самай раніцы на ўездах у Баранавічы блокпасты, не ўпускаюць нават гарадскія аўтобусы — гэта вучэнні
Наступны матэрыял
У Латвіі не будуць забараняць знаходжанне ў краіне аўтамабіляў на беларускіх нумарах

Iншыя матэрыялы