Выданне «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што на мінулым тыдні прайшоў шэраг затрыманняў супрацоўнікаў Акадэміі Навук.
Сярод іншага, выданню вядома, што былі затрыманыя трое навукоўцаў з Інстытута біяарганічнай хіміі навукова-прамысловага цэнтра «ХімфармСінтэз», пазней іх адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні. Таксама былі затрыманні ў Фізіка-тэхнічным інстытуце і Прэзідыуме НАН.
Паведамляецца, што ў супрацоўнікаў акадэмічных інстытутаў правяралі тэлефоны (праглядалі фотагалерэю і тэлеграм). Некаторым прапаноўвалі супрацоўніцтва з сілавікамі.
Прынамсі 5 ці 6 чалавек адправілі на суткі на Акрэсціна. Крыніцы выдання мяркуюць, што да навукоўцаў маглі прыйсці з-за тэлеграм-чата «Навукоўцы супраць гвалту».
Апроч вышэйсказанага, нам таксама вядома, што ў канцы кастрычніка КДБ прыходзіў у навуковыя інстытуты і БДУ. Былі затрыманні на Хімфаку БДУ і ў Інстытуце біяарганічнай хіміі.
Адзначым, што нашыя крыніцы таксама пацвярджаюць, што КДБ выклікаў на допыты тых навукоўцаў, хто быў у чаце «Навукоўцы супраць гвалту».
Больш за тое, гэта ўжо не першая хваля затрыманняў у інстытутах НАН РБ. Так паступала інфармацыя аб затрыманнях супрацоўнікаў на працоўных месцах яшчэ ў сярэдзіне верасня. Як мяркуецца, тады затрыманні таксама былі звязаныя з чатам.
In English:
Nasha Niva: the KGB arrested 44 employees of the Academy of Science
На русском языке:
«Наша Ніва»: КГБ задерживал 44 сотрудника Академии Наук