Кіраўнік МЗС Польшчы: «Нашай доўгатэрміновай мэтай зʼяўляецца дэмакратычная, свабодная і незалежная Беларусь»

МИД Польши
4 хв.

На русском языке: Глава МИД Польши: «Нашей долгосрочной целью является демократическая, свободная и независимая Беларусь»

Міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў, выступаючы ў сейме 13 красавіка, паведаміў, што Польшча прапаноўвала рэжыму ў Беларусі спыніць рэпрэсіі ў абмен на «прастору для палітычнага і эканамічнага манеўру», але перамовы не прынеслі вынікаў.

Раў адзначыў, што палітыка Польшчы зменіцца пасля дэмакратычных перамен у Беларусі, якія таксама дазволяць краіне ўдзельнічаць у ініцыятыве «Усходняе партнёрства».

«Таму Польшча падтрымлівае і будзе падтрымліваць беларускае незалежнае асяроддзе, у тым ліку СМІ, беларускіх уцекачоў, студэнтаў і прадпрымальнікаў», – заявіў Раў. І дадаў, што Польшча будзе дабівацца вызвалення палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута.

Паводле яго слоў, калі Мінск не вызваліць Пачобута, будзе працягваць рэпрэсіі супраць уласных грамадзян, правакаваць атакі мігрантаў на мяжы, то Польшча будзе дабівацца ў ЕС увядзення дадатковых санкцый, а таксама выкарыстоўваць «поўны комплекс рэпрэсій, якія знаходзяцца ў распараджэнні Польшчы».

«Няма сумневу, што месца беларусаў – у агульным еўрапейскім доме. Польшча будзе паслядоўна дамагацца еўрапейскай будучыні для беларусаў, даючы часовы прытулак усім, хто не можа адчуваць сябе ў бяспецы ў Беларусі за палітычныя перакананні», – сказаў Раў.

Папярэдні матэрыял
Адзін з самых прэстыжных універсітэтаў Вялікабрытаніі аб'яўляе набор на доктарскую праграму па тэме Беларусі
Наступны матэрыял
Проста цяпер ідзе фэйкавае рассыланне нібы ад BYPOL

Iншыя матэрыялы