Учора Святлана Ціханоўская пачала працоўны візіт у Брусель, дзе сёння, 21 чэрвеня, пачынае працу міжнародная Канферэнцыя Каліноўскага, прысвечаная Беларусі з удзелам еўрадэпутатаў, кіраўнікоў Еўракамісіі, прэм’ераў Польшчы і Літвы, прадстаўнікоў КС, НАУ, БАЖ, «Вясны» і многіх іншых. Расказваем аб першых выніках візіту.
Ствараецца працоўная група па рашэнні візавых і міграцыйных пытанняў беларусаў
Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з еўракамісарам па ўнутраных справах Ільвой Ёхансан, з якой дамовіліся стварыць адмысловую працоўную групу па рашэнні візавых і міграцыйных пытанняў беларусаў, якая пачне працу ўжо на гэтым тыдні. Закрануты таксама пытанні, якія тычацца злоўжывання рэжымам магчымасцямі Інтэрпола. Святлана Ціханоўская асобна падкрэсліла, што важна ізаляваць рэжым, але дапамагчы людзям, якія змагаліся супраць гэтага рэжыму і зараз ратуюцца ад вайны і тэрору.
У парламенце Бельгіі створана група «Сяброў свабоднай Беларусі»
Таксама Ціханоўская сустрэлася з дэпутатамі парламента Бельгіі Мішэлем Дэ Мегдам, Жоржам Дальманам і Самюэлем Кагалаці, якія паведамілі аб стварэнні міжпартыйнай парламенцкай групы «Сяброў свабоднай Беларусі». Напрамкамі іх работы вызначаны:
– дапамога палітвязням;
– лабіраванне беларускай тэмы ў міжнародных арганізацыях і парламенцкіх саюзах;
– стажыроўкі для маладых беларусаў у бельгійскім парламенце;
— кансультацыі ў падрыхтоўцы законаў для новай Беларусі.
Прапісаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі
Разам з еўрадэпутатамі Андрусам Кубілюсам, Ганнай Фатыгай, Расай Юкнявічэне, Ційсам Ройтэнам і іншымі Святлана Ціханоўская абмеркавала маючыя адбыцца дэбаты ў Еўрасавеце па статусе кандыдатур для Малдовы, Грузіі і Украіны, якія пройдуць 23-24 ліпеня. Ціханоўская выказала жаданне, каб у фінальным дакуменце Рады ЕС таксама было згадана аб еўрапейскай перспектыве для Беларусі.