21 верасня ў Хельсінкскай камісіі Кангрэса ЗША прайшлі слуханні па Беларусі. Яны сталі працягам палітыкі ЗША па падтрымцы беларусаў услед за візітам Святланы Ціханоўскай, паведамляе яе тэлеграм-канал. Спікеры казалі пра павелічэнне фінансавання незалежных СМІ, падтрымку палітзняволеных, інфармацыйную бяспеку. Былі агучаныя рэкамендацыі, каб платформы Google і YouTube не выводзілі ў трэнды прапаганду рэжыму і маглі блакаваць рэжымныя каналы за мову варожасці і заклікі да гвалту.
З боку дэмакратычных сіл Беларусі выступілі сястра Марыі Калеснікавай, прадстаўнік Каардынацыйнай рады па пытаннях палітвязняў Таццяна Хоміч, аналітык iSANS Сяргей Харытонаў, а таксама прадстаўнік Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі.
Запіс слуханняў цалкам даступны на Youtube.
Прыводзім фрагмент выступу Сяргея Зікрацкага:
«Я назаву тры галоўныя крокі, якія можа зрабіць міжнародная супольнасць, каб дапамагчы аднавіць правасуддзе ў Беларусі:
- Лукашэнка і прадстаўнікі афіцыйных дзяржаўных органаў не могуць быць запрошаныя ў любым афіцыйным статусе на любыя мерапрыемствы. Сувязь з імі магчымая толькі для ўстанаўлення патэнцыйнага дыялогу.
- Трэба выкарыстоўваць міжнародныя прававыя механізмы для абароны правоў чалавека. У прыватнасці, можа быць выкарыстаны артыкул 30 Канвенцыі супраць катаванняў і артыкул 41 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- Неабходна сабраць інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, рэкордныя доказы злачынстваў рэжыму і запусціць расследаванні крымінальных злачынстваў па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі».
Тэкст выступу Сяргея Зікрацкага – тут.
Тэкст выступу Таццяны Хоміч – тут.
Тэзісы выступу Сяргея Харытонава – тут.
Падобныя слуханні ў Кангрэсе важныя, паколькі на іх выпрацоўваецца далейшая палітыка і дзеянні ЗША і іншых краін у дачыненні да Беларусі.