In English:
Mikola Statkevich: Belarusians have some kind of internal nobility
Гэта адбылося 31 траўня 2020 года, калі Мікола ехаў на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай на Камароўку, на наступны дзень ён быў асуджаны на 15 сутак, а ў снежні мінулага года — да 14 гадоў зняволення.
Нават за кратамі палітык захоўвае цвярозы розум і цікавіцца апошнімі навінамі, разважае пра палітыку, вайну ды лёс беларусаў. Выданне «Наша Ніва» сабрала цэлы спіс з яркіх цытатаў з яго апошніх лістоў да жонкі. У адным з іх, палітык паразважаў пра шляхетнасць беларусаў, якая асабліва праяўляецца ў тым, што мы не выбіваем сабе «дывідэнды» там, дзе людзі плоцяць сваім жыццём — на вайне.
«Цяпер заўсёдная кампанія шанавання ветэранаў, якія ў большасці на перадавой не былі. У сувязі з гэтым падумалася, якія адметныя людзі беларусы. Тваёй бабулі, якая пад бокам у нямецкага каменданта хавала сярод сваіх дзяцей яўрэйскую дзяўчынку, нават і да галавы не магло прыйсці патрабаваць «запісацца» у «праведнікі народаў свету». Як і маёй бабулі па бацьку — аформіцца ўдавой падпольшчыка. Хоць дзед Павел з маім бацькам (стары ды малы) на конях ездзілі па начах рэзаць нямецкія лініі сувязі. Стралялі ў іх. Ды і забілі дзеда Паўла так страшна: ва ўласнай хаце на вачах жонкі ды дачок. За сувязь з партызанамі.
Я не кажу пра самога бацьку, які, не падыходзячы па ўзросце, па вызваленні пайшоў добраахвотнікам у войска. Але на фронт не трапіў, бо накіравалі ў вайсковую вучэльню. А потым, калі пачаліся ўсе гэтыя ільготы, прынцыпова адмовіўся запісвацца ў ветэраны, хаця меў на гэта права. Бо ўсе яго сябры пасля мабілізацыі былі недавучанымі кінутыя на нямецкія кулямёты ў Прусіі, як «недабранадзейныя». Усе палеглі там.
Ёсць у беларусаў нейкая ўнутраная шляхетнасць, якая стрымлівае ад «выбівання» выгодаў там, дзе людзі плацілі жыццямі», — напісаў Мікола Статкевіч 5 траўня 2022 года.