На русском языке:
Генерал ВСУ Наев: «Руководство Беларуси ограничило военное сотрудничество с Россией после неудач на фронте». На самом деле это не так
Камандуючы Абʼяднанымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў у інтэрвʼю інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ» закрануў тэму супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з РФ. На пытанне, чаму ў цяперашні час практычна няма вылетаў расійскай авіяцыі з аэрадромаў УС РБ для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны. С. Наеў адказаў наступнае:
«Не лятаюць таму, што пасля няўдалага ўварвання арміі Расіі з тэрыторыі Беларусі, наступных няўдач на нашым усходзе і поўдні кіраўніцтва Беларусі абмежавала сваё супрацоўніцтва з Расіяй да пастаўкі ўзбраення, боепрыпасаў, а таксама прадастаўлення палігонаў для падрыхтоўкі мабілізаваных».
Зыходзячы з прыведзенага вышэй адказу ў беларускага і ўкраінскага грамадства можа скласціся ілжывае ўяўленне, што «абмежаванне супрацоўніцтва» з РФ адбылося выключна дзякуючы дзеянням рэжыму Лукашэнкі, і стала вынікам няўдач Расіі ў вайне з Украінай. Аднак такая пазіцыя памылковая і нават шкодная.
Сумесныя вучэнні войскаў РФ і РБ «Саюзная рашучасць-2022» за тыдзень да нападу на Украіну. / Фота: Мінабароны РБ / Ягор Ермаліцкі.
Варта нагадаць, што пасля адступлення УС РФ з Кіеўскай вобласці ўвесну 2022 года на тэрыторыю РБ расейскія вайскоўцы (у тым ліку і авіяцыя) практычна цалкам былі перакінутыя на ўсход Украіны для ўдзелу ў «бітве за Данбас». У гэтым няма ніякай заслугі Лукашэнкі – расейскіх вайскоўцаў адразу «папрасілі» з тэрыторыі Украіны, і іх знаходжанне на той момант у РБ стала бессэнсоўным.
Кажучы непасрэдна аб нанясенні ракетных удараў ПКС РФ з тэрыторыі РБ варта нагадаць, што аэрадромы УС РБ для гэтых мэт выкарыстоўваліся ў перыяд наступу УС РФ у Кіеўскай вобласці. У далейшым практыкавалася нанясенне ракетных удараў самалётамі ПКС РФ, якія залятаюць з тэрыторыі РФ у паветраную прастору РБ.
Вядома, што апошні раз ракетны ўдар па такім сцэнары быў нанесены 6 кастрычніка 2022 года. Малаверагодна, што расейскія самалёты перасталі «залятаць» у паветраную прастору РБ па просьбе Лукашэнкі – для РФ такія атакі проста перасталі мець ваеннае значэнне. І меркаванне рэжыму Лукашэнкі ў дадзеным выпадку камандаванне УС РФ не цікавіла.
МіГ-31К ПКС РФ (з «Кінжалам»)
Не варта таксама забываць, што дыверсія на аэрадроме «Мачулішчы» паказала ўразлівасць аэрадромаў УС РБ перад беларускімі партызанамі. Ваенныя РБ аказаліся няздольнымі справіцца з «дронавай пагрозай» наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі супрацьпаветранай абароны. У сувязі з гэтым выкарыстоўваць тэрыторыю РБ для ажыццяўлення якіх-небудзь удараў стала менш бяспечным, чым раней.
Пры гэтым у выпадку ўзнікнення такой неабходнасці авіяцыйная групоўка ПКС РФ, размешчаная зараз на тэрыторыі РБ, можа быць прыменена супраць Украіны. За дзеяннямі расійскай авіяцыі ў РБ можна назіраць на нашай анлайн-карце ваеннай актыўнасці.
Агулам падтрымка агрэсіі Расіі супраць Украіны рэжымам Лукашэнкі будуецца выключна зыходзячы з бягучых патрэб УС РФ. Трэба было наступаць РФ на Кіеў – калі ласка, вось вам плацдарм для наступу. Пачалася ў Расіі мабілізацыя, а месцы для навучання ўсім «мобікам» не хапіла калі ласка, вось вам палігоны і інструктары. Узнікла патрэбнасць у тэхніцы і боепрыпасах – калі ласка, склады і арсеналы ў вашым распараджэнні. Лукашэнка закрывае любыя патрэбы Крамля, якія ўзнікаюць.
Два ваенныя злачынцы. / Фота: ТАСС
Такім чынам, дзеянні рэжыму Лукашэнкі не маюць нічога агульнага з тым, страляюць ці УС РФ па ўкраінскіх гарадах з тэрыторыі РБ ці не.
І кіраўніцтва Украіны (як ваеннае, так і палітычнае) павінна ўспрымаць персону Лукашэнкі выключна як вайсковага злачынцу, які разам з Пуціным панясе адказнасць за свае злачынствы. А не як чалавека, які сваімі дзеяннямі імкнецца неяк дапамагчы Украіне.