У мабільнага аператара МТС, кантрольны пакет акцый якога належыць дзяржаўнаму прадпрыемству «Белтэлекам», змяніўся дырэктар. Новым кіраўніком «Мабільных ТэлеСістэм» стаў Андрэйчанка Уладзіслаў Уладзіміравіч.
Гаворка ідзе пра сына Уладзіміра Андрэйчанкі, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з 27 кастрычніка 2008 года.
Цікава, што 9 верасня ў Мінск прыляцела кіраўніцтва расійскага аператара МТС – мабыць, каб узгадніць прызначэнне.
На дадзены момант МТС з’яўляецца адзіным мабільным аператарам у Беларусі, кантрольны пакет акцый якога належыць дзяржаве. Але і прыватных мабільных аператараў – A1 і Life 🙂 – наўрад ці можна лічыць незалежнымі. Падчас масавых акцый пратэсту ў 2020 годзе ўсе аператары сінхронна адключалі мабільны інтэрнэт па распараджэнні ўнутраных органаў. Таксама заканадаўства абавязвае іх зліваць білінг званкоў, па якіх сілавыя ведамствы адсочваюць пратэстоўцаў і блакаваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў, якія трапілі ў спісы Мінінфарма.