Наша Ніва
10 хв.

На русском языке: Нобелевского лауреата Алеся Беляцкого приговорили к 10 годам колонии

«Вясна» паведамляе, што г.зв. «суд» вынес прысуд праваабаронцам. Апроч Алеся Бяляцкага, якога асудзілі да 10 гадоў зняволення, яшчэ двое праваабаронцаў «Вясны» – Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч – асуджаныя да 9 і 7 гадоў калоніі. Яны больш за 1,5 гады знаходзяцца ў СІЗА. Іх абвінавачвалі ў кантрабандзе і «фінансаванні пратэстаў». Праваабаронца Дзмітрый Салаўёў, які зараз знаходзіцца ў бяспецы за мяжой, быў завочна асуджаны да 8 гадоў калоніі.

Таксама кожнаму прызначаны штраф па пяць тысяч базавых велічыняў (185 тысяч беларускіх рублёў ці 73 200 долараў). Прысуд яшчэ не набыў сілу, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.

Акрамя таго, суддзя Марына Запаснік пастанавіла спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капейкі якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай злачыннай групай». Улічваючы таксама штраф, агулам з праваабаронцаў хочуць спагнаць 1 270 438 рублёў і 62 капейкі. Гэта амаль 450 000$.

У чым абвінавачвалі праваабаронцаў?

Праваабаронцаў абвінавачвалі па ч. 4 арт. 228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Абвінавачанне сцвярджае, што з 4 красавіка 2016 года па 14 ліпеня 2021 года вясноўцы «абнаяўнівалі грошы, атрыманыя ад розных структур і фондаў», пасля чаго «забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных грошай у буйным памеры з тэрыторыі Літвы праз мытную мяжу ЕАЭС на агульную суму не менш за 201 тысячу еўра і 54 000 долараў шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання».

Таксама праваабаронцаў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта фінансавалі пратэсты «пад выглядам праваабарончай дзейнасці», аплачваючы штрафы, рахункі за харчаванне ў ізалятарах і працу адвакатаў.

Праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч сваю віну не прызналі. Алесь Бяляцкі выступіў на судзе:

«Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, – амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму што гэты артыкул – ч. 2 арт. 342 КК – не мянялася, яна была такой доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яе пачалі прымяняць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям. Таму трактаваць гэтую перапіску як нейкае злачынства – гэта проста антыгуманна.

У традыцыях беларускага народа – дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой дабрачыннай дапамогі адзін аднаму, – гэта антычалавечна. Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчымая, а пасля траўня – яе забаранілі».

Таксама адзначым, што суддзя Марына Запаснік не задаволіла ніводнае хадайніцтва праваабаронцаў (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадстаўленні часу для азнаямлення са справай і інш.).

Справа «Вясны» змяшчае 284 тамы. Гэта рэкорд сярод палітычных справаў у Беларусі. З гэтай справы мы даведаліся, што супрацоўнікі ГУБАЗіку пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі «Вясны» Уладзіміра Вялічкіна яшчэ ў верасні 2020. Таксама яны праслухоўвалі палітвязня Леаніда Судаленку на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА-3.

Алесь Бяляцкі

Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага прыгаварылі да 10 гадоў калоніі

Алесь Бяляцкі / «Вясна»

Алесь Бяляцкі – палітвязень, стваральнік праваабарончай арганізацыі «Вясна». У канцы 1980-х – пачатку 1990-х ён быў адным з лідараў нацыянальнага руху ў Беларусі, у 1991-1996 быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў. Пасля гэтага сканцэнтраваўся на праваабарончай дзейнасці.

У 2011-2014 ён быў за кратамі па сфабрыкаванай справе. У 2021 годзе зноў быў затрыманы і прызнаны палітычным вязнем. У 2022 годзе Алесь Бяляцкі разам з расейскім цэнтрам «Мемарыял» і ўкраінскай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў» атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. На ўручэнне прыехала ягоная жонка Наталля Пінчук.

Валянцін Стэфановіч

Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага прыгаварылі да 10 гадоў калоніі

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч / «Вясна»

Валянцін Стэфановіч – сябра Рады «Вясны», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). 27 кастрычніка 2022 года быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў турме з 14 ліпеня 2021 года, калі да яго прыйшлі з ператрусам.

Стэфановіч – адзін з самых вядомых экспертаў і аналітыкаў у сферы правоў чалавека, выступае за недыскрымінацыю і супраць смяротнага пакарання. Ён рэгулярна браў удзел у розных міжнародных канферэнцыях і паседжаннях, праваабарончых місіях і назіраннях за выбарамі ў краінах АБСЕ.

Уладзімір Лабковіч

Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага прыгаварылі да 10 гадоў калоніі

Праваабаронца «Вясны» Уладзімір Лабковіч / «Вясна»

Уладзімір Лабковіч – юрыст «Вясны», каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Уладзімір займаецца праваабарончай дзейнасцю ў «Вясне» ўжо 23 гады. Далучыўся да працы праваабарончага цэнтру ў 1998 годзе як валанцёр, пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2001-м стаў паўнавартасным сябрам «Вясны».

Ён быў затрыманы разам з жонкай Нінай 14 ліпеня 2021 года пасля ператрусу ў іх кватэры. За час зняволення ва Уладзіміра значна пагоршылася здароўе, паведамляе «Вясна». Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бессань. Таксама ў яго вельмі сапсаваўся зрок. Уладзіміра дома чакае дачка і двое хлопчыкаў-двайнят. Ён вельмі хвалюецца, што дзеці растуць без яго.

Дзмітрый Салаўёў

