МАК рэкамендаваў дапусціць беларускіх спартоўцаў пад нейтральным сцягам. Што гэта значыць?

ТАСС
Эксклюзіў
6 хв.

На русском языке: МОК рекомендовал допустить беларусских спортсменов под нейтральным флагом. Что это значит?

Учора кіраўнік Міжнароднага Алімпійскага Камітэта Томас Бах заявіў, што выканкам МАК рэкамендуе міжнародным федэрацыям дапусціць да ўдзелу ў спаборніцтвах беларусаў, якія не падтрымліваюць вайну ва Украіне. Пры гэтым беларусы могуць выступаць толькі пад нейтральным пашпартам і выключна ў індывідуальных спаборніцтвах. Тое ж тычыцца і расіян, але яны нас не цікавяць – далей гаворым толькі пра беларусаў.

МАК рэкамендаваў дапусціць беларускіх спартоўцаў пад нейтральным сцягам. Што гэта значыць?

Кіраўнік МАК Томас Бах / Фота: ТАСС

Якія забароны былі да гэтага?

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пры саўдзеле рэжыму Лукашэнкі МАК увёў санкцыі і т.зв. «ахоўныя меры». Санкцыі ўключалі забарону на правядзенне спаборніцтваў у Беларусі, а апошнія прадугледжвалі адхіленне ад спартыўных спаборніцтваў усіх беларусаў. У студзені 2023 года «ахоўныя меры» былі знятыя.

Большасць спартовых федэрацыяў адхілілі беларусаў. Сярод больш-менш істотных выключэнняў – УЕФА, якая адмовілася выключаць беларускія клубы і зборную са сваіх спаборніцтваў. Зрэшты, у еўракубках беларускія клубы гуляюць на нейтральных палях і вылятаюць у першых раўндах. А зборная не перамагае ўжо 15 (!) афіцыйных матчаў запар, прычым на Дзень Волі прайграла швейцарцам 0:5.

Чаго патрабавалі ўкраінцы?

27 сакавіка Украіна, Польшча і краіны Балтыі звярнуліся ў МАК і запатрабавалі дыскваліфікацыі ўсіх беларусаў:

«Мы глыбока ўпэўненыя, што зараз не час разглядаць магчымасць вяртання расійскіх і беларускіх спартсменаў на Алімпійскія гульні ў любой якасці».

Ці справядліва гэта? Не зусім. У 2020 годзе многія тытулаваныя беларускія спартоўцы выступілі супраць фальсіфікацыяў, гвалту і рэпрэсій. Рэжым Лукашэнкі жорстка адрэагаваў на гэта: кагосьці пасадзілі ў турму, каго пазбавілі фінансавання, каго вымусілі зʼехаць з краіны.

МАК рэкамендаваў дапусціць беларускіх спартоўцаў пад нейтральным сцягам. Што гэта значыць?

Алена Леўчанка, Артур Удрыс, Сцяпан Папоў, Кантанцін Якаўлеў, Надзея Астапчук і іншыя спартсмены на маршы ўвосень 2020 года. / Фота: Радыё Свабода

Практычна ўсе спартсмены былі рэпрэсаваныя. І, што значна горш, фактычна пазбаўлены карʼеры. Яны не змаглі прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа (2021) і Пекіне (2022). Напрыклад, чэмпіёнка свету-2019 па фрыстайле і патэнцыйная чэмпіёнка Алімпіяды-2022 Аляксандра Раманоўская выступіла супраць фальсіфікацыяў і рэпрэсій у 2020 годзе. З таго часу яна нідзе не выступала і шукае працу айцішніцай.

Больш за тое, сярод рэйкавых партызан, якія спынялі цягнікі з расійскай ваеннай тэхнікай, быў Уладзімір Аўрамцаў – былы змагар зборнай Беларусі чэмпіён Беларусі па грэплінгу (да 92 кг). Яго арыштавалі і цяжка паранілі падчас затрымання.

Аднак украінцы ставяць знак роўнасці паміж сумленнымі беларускімі атлетамі, якія выступаюць супраць вайны, і прарэжымнымі спартсменамі, якія цалкам падтрымліваюць расійскае ўварванне ва Украіну.

Што ў выніку вырашыў МАК?

Рэкамендацыя МАК такая: беларусаў трэба дапусціць пад нейтральным сцягам пры ўмове, што яны адкрыта заявілі пра сваю антываенную пазіцыю і не зʼяўляюцца супрацоўнікамі сілавых структур. Пад забарону патрапіла любая сімволіка Беларусі: сцяг, гімн, нават спалучэнне колераў, якое можа нагадваць беларускую атрыбутыку – форма можа быць выключна белай. Таксама забаронена акрэдытацыя любых беларускіх спартовых функцыянераў на спаборніцтвы.

То бок сутнасць такая: Беларусь як дзяржава выключаная са спаборніцтваў, а прымаць удзел у турнірах змогуць выключна індывідуальныя спартоўцы. Але толькі пры пэўных умовах. Аргументацыя Томаса Баха заключаецца ў тым, што МАК не можа і не хоча прымаць палітычныя патрабаванні. Забараняць пагалоўна ўсіх беларускіх спартоўцаў – гэта парушэнне правоў чалавека, лічыць Томас Бах.

