Грамадзянін Германіі прыгавораны да пакарання смерцю ў Беларусі

Абноўлена
Абноўлена: 19 ліпеня 2024 16:53
5 хв.

На русском языке: Гражданин Германии приговорён к смертной казни в Беларуси

Паводле нашых звестак, у канцы чэрвеня грамадзянін Германіі Рыка Крыгер (Rico Krieger) быў прыгавораны да пакарання смерцю Мінскім абласным судом.

Грамадзянін Германіі прыгавораны да пакарання смерцю ў Беларусі

Рико Криегер

Мужчыну абвінавацілі па артыкулах: «незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі», «прывядзенне ў непрыдатнасць транспарту ці шляхоў зносін», «стварэнне ці ўдзел у «экстрэмісцкім» фармаванні», «агентурная дзейнасць», «наёмніцтва» і «акт тэрарызму».

Вядома, што ў Германіі ў мужчыны засталося непаўналетняе дзіця. Таксама адзначым, што на дадзены момант невядома, ці быў прысуд абскарджаны ці апратэставаны, і ці ўступіў ён у законную сілу.

Рыка Крыгеру 30 гадоў. Пасля школы ён адвучыўся ў каледжы на аўтамеханіка ў горадзе Штраусберг, скончыў у 2014-м, адзначае «Наша Ніва».

Пасля ён цягам трох гадоў працаваў спецыяльным супрацоўнікам службы бяспекі ў аддзяленні Дзяржаўнага дэпартамента ЗША ў Берліне. У 2017-м Крыгер уладкаваўся ў Дом састарэлых медыкам. У 2021-м перайшоў на працу ў нямецкі Чырвоны крыж як спецыяліст па экстраннай медыцыне.

Апошняя згадка пра яго ў інтэрнэце датуецца 2023 годам. Тады ён спрабаваў знайсці працу ў ЗША і рассылаў сваё рэзюмэ. Далейшы лёс Крыгер невядомы, як і дата затрымання. Асудзілі яго 21 чэрвеня 2024 года ў Мінскім абласным судзе.

UPD. Праваабаронцам стала вядома, што справа вайсковага лекара тычыцца палка Каліноўскага, а менавіта яго структурнага падраздзялення — замежнага механізаванага батальёна «Western».

Папярэдні матэрыял
У Ізраілі пры нападзе дрона загінуў беларус
Наступны матэрыял
МЗС Германіі пацвердзіла інфармацыю аб смяротным прыгаворы грамадзяніну ФРГ у Беларусі

Iншыя матэрыялы