На русском языке:
Информация о переброске российской авиации в Лиду пока не подтверждается
22 жніўня канал 116-й штурмавой авіяцыйнай базы (в/ч 19764) заявіў аб падрыхтоўцы аэрадрома «Ліда» да прыняцця авіяцыі ПКС РФ. Адзначалася, што «спецыялісты батальёна аэрадромнага і матэрыяльнага забеспячэння выконваюць комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы стаянак авіяцыйнай тэхнікі».
Паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», на 12:00 29 жніўня перакідкі авіяцыі ПКС РФ на аэрадром «Ліда» не фіксуецца. Таксама няма інфармацыі аб перакідцы на аэрадром тэхнічнага персанала і сродкаў наземнага абслугоўвання самалётаў (верталётаў).
У пачатку траўня 2024 г. мы пісалі аб планах па правядзенні рамонту ўзлётна-пасадачнай паласы (ВПП) на аэрадроме. Паводле звестак спадарожнікавых здымкаў ад 28 жніўня, рамонт ВПП на аэрадроме ў Лідзе не праводзіцца.
Заўважым, што падчас рамонту ВПП палёты самалётаў на аэрадроме не праводзяцца. А авіяцыйная тэхніка часова перабазуюцца на іншыя аэрадромы. Можна чакаць, што рамонтныя работы на аэрадроме «Ліда» будуць праводзіцца ў верасні-кастрычніку бягучага года.
Перакідка авіяцыі ПКС РФ на аэрадром «Ліда» да правядзення запланаванага рамонту ВПП выглядае нелагічнай.
Не выключана, што заява аб «перабазаванні» авіяцыі ПКС РФ у Ліду была часткай кампаніі па дэзінфармацыі. Так, некаторыя прапагандысцкія рэсурсы заяўляюць аб магчымасці прыбыцця ў Беларусь падраздзяленняў УС РФ (у тым ліку авіяцыі) у адказ «правакацыю» з боку Украіны. Тую самую «правакацыю», з-за якой у Гомельскую вобласць былі перакінутыя падраздзяленні УС РБ.
Па стане на 29 жніўня ў Беларусі (аэрадром «Баранавічы») пастаянна знаходзяцца толькі 4 расійскія знішчальнікі Су-30СМ.