На русском языке:
«Карина Патемкина будет бороться за отмену решения о депортации»: Валерий Ковалевский о деле Карины Патемкиной и общей ситуации с легализацией беларусов в Украине
Кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Ціханоўскай Валер Кавалеўскі паведаміў, што ў сувязі з рашэннем аб прымусовай высылцы з Украіны грамадзянкі Беларусі Карыны Пацемкінай, прадстаўніцтвам Офіса Святланы Ціханоўскай у Кіеве ўзнятая праблема аб агульнай сітуацыі з легалізацыяй беларусаў ва Украіне перад кіраўніцтвам Дзяржаўнай міграцыйнай службы, Міністэрства ўнутраных спраў ды Упаўнаважаным па правах чалавека Украіны. Адзначана неадэкватная інтэрпрэтацыя закона “Аб прававым статусе замежнікаў і асоб без грамадзянства” і зроблены заклік адмяніць несправядлівае рашэнне аб высылцы Карыны.
Штамп аб прымусовым выправаджэнні з краіны ў пашпарце Карыны Пацёмкінай.
Паведамляецца, што сумесна з беларускімі і ўкраінскімі праваабаронцамі будуць падрыхтаваныя прапановы да Вярхоўнай Рады аб зменах у заканадаўства Украіны, якія дазволяць абараніць правы беларусаў і выключыць падобныя сітуацыі ў будучым. Для бягучага этапа распрацоўваюцца алгарытмы па вырашэнні падобных сітуацый, якія можна будзе ўжываць індывідуальна.
«Сапраўды, гэта становіцца штодзённай навіной, што беларусы ва Украіне, у тым ліку тыя, хто займаецца валанцёрскай дзейнасцю, каб дапамагчы Украіне здабыць перамогу, становяцца аб’ектамі несправядлівага ўжывання закона. Я размаўляў з Карынай Пацемкінай. Яна настроена рашуча і будзе змагацца за адмену рашэння аб дэпартацыі. Таму любая падтрымка будзе неабходная.
Важная публічнасць такіх выпадкаў і падтрымка з боку грамадскасці і афіцыйных структур Украіны. Трэба заклікаць да спынення практыкі высылкі, магчыма, праз мараторый і аўтаматычны працяг дзеяння ВНЖ, тэрмін якіх скончыўся падчас вайны. Патрэбныя адпаведныя змены ў заканадаўстве праз Вярхоўную Раду.
Офіс Святланы Ціханоўскай працягне прыкладаць намаганні для таго, каб вырашаць міграцыйныя праблемы беларусаў за мяжой, у тым ліку, праз задзейнічанне структур Еўрапейскага Звязу», — кажа прадстаўнік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.