Год таму тэхніка УС РБ зʼехала ў РФ «на мадэрнізацыю». Спіс дзіўным чынам супаў з тэхнікай, у якой мелі вострую патрэбу ўзброеныя сілы РФ

МА РБ
4 хв.

На русском языке: Год назад техника ВС РБ уехала в РФ на модернизацию. Список удивительно совпал с техникой, в которой остро нуждались ВС РФ

20 кастрычніка 2022 года начальнік упраўлення развіцця сістэм узбраення УС Сяргей Сахарук расказаў пра перааснашчэнне УС РБ на новыя ўзоры ўзбраення. Па словах чыноўніка, абнаўленне тэхнікі ідзе ў тым ліку за кошт яе мадэрнізацыі ў Расіі. Раней расійскую мадэрнізацыю праходзілі гаўбіцы 2С3 «Акацыя», танкі Т-72 і інш.

Таксама чыноўнік распавёў пра існуючыя дамоўленасці з расійскім бокам па мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі для УС РБ:

«Па задуме прадстаўнікоў ваеннага ведамства, мадэрнізацыя закране бранятанкавую тэхніку – танкі Т-72 і бронетранспарцёры, а таксама некаторыя ўзоры аўтамабільнай тэхнікі».

Менавіта гэтую тэхніку павінны былі нібыта адправіць на мадэрнізацыю ў Расію.

Тут важна нагадаць кантэкст зʼяўлення гэтай заявы. У пачатку кастрычніка 2022 года зʼявілася інфармацыя пра перадачу расійскім вайскоўцам рэжымам Лукашэнкі ваеннай тэхнікі, знятай з захоўвання. Вядома пра перадачу больш за 200 адзінак тэхнікі, сярод якой танкі Т-72А, баявыя машыны пяхоты БМП-2 і аўтамабілі «Урал». Спіс тэхнікі практычна ідэнтычны таму, пра які казаў чыноўнік МА РБ.

Заява пра мадэрнізацыю «Уралаў» у Расіі першапачаткова выглядала спробай прыкрыць перадачу ваеннай тэхнікі ВС РФ. На гэта ўказвалі наступныя факты:

  • Частка эшалонаў з тэхнікай зʼехалі на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Тут без каментароў.
  • Эканамічная немэтазгоднасць адпраўкі грузавікоў на мадэрнізацыю ў Расію. Іх рамонтам займаюцца самі вайскоўцы, а ў войскі актыўна перадаюцца новыя МАЗы. А вось расейскія вайскоўцы маюць дэфіцыт грузавых аўтамабіляў. Супадзенне?
  • У 2022 годзе чыноўнікі казалі пра хуткі запуск серыйнай мадэрнізацыі танкаў Т-72БМ2, якая будзе танней за расійскі Т-72Б3. Тады навошта адпраўляць танкі на мадэрнізацыю ў Расію?

Па стане на 4 снежня МА РБ так і не пахвалілася «мадэрнізаванымі» танкамі, БМП і «Ураламі». Мабыць, з «замыслам прадстаўнікоў ваеннага ведамства» нешта пайшло не так. За год з лішнім нешта ўжо сапраўды можна было мадэрнізаваць.

Апошняя акалічнасць толькі пацвярджае, што тэхніка зʼехала ў Расію не на мадэрнізацыю, а на вайну. І з высокай доляй верагоднасці ўжо часткова была ўтылізаваная.

Папярэдні матэрыял
Вучэнні УС РБ/РФ у Беларусі працягнутыя мінімум да 11 снежня
Наступны матэрыял
БМЗ працягвае прадаваць сваю сталь у ЗША, нягледзячы на амерыканскія санкцыі

Iншыя матэрыялы