БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

DPA
10 хв.

In English: BIC: Lukashenka owes Venezuela $1.5 billion for oil received 10 years ago
На русском языке: Лукашенко должен Венесуэле $1,5 млрд. за нефть, полученную 10 лет назад, — БРЦ

Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ) сумесна з венесуэльскім выданнем Armando.Info і OCCRP апублікаваў расследаванне аб беларуска-венесуэльскіх адносінах і знайшоў дакументы, якія сведчаць, што ў Беларусі перад Венесуэлай ёсць пазыка амаль $1,5 млрд за венесуэльскую нафту, якую Мінск атрымаў больш за 10 гадоў таму. Але да гэтага часу не разлічыўся цалкам.

Поўная версія расследавання БРЦ даступная па спасылцы.

З дакументаў верасня 2015, якія рыхтаваліся да нарады прэмʼер-міністра РБ, атрымліваецца, што Мінск увогуле не збіраўся вяртаць Венесуэле гэтыя грошы і вырашыў «разглядаць запазычанасць не як беларускую пазыку, а як дапамогу Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла».

БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

Фрагмент з дакумента 2015 года / БРЦ

Гаворка ідзе пра 9 мільёнаў тон нафты, якую Венесуэла паставіла ў Беларусь у 2010-2012 гг. у разгар «энергетычнай вайны» з Расіяй у 2010-2013 гг. Усяго ж у дамове паміж «Беларускай нафтавай кампаніяй» і венесуэльскай PDVSA фігуруе абʼём у 30 млн. тон нафты.

БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

Дагавор на пастаўку нафты ў Беларусь / БРЦ

Згодна з дакументамі, разлік вёўся па схеме 80/20 – 80% кошту нафты БНК аплачвала PDVSA не пазней за 35 дзён з даты афармлення накладной, астатнія 20% «акумуляваліся ў выглядзе абавязкі пакупніка перад прадаўцом».

«Груба кажучы, Беларусь атрымала скідку на венесуэльскую нафту, паабяцаўшы аплаціць пятую частку ад кошту пазней, але так і не зрабіла гэта», – адзначаюць БРЦ.

Цікава і тое, што ў Беларусь венесуэльская нафта трапляла пад выглядам азербайджанскай. Для скарачэння выдаткаў венесуэльская кампанія PDVSA прадавала нафту маркі «Санта Барбара» ў сваіх партах азербайджанскай кампаніі «Сокар», а на беларускія заводы замест «Санта Барбары» ішла нібыта азербайджанская нафта маркі «Азеры Лайт».

БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

Пытанне пра пагашэнні пазыкі працягвала ўздымацца пасля сканчэння паставак / БРЦ

Але пасля пацяплення адносін з РФ, пастаўкі нафты з Лацінскай Амерыкі спыніліся, а пазыка так і засталася, тыя самыя 20% – $1 440 022 000. Больш за тое, як піша БРЦ, перамовы наконт выплаты Мінскам грошай Каракасу вядуцца да гэтага часу.

Расследавальнікі вырашылі запытацца ў гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Міхаіла Касцечка «ці збіраюцца яны аддаваць доўг Венесуэле?». Ён жа адказаў, што ўвогуле не ведае, пра якую запазычанасць ідзе гаворка.

Але нафта не адзіны прадмет зносін

Напрыклад, рэжым Лукашэнкі зарабіў больш за $270 млн. на продажы Венесуэле трактароў МТЗ, але нюанс у тым, што ў Каракас яны ішлі ў 2-3 разы даражэй, чым суседнім лацінаамерыканскім краінам: пакуль Куба, Нікарагуа і Сальвадор у 2011 годзе куплялі беларускі трактар за $15 000 – 17 000, Венесуэла набывала па $45 000. Вось такое «сяброўства».

БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

Таксама ў 2010-х у Венесуэле былі пабудаваны заводы па зборцы МАЗаў і трактароў МТЗ для продажу на мясцовым рынку і суседнім краінам, але, як высветлілі журналісты, іх лёс склаўся не вельмі добра. У 2017-м заводы прыпынілі сваю працу, і за наступныя 5 гадоў сабралі ўсяго каля 3 000 трактароў, на заводзе па зборцы грузавікоў сітуацыя падобная.

БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

Завод па зборцы грузавікоў «МАЗ» у Венесуэле / БРЦ

У канцы 2022 г. журналісты ездзілі на гэтыя заводы і выявілі, што яны ўвогуле не працуюць.

Быў таксама праект па будаўніцтве жылля ў Венесуэле, напрыклад у $750 млн. ацэньвалі будаўніцтва 10 тысяч кватэр на тэрыторыі раёна «Фуэртэ Ціуна» у Каракасе. Але як толькі Венесуэла перастала плаціць, на гэтым будоўля і спынілася. У выніку за 15 гадоў беларусы пабудавалі ўсяго 8 тысяч кватэр з запланаваных 20 тысяч – здалі толькі адзін жылы комплекс з трох, ды і не ў Каракасе, а ў горадзе Маракай і наваколлях.

Але зарабляў на Венесуэле не толькі рэжым напрамую

Паводле звестак БРЦ, і заводы, і жыллё ў Венесуэле будавала кампанія «Белзамежбуд», якая зʼявілася ў 2007 годзе, а заснавалі яе чатыры прадпрыемствы: два дзяржаўныя («Гомельпрамбуд» і «Будаўнічы трэст № 8») і два прыватныя («Белпарс» і «Трастбанк»).

БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

Дагавор пра стварэнне Белзамежбуд / БРЦ

Праз месяц пасля зʼяўлення гэтай кампаніі, 9 ліпеня 2007 года, у Каракас адправілася ўрадавая дэлегацыя з Беларусі з віцэ-прэмʼерам Уладзімірам Сямашкам, кіраўніком Савета бяспекі Віктарам Шэйманам, які курыраваў беларускія праекты ў Венесуэле, і бізнесменам Віктарам Шаўцовым.

«Менавіта ён і стаў адным з бенефіцыяраў беларускіх праектаў у Венесуэле. Тады Шаўцоў быў ключавым уладальнікам «Трастбанка» (цяпер ён называецца «Банк Рашэнне», – заўв. motolko.help) і старшынёй савета дырэктараў «Белзамежбуд». Яшчэ адным прыватным удзельнікам «Белзамежбуда» з 39% доляй стала фірма «Белпарс» – дачка іранскага холдынгу Kayson, заснаваная бізнэсмэнам Махамадам Рэза Ансары», – паведамілі БРЦ.

Пазней 39% акцый «Белзамежбуд» перайшлі да фірмы з ААЭ Alm Investments, за якой, паводле звестак расследавальнікаў, стаіць даўні партнёр Шаўцова, рэзідэнт ААЭ султан Махамед Ахмад Аль-Зараім Аль-Сувайдзі.

БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

Віктар Шаўцоў (справа) і Махамед Ахмад Аль-Сувайдзі (у цэнтры) / БРЦ

Па падліках БРЦ, «Белзамежбуд» выканаў у Венесуэле праекты прынамсі на $500 000 000. Кампанія будавала ў Венесуэле дамы і заводы, у тым ліку і тыя, дамовы на будаўніцтва якіх падпісваў Лукашэнка падчас візітаў у Каракас.

Таксама Шаўцоў часта падарожнічаў у кампаніі беларускіх чыноўнікаў: два палёты з Віктарам Шэйманам, чатыры – з Уладзімірам Сямашкам, і больш за 20 – з тагачасным намеснікам міністра, а затым і міністрам архітэктуры і будаўніцтва Анатолем Нічкасавым.

Журналісты патэлефанавалі апошняму з мэтай высветліць, ці лабіравалі беларускія чыноўнікі інтарэсы Віктара Шаўцова ў Венесуэле, і вось што ён адказаў:

«Навошта вы мяне пра іншага чалавека пытаецеся? Я ведаю, што міністэрства рабіла, што я рабіў. А вы кажаце: падарожнічаў. Ды не падарожнічаў я. Я выконваў заданні ўрада па арганізацыі будаўніцтва ў Венесуэле. Гэта былі нашыя міждзяржаўныя абавязальніцтвы», – сказаў Нічкасаў.

БРЦ: Лукашэнка вінны Венесуэле $1,5 млрд. за нафту, атрыманую 10 гадоў таму

Уга Чавес (злева) і Віктар Шаўцоў (другі справа) / БРЦ

Варта сказаць і пра тое, што ў 2004 годзе створаны Шаўцовым «Інфабанк» (пазней ён жа «Трастбанк» і потым «Банк Рашэнне», – заўв. motolko.help) патрапіў пад абмежаванні ЗША па падазрэнні ў адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусейна. Сродкі былі заробленыя на здзелках у абыход праграмы ААН «Нафта ў абмен на харчаванне».

У кастрычніку 2011 года Шаўцова затрымаў КДБ па падазрэнні ў асабліва буйным крадзяжы з будаўніцтвам жылля ў Венесуэле. «Белзамежбуд» падазравалі ў сувязях з арматурнай мафіяй, якая займалася кантрабандай жалеза. У 2012 годзе Шаўцоў выйшаў на волю, у Беларусі ў яго ёсць вялікі катэдж у Драздах і чатырохпакаёвая кватэра. Аднак, як удалося высветліць БРЦ, ён зʼехаў з Беларусі.

Поўную версію расследавання БРЦ чытайце тут.

Папярэдні матэрыял
BEROC: У Беларусі пачалося аднаўленне эканомікі, але заробкі могуць пайсці ўніз
Наступны матэрыял
Кіраўніцтва БЧ адправілася ў Маскву для ўзгаднення «сакрэтных перавозак»

Iншыя матэрыялы