МАРГ прапанаваў штрафаваць крамы, у якіх не бяруць беларускія тавары

pixabay.com
2 хв.

На русском языке: МАРТ предложил штрафовать магазины, в которых не берут беларусские товары

Здаецца, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання занепакоенае непапулярнасцю беларускіх тавараў, бо прапануе штрафаваць крамы за нізкі працэнт іх рэалізацыі. Калі раней крамам дастаткова было мець палку з айчыннымі таварамі і чырвона-зялёным слоганам «Купляйце беларускае!», то зараз чыноўнікі абмяркоўваюць неабходнасць штрафаваць рытэйлераў, калі гэтыя тавары заляжаліся на паліцы.

Пакуль невядома, колькі айчынных тавараў трэба будзе прадаць, каб задаволіць МАРГ, але ўжо вядома, што санкцыя за невыкананне абавязацельства будзе складаць да 500 БВ (14 500 рублёў). Невыкананне асартыментных пералікаў таксама прапануецца караць штрафам ад 100 да 500 БВ (2 900 да 14 500 рублёў).

Прадугледжваецца, што гэтыя санкцыі не будуць распаўсюджвацца мікраарганізацыі, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі, а таксама на юрыдычных асоб, у якіх доля ў аб’ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў складае больш як 85 працэнтаў. Пералік харчовых тавараў і значэння паказчыкаў мінімальнай долі будзе вызначаць Саўмін.

Пакуль праект указа «Аб мерах па ўдасканаленні дзяржаўнага рэгулявання спажывецкага рынку» толькі вынесены на грамадскае абмеркаванне, але ў ім выдатна ўсё.

Акрамя ўжо пералічаных мер, МАРГ прапануе абмежаваць прыбытак магазінаў ад харчовых тавараў да 5 працэнтаў, за выключэннем магазінаў спажыўкааперацыі.

У абгрунтаванні чыноўнікі пішуць, што праект указа падрыхтаваны ў мэтах аказання падтрымкі айчынным вытворцам і стварэння ўмоў для забеспячэння нацыянальнай харчовай бяспекі.

Пры гэтым МАРГ прагназуе, што меры па прымусе крамаў да продажу беларускіх тавараў могуць выклікаць рост выдаткаў насельніцтва на ежу і сацыяльную напружанасць у грамадстве, але ўсё ж мяркуюць, што гульня каштуе свечак:

«Увядзенне абавязацельстваў па рэалізацыі харчовых тавараў айчыннай вытворчасці можа пацягнуць павышэнне выдаткаў фізічных асоб з прычыны больш высокага кошту асобных харчовых тавараў айчыннай вытворчасці ў параўнанні з імпартнымі (напрыклад, свежая гародніна ранняй вясной, кандытарскія вырабы, цукар) і, як следства, рост незадаволенасці грамадзян і сацыяльнай напружанасці».

Грамадскае абмеркаванне праекта ўказа будзе праходзіць з 29 кастрычніка па 8 лістапада 2021 года.

Нядаўна мы пісалі, што за апошнія 8 гадоў доля спажывання беларускіх харчовых тавараў знізілася ад 83,3% да 76,8%. А ўсяго з 2013 года беларусы сталі купляць на 12,2% менш беларускіх тавараў і больш аддаюць перавагу імпарту.

Папярэдні матэрыял
У Беларусі закрываюць офіс USAID
Наступны матэрыял
Фотафакт. Дыпламаты ўсклалі кветкі ў Курапатах

Iншыя матэрыялы