«Кожны мае права не быць дыскрымінаваны з-за пашпарта», – заявіў функцыянер.

Нават калі раптам рэжым дазволіць сваім спартоўцам публічна заявіць нешта ў духу «вайна гэта дрэнна, я за мір», іншае патрабаванне ўсё роўна немагчыма выканаць. Практычна ўвесь дзяржаўны індывідуальны спорт фінансуецца з дапамогай сілавых структур: спартсмена прыпісваюць да памежных войскаў, МУС, КДБ і г.д. Гэтыя структуры плацяць ім заробак, які ідзе на трэніроўкі, зборы і ўдзел у спаборніцтвах. Напрыклад, Дарʼя Домрачава «служыла» ў КДБ, дзе атрымала званне старэйшага лейтэнанта. Пры гэтым спартсмены, вядома, не служаць па-сапраўднаму. Аднак у 2020-2021 гадах такая сувязь з войскам была скарыстана для рэпрэсій некаторых сумленных спартоўцаў, якія выказаліся супраць гвалту. Іх прызывалі на службу і адпраўлялі служыць ужо па-сапраўднаму.

МАК рэкамендаваў дапусціць беларускіх спартоўцаў пад нейтральным сцягам. Што гэта значыць?

Прарэжымная спартсменка Анастасія Мірончык-Іванава ў форме

Дарэчы, сувязь з войскам не такая ўжо рэдкая практыка. 90% расейскіх спартоўцаў таксама маюць падобную сувязь з сілавымі структурамі. Больш за тое, нават топавыя спартсмены Германіі (Нойнер і Дальмаер), Францыі (Фуркад) або Італіі (Вірэр) маюць аналагічныя кантракты з арміяй. Але розніца ўсё ж у тым, што войскі Германіі, Францыі і Італіі не нападалі на суседзяў і не катавалі сваіх грамадзян.

Такім чынам, толькі два патрабаванні МАК (адсутнасць сувязі з сілавікамі і антываенная пазіцыя) фактычна адсякаюць усіх прарэжымных прапагандыстаў ад спорту (напрыклад, Максіма Недасекаў, які выйграў бронзу ў Токіа-2021), якія падтрымліваюць вайну і рэпрэсіі ў Беларусі. Але пры гэтым МАК пакідае магчымасць сумленным беларускім спартоўцам выступіць на Алімпіядзе. Праўда, трэба разумець, што сумленныя спартсмены ў асноўным або завяршылі карʼеру, або не маюць грошай, каб трэніравацца і прайсці кваліфікацыю на Алімпіяду.

Аднак важны момант у тым, што гэтыя рэкамендацыі не датычацца Алімпіяд у 2024 і 2026. Па іх рашэнні будуць прыняты пазней.

Чаму нельга выступаць пад нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам?

Спорт заўсёды быў цесна злучаны з палітыкай. Мы цудоўна ведаем, як Лукашэнка любіць піярыцца на спорце.

Але палітычныя выказванні і жэсты на Алімпійскіх гульнях забаронены. Жэстам можа быць і сцяг. Напрыклад, ураджэнец Расіі Андрэй Фомачкін, які прысутнічаў у складзе беларускай дэлегацыі на адкрыцці Алімпіяды-2016, дастаў падчас шэсця забаронены тады расійскі сцяг. Яго дыскваліфікавалі і выключылі са складу дэлегацыі, але свайго палітычнага жэсту ён дабіўся. Пазней яму за гэта падарылі кватэру.

У МАК разумеюць, што не толькі забароненыя, але і любыя альтэрнатыўныя сцягі адчыняюць скрыню Пандоры: беларусы захочуць выступаць з бчб, каталонцы – з эстэладай, шатландцы, баскі, тэхасцы – са сваімі сцягамі. Ці нават якія-небудзь расейцы са сцягамі т.зв. «ДНР». Таму МАК дазваляе выкарыстоўваць або дзяржаўны сцяг, або нейтральны.

Некаторыя паблікі ўжо пішуць пра «забарону бчб», але сутнасць у тым, што яго ніколі і не дазвалялі, за выключэннем Алімпіяды 1994 года, калі сцяг быў дзяржаўным. Не дазвалялі, як і любыя альтэрнатыўныя сцягі, бо МАК імкнецца трымацца ўдалечыні ад палітыкі.

Пры гэтым на ўсялякі выпадак удакладнім, што вайна – гэта не «палітыка». Асуджаць вайну ці рэпрэсіі, патрабаваць іх спынення – не палітычная акцыя, а здаровы погляд на правы чалавека. А МАК заўсёды выступае ў падтрымку правоў чалавека.

Таму на бліжэйшых спартыўных спаборніцтвах, дзе будуць прытрымлівацца рэкамендацый МАК, ад Беларусі, хутчэй за ўсё, не выступіць наогул ніхто. Прарэжымныя спартсмены не пройдуць па крытэрыях МАК, а ў сумленных спартсменаў, хутчэй за ўсё, не знойдзецца сродкаў на трэніроўкі, праходжанне кваліфікацыі і ўдзел у турнірах.

Папярэдні матэрыял
Рэйсы з Багдаду ў Мінск вяртаюцца на пастаяннай аснове
Наступны матэрыял
У Карэліцкім і Навагрудскім раёнах пачаліся вучэнні тэрытарыяльнай абароны

Iншыя матэрыялы