На русском языке:
Фанаты «Легии» поддержали беларусских болельщиков, у которых охрана стадиона пыталась снять антирежимные баннеры и растяжки
Група фанатаў «Легіі» Nieznani Sprawcy апублікавала заяву пасля ўчорашняга матча паміж «Легіяй» і «Дынама-Мінск». Яны абурыліся паводзінамі аховы стадыёна, якая замінала беларусам паказваць сваю пазіцыю.
Варта адразу патлумачыць некалькі момантаў.
1. Фанаты «Легіі» сябруюць з фанатамі мінскага «Тарпеда». Пры гэтым адносіны фанатаў «Тарпеда» з фанатамі «Дынама» далёкія ад сяброўскіх, хутчэй наадварот (прынамсі да 2020 года). Адпаведна, і стаўленне «легіяністаў» да заўзятараў «Дынама» — не сяброўскае. Але ўчора яны падтрымалі беларусаў, бо ў фанатаў ёсць больш важныя каштоўнасці, чым толькі футбольныя адносіны.
2. УЕФА строга карае клубы за розныя рэчы, напрыклад, палітычныя банеры і крычалкі. Учора на матчы дыктар некалькі разоў прасіў фанатаў «Легіі» перастаць абражаць Лукашэнку. «Легія», хутчэй за ўсё, атрымае за гэта штраф, а яшчэ, верагодна, і за перфоманс беларускіх заўзятараў – бо «Дынама» адмовілася ад арганізацыі беларускага фан-сектара і гэта на сябе ўзяла «Легія».
Далей прыводзім заяву польскіх фанатаў цалкам:
«Тое, што адбылося ўчора на гасцявым сектары, — ганьба і скандал. Ахова, прысланая адказнымі з дэпартамента аховы, гвалтоўна забірала расцяжкі ў заўзятараў з Беларусі. Транспаранты, якія выказваюць сваю апазіцыю дыктатару і злачынцу, які разбурае іх грамадства, і тых, хто заклікае «спыніць крывавы рэжым». Гэта была іх апазіцыя дыктатару, чыя сістэма таксама пераследуе палякаў у сваёй краіне, змагаецца з польскасцю, зачыняе польскія школы і знішчае важныя для кожнага паляка мемарыяльныя месцы. Дыктатар, які на працягу многіх гадоў наўмысна і спланавана дасылае нам да мяжы тысячы непажаданых падарункаў.
Есць тэмы, якія павінны быць вышэй за падзелы — як, напрыклад, барацьба за такія фундаментальныя каштоўнасці, як свабода слова, якую выказваюць госці на стадыёне ў Польшчы, бо на радзіме за такія расцяжкі саджалі б у калонію. У клубе любяць прыўзнятыя размовы пра каштоўнасці па розных «маркетынгавых нагодах», але рэальнасць аказалася зусім іншай. Учора і на працягу ўсяго тыдня, які папярэднічаў матчу, з моманту візіта клуба ў МЗС (!), адбываліся дзіўныя рэчы.
Калі хтосьці ставіць страх пакарання з боку УЕФА вышэй за гэтыя каштоўнасці, яму варта сур’ёзна задумацца. Ёсць межы. Учорашнія паводзіны клуба — гэта трагедыя і ганьба».