Дзень горада Мінска ўжо 55 гадоў адзначаюць калі заўгодна, але толькі не ў правільны дзень

onliner.by
Эксклюзіў
3 хв.

На русском языке: День города Минска уже 55 лет отмечают когда угодно, но только не в правильный день

Сёння, у другую суботу верасня, у Беларусі адзначаюць афіцыйнае свята, якое чамусьці называюць Днём горада Мінску, хаця ў рэальнасці ў Мінска ёсць канкрэтная дата першай летапіснай згадкі3 сакавіка 1067 г. (бітва на рацэ Нямізе). Так, гісторыя Мінска пачалася з яго фактычнага, і не апошняга, знішчэння, калі Яраслававічы разрабавалі і спалілі горад.

Аднак дзень Мінска неабавязкова мусіць быць шумным святам, гэта цалкам можа быць дзень памяці, з павагай да яго шматвяковай гісторыі.

▪️ Дык чаму ж Дзень горада святкуюць у верасні?

Вельмі падобна на тое, што гэтую дату лукашысты выбралі нават не пад уплывам нейкай савецкай традыцыі, а расійскай. Справа ў тым, што ў 1997 годзе, тагачасны мэр Масквы Юры Лужкоў прапанаваў адзначаць дзень горада ў першую суботу верасня.

Аднак у тагачаснага старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Паўлава было іншае тлумачэнне, 13 верасня 2002 года ў газеце «Вячэрні Менск» на гэты конт з’явіўся ягоны зварот: «Упершыню Менск святкуе Дзень горада ў пару залатой восені […]. Верасень – час уборкі ўраджаю, і нашы пастаянныя надзейныя пастаўшчыкі – сяляне Беларусі, а таксама іх калегі з іншых краін – дэманструюць на мінскіх кірмашах, на прылаўках гарадскіх рынкаў і магазінаў найбагацейшы выбар тавараў зямлі. Ранняя восень – гэта час свят, прысвечаных Багародзіцы, а менавіта яна зʼяўляецца нябеснай заступніцай горада, і яе аблічча – на гербе Мінска. Таму дзень горада – гэта яшчэ і даніна павагі жаночаму, матчынаму, боскаму пачатку нашых знакаў».

Гэта значыць, калі вельмі коратка, паводле яго версіі, гэты дзень нібыта прывязаны да «дажынак» і Багародзіцы.

▪️ Ці адзначаўся Дзень горада раней? Так, і таксама не 3 сакавіка

Мабыць, першае святкаванне дня Мінска з прывязкай да «Аповесці мінулых гадоў» адбылося ў 1967 годзе – 900-годдзе Мінска. Але не 3 сакавіка, а 28 траўня 1967 гады. Праўда, гэта было свята з відавочна камуністычным акцэнтам.

З незвычайнага: на Кастрычніцкай плошчы размясцілі пад’ёмны кран, які «трымаў» блок са схематычна намаляваным генпланам будаўніцтва Мінска, а на стадыёне «Дынама» прайшлі конна-спартыўныя выступленні.

Таксама можна знайсці інфармацыю, што Дзень горада адзначалі:
— 24 мая 1986 года,
— 4-5 ліпеня 1987 года,
— У траўні 1992 года.

Як бачым, даты абсалютна рандомныя, як зрэшты і сёння, яшчэ смяшней тое, што ў 1986 годзе дату свята выбралі па парадзе метэаролагаў – проста было добрае надворʼе.

▪️ Але была яшчэ адна дата, у якой ёсць гістарычны кантэкст

6 лютага 1722 года – гэта першы вядомы дзень горада і звязаны ён з днём Святога пакутніка Феліцыяна, які лічыўся апекуном Мінска. І яго мошчы знаходзіліся ў катэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі.

«У 1722 годзе ў езуіцкім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі (што на плошчы Свабоды) на сродкі Завішы была пабудавана капліца, дзе захоўваліся часцінкі мошчаў. Таму касцёл меў іншую назву – святога Феліцыяна, а адна з суседніх вуліц называлі Феліцыянскай (зараз гэта Камсамольская). Таму 6 лютага, на дзень святога Феліцыяна, сталі ладзіцца дні гораду», – расказваў гісторык Сяргей Харэўскі.

У выніку, на сённяшні дзень маем, што дата Дня горада проста прыдумана, а сапраўдны Дзень Мінска мусіць быць 3 сакавіка.

Іншым варыянтам дня горада можа быць 14 сакавіка, таму што менавіта 14 сакавіка 1499 г. Мінск атрымаў Магдэбурскае права.

Папярэдні матэрыял
Затрыманыя 14 супрацоўнікаў «Белгазпрамбанка», аднаму чалавеку пры затрыманні зламалі плячо ці руку
Наступны матэрыял
Беларусам з візай D могуць адмовіць у продажы квітка на аўтобус у ЕС, калі ў вас віза «не той краіны»

Iншыя матэрыялы