На русском языке:
Китай опасается поставлять новые поезда в Беларусь из-за риска попадания под санкции США
Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі стала вядома, што Кітай адклаў пастаўку ў Беларусь 15 новых грузавых электравозаў БКГ2, якія мусілі быць пастаўленыя яшчэ ў канцы 2023 года. Новыя тэрміны паставак перанесены ўжо на 2025-26 гг.
Але ключавое – гэта прычына пераносу паставак. Чыгуначнікі атрымалі дакументы, якія сведчаць аб тым, што кітайскі вытворца цягнікоў «CRRC Datong Co., Ltd». баіцца траплення пад санкцыі ЗША і ЕС, у выпадку паставак гэтых электравозаў у Беларусь.
Справа ў тым, што амаль усё высокатэхналагічнае абсталяванне кітайскага электравоза БКГ2 зʼяўляецца імпартным. Прыклады:
- Цягавыя трансфарматары ад ABB (Швецыя, Швейцарыя)
- Электрарухавікі, пераўтваральнікі і блокі фільтраў ад Bombardier Inc. (Канада)
- Размеркавальныя прылады – Alstom (Францыя)
- Тармазное абсталяванне – Knorr-Bremse (Германія)
- Падшыпнікі – AB SKF (Швецыя) і Timken Company (ЗША).
Па дадзеных Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, у дадзены момант кітайцы разглядаюць два варыянты далейшых дзеянняў. Першы. Замяніць усе падсанкцыйныя камплектуючыя кітайскімі. Аднак яны самі прызнаюць, што гэта практычна нерэальна. І другі варыянт – «выдаліць сляды» выкарыстання ўсяго, што можа ставіцца да еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній. Гэта значыць схаваць у дакументах выкарыстанне імпартных камплектуючых у гэтых электравозах.
Чыгуначнікі лічаць, што калі ў бліжэйшыя некалькі гадоў новыя БКГ2 усё ж зʼявяцца ў Беларусі, то гэта на 100% будзе азначаць, што кітайская «CRRC Datong Co., Ltd». паставіць цягнікі ў абыход санкцый ЕС і ЗША, зноў жа таму, што замяніць усе імпартныя камплектуючыя ў гэтых цягніках – немагчыма.