In English:
Mikalai Statkevich nominated for Nobel Peace Prize
На русском языке:
Николая Статкевича выдвинули на Нобелевскую премию мира
Стала вядома, што Міколу Статкевіча вылучылі на Нобелеўскую прэміі міру. Пра гэта паведамляе Reform са спасылкай на Яўгена Вільскага.
Мікола Статкевіч – адзін з самых вядомых беларускіх апазіцыянераў, які паслядоўна змагаецца за дэмакратычную будучыню Беларусі ўжо больш за 30 гадоў. Палітвязень ужо 4,5 гады знаходзіцца ў турме.
Яшчэ ў 90-х палкоўнік Мікола Статкевіч стварыў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. Мэтай арганізацыі было стварэнне беларускай арміі і абарона незалежнасці краіны. Арганізацыя брала ўдзел у распрацоўцы дакументаў, накіраваных на фармаванне беларускай арміі і правядзенне ваеннай рэформы ў Беларусі.
Адной з самых вядомых акцый, праведзеных арганізацыяй Статкевіча, стала прыняцце грамадзянскай прысягі на вернасць Беларусі 8 верасня 1992 года ў гадавіну Аршанскай бітвы.
Ужо з прыходам Лукашэнкі дзейнасць БЗВ была фактычна забароненая, а Мікола Статкевіч звольнены з вайсковай службы.
Пазней Статкевіч становіцца лідарам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), якая выступала арганізатарам дзясяткаў, калі не сотняў розных акцый канца 90-х пачатку 2000-х, у тым ліку пратэсты ў рамках «Мінскай вясны» і Марш свабоды 1999 года.
Мікола Статкевіч некалькі разоў балатаваўся ў якасці дэпутата Палаты Прадстаўнікоў, і быў кандыдатам на выбарах 2010 года, пасля якіх адбылася знакамітая Плошча-2010 і Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў турмы. Статкевіч цалкам адседзеў гэты тэрмін і не выйшаў па памілаванні, хаця яго спрабавалі да гэтага схіляць сілавікі.
Мікола Статкевіч тройчы быў прызнаны вязнем сумлення па дадзеных Amnesty International, у 2020 годзе ён быў адным з лідараў беларускага дэмакратычнага руху, якія атрымалі Прэмію Сахарава.
На момант прысуджэння гэтай прэміі Статкевіч ужо, у чарговы раз быў за кратамі. 14 снежня 2021 г. Статкевіча асудзілі на 14 гадоў турмы. З лютага 2023 года яго трымаюць без сувязі з роднымі і навакольным светам.