На русском языке:
«Молитесь там! Поступил приказ сверху»: вчера силовики помешали верующим собраться на молитву около Красного костёла
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк моліцца на прыступках Чырвонага касцёла / Фота: Віктар Ведзень
Учора ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, настаяцель Чырвонага касцёла ў Мінску, моліцца на прыступках храма. «Хрысціянская візія» адзначае, што больш за 30 гадоў таму ксёндз Уладзіслаў таксама маліўся каля гэтага касцёла з просьбай вярнуць яго вернікам.
Міліцыя спрабуе затрымаць ксяндза Уладзіслава Завальнюка, які моліцца на прыступках Чырвонага касцёла / Фота: Віктар Ведзень
Яго спрабавалі затрымаць, а прыхаджанам забаранялі маліцца каля храма. Пра гэта распавёў у Facebook Віктар Ведзень, які і назіраў тое, што адбылося. Паводле яго слоў, учора ў раёне 17-й гадзіны, калі прыхаджане традыцыйна паспрабавалі сабрацца на малітву, з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, а потым і людзі ў цывільным, якія пачалі выштурхоўваць прыхаджан з прылеглай тэрыторыі Чырвонага касцёла.
Спрабавалі перашкодзіць і пробашчу касцёла Уладзіславу Завальнюку, які маліўся каля дзвярэй зачыненага храма.
«Людзей, якія падыходзілі да прыступак касцёла, таксама стараліся не пускаць далей. Астатнім ужо давялося разысціся паасобку вакол свайго храма, каб памаліцца аб яго скарэйшым вяртанні вернікам», – піша Віктар.
Паводле інфармацыі канала «Хрысціянская візія», ксяндза Завальнюка падчас малітвы спрабавалі затрымаць: «Да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі сілай адцягнуць яго з патрабаваннем: «Прайдземце!». Пасля просьбы ксяндза яго не чапаць міліцыянеры адышлі.
Канал пацвярджае, што перашкаджалі маліцца і вернікам. Міліцыянты патрабавалі, каб людзі разышліся, аргументуючы гэта «масавым мерапрыемствам» і казалі вернікам адысці на пл. Незалежнасці: «Маліцеся там!».
На пытанне, чаму нельга сабрацца на малітву каля храма, было сказана: «Паступіў загад зверху».