Генпракурору Германіі падалі скаргу на беларускіх сілавікоў за злачынствы супраць чалавечнасці

Yauhen Yerchak/EPA
2 хв.

На русском языке: Генпрокурору Германии подали жалобу на беларусских силовиков за преступления против человечности

Еўрапейскі цэнтр канстытуцыйных правоў і правоў чалавека (ECCHR) сумесна з Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT) падаў скаргу Генеральнаму пракурору Германіі супраць шасці высокапастаўленых прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі за злачынствы супраць чалавечнасці.

У ёй утрымліваецца інфармацыя пра масавыя затрыманні, катаванні, знікненні, сэксуальны гвалт і палітычны пераслед пасля 9 жніўня 2020 года. Аўтары скаргі заяўляюць, што улічваючы, што гэта міжнародныя злачынствы, то ў Германіі за іх могуць завесці крымінальную справу па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Дырэктар праграмы па міжнародных злачынствах і адказнасці Андрэас Шулер сказаў, што цяпер чакаецца папярэдняе расследаванне з боку генеральнага пракурора ў дачыненні да вінаватых.
«Пацярпелыя павінны мець магчымасць рэалізаваць свае правы, і Германія павінна адыграць у гэтым вядучую ролю», — сказаў Шулер.

Па словах генеральнага сакратара OMCT Джэральда Стаброка, ёсць відавочныя доказы таго, што катаванні ўжываліся наўмысна і насілі шырока распаўсюджаны і сістэматычны характар, дасягаючы парога злачынства супраць чалавечнасці.

«Гэта пацвердзілі розныя міжнародныя расследаванні, у тым ліку Маскоўскі механізм АБСЕ. Нашы ўласныя справаздачы паказалі, што Беларусь не распачала ніякіх дзеянняў для пакарання за гэтыя злачынствы, вінаватыя ў якіх карыстаюцца 100% беспакаранасцю», — сказаў Джэральд Стаброк, генеральны сакратар OMCT.

Папярэдні матэрыял
МЗС маўчыць. Кіраўніцтва Курдыстана заклікае абараніць курдаў, якія знаходзяцца ў Беларусі
Наступны матэрыял
У Іран вярнулі траіх мігрантаў, аднаго з іх могуць пераследаваць у Іране за ўцёкі

Iншыя матэрыялы