На русском языке:
Тихановская про ядерное оружие: «От нас зависит будущее Беларуси и смогут ли тут жить наши дети»
Нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю аб падпісанні пагадненняў паміж Хрэніным і Шайгу, якія рэгламентуюць размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі, і звярнулася да беларусаў.
Прыводзім яе прамову без зменаў.
«Яшчэ два месяцы таму дыктатары заяўлялі толькі аб намеры размясціць у Беларусі расейскую ядзерную зброю – а ўжо сёння яны падпісалі аб гэтым дакументы.
Ядзерная зброя – ніякі не «парасон», які абароніць ад небяспекі. Гэта ў першую чаргу мішэнь, цэль для зваротнага ўдару. Гэта прамая пагроза здароўю і жыццю беларусаў. Беларусаў, якія супраць размяшчэння ядзернай зброі ў сваёй краіне. Але дыктатары ж не пыталіся ў іх меркавання.
Размяшчэнне ядзернай зброі ў нашай краіне ўзмоцніць і без таго вялізны кантроль Расіі над Беларуссю. Гэтую зброю складана будзе вывесці, яна можа стаць прадметам гандлю і агрэсіі з боку Расіі. Лукашэнка гэта разумее, але яму ўсё роўна, што будзе з нашай краінай у будучыні. Наступствы гэтага будуць гадамі разграбаць беларусы.
У 1990-х гадах мы з вамі зрабілі свой выбар, адмовіўшыся ад ядзернай зброі і вывеўшы яе з нашай краіны – без якіх-небудзь умоў. Таму што беларусы вывучылі ўрокі гісторыі і не жадаюць другога Чарнобыля на сваёй зямлі. Мы з вамі як ніхто ведаем цану міру і бяспекі. Ужо зараз мір і бяспека кожнага з нас пад пагрозай. Бо ядзерная зброя зноў можа вярнуцца ў Беларусь па волі дыктатара.
Але мы з вамі павінны зрабіць усё, каб сарваць планы Пуціна і Лукашэнкі па размяшчэнні ядзернай зброі з Беларусі. Нашая галоўная мэта – цалкам пазбавіць Беларусь расейскага ўплыву. Выйсці з АДКБ і Саюзнай дзяржавы – нам не патрэбны саюзы, якія разбураюць нашу краіну, супярэчаць нашым нацыянальным інтарэсам і ставяць пад пагрозу нашы жыцці. Беларусь павінна пазбавіцца такіх саюзаў і будаваць новыя, дзе цэняцца жыццё, свабода і правы кожнага чалавека. Мы павінны дабіцца вываду расійскіх войскаў і закрыцця іх ваенных абʼектаў на тэрыторыі сваёй краіны.
Мая каманда, Абʼяднаны Пераходны Кабінет і ўсе дэмакратычныя сілы працуюць з міжнароднымі арганізацыямі, нацыянальнымі ўрадамі, лідарамі вядучых краін свету над стратэгіяй дзеянняў.
Але нам не абысціся без вашай дапамогі і падтрымкі. Што кожны з вас можа зрабіць ужо зараз?
Беларусы ўнутры краіны – сачыце за навінамі ў незалежных СМІ. Распаўсюджвайце інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне і аб рызыках, звязаных з размяшчэннем ядзернай зброі. Далучайцеся да грамадскіх ініцыятыў і кампаній, але абавязкова – сочыце за ўласнай бяспекай.
Беларусы замежжа – распаўсюджвайце інфармацыю пра ядзерную зброю ў тых краінах, дзе вы зараз жывяце. Звяртайцеся ў медыя і расказвайце ім пра сітуацыю ў Беларусі. Размаўляйце з мясцовымі палітыкамі і пераконвайце іх, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі – гэта праблема для ўсёй Еўропы.
І самае галоўнае – не заставайцеся абыякавымі. Ад нашых дзеянняў залежыць, што будзе з Беларуссю і ці змогуць там жыць нашыя дзеці. Вырашаць, што рабіць з краінай павінен не дыктатар, а народ».