Новае расследаванне BYPOL прысвечана аперацыі па зачыстцы ў Новай Баравой і Дзяржынску, якая праводзілася ў сакавіку гэтага года і называлася «Возмездие». Згодна са злітымі тэлефоннымі размовамі, сілавікі дзейнічалі па алгарытме: зладзіць ператрус з узломам; знайшоўшы бчб-сцяг, вывесіць яго на балкон, сфатаграфаваць і прыцягнуць уладальніка да адказнасці за ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве. Калі бчб-сцяг зайсці не атрымалася — скласці пратакол за непадпарадкаванне прадстаўніку ўлады — увогуле, любымі спосабамі «прагнаць праз ІЧУ». Паводле інфармацыі BYPOL, каардынаваў аперацыю начальнік 1-га аддзела 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК Аляксандр Алекса.
«Калі мы, дапусцім, знаходзім нейкую сімволіку — прыцягненне да адміністрацыйнай [адказнасці] . Калі няма, тады афармляем за непадпарадкаванне. Таму што каманда — праганяць іх праз ІЧУ».
У расследаванні прыводзіцца зліў размовы першага намесніка начальніка УУС Мінаблвыканкама Віталя Казлова з намеснікам начальніка УУС Мінскай вобласці Ігарам Качалавым, у якім Казлоў дае ўказанне спецыяльна вывешваць сцяг на балкон, каб прыцягваць людзей за пікетаванне:
«То бок, калі нешта не знаходзім, непадпарадкаванне, б*я, 23.34, б**дь… Усё — наперад. Яны выкідаюць, на**й-б**дь, сцяг знаходзяць, на балкон — сфатаграфавалі, на**й-б**дь вось вісеў, на**й-б**дь. Закідваем ды і ўсё», — кажа Казлоў.
Што тычыцца Качалава, то, паводле інфармацыі BYPOL, ён асабіста аддаваў загады праводзіць незаконныя ператрусы ў грамадзян па сфальсіфікаваных дакументах. І па яго ўказаннях, грамадзян незаконна праслухоўвалі ў камерах ІЧУ, а таксама прымушалі падпісваць супрацоўніцтва з сілавікамі.
Акрамя таго, у адным са злітых запісаў, ужо згаданы Качалаў скардзіцца, што ГУБАЗіК прысвоіў сабе вcю «працу» па зачыстцы Дзяржынска.
Нагадаем, у сакавіку гэтага года ў Новай Баравой былі заўважаны невядомыя ў цывільным з сякерай, кувалдай і бензарэзам. Былі ўзламаныя некалькі кватэр і праведзеныя затрыманні як мінімум трох чалавек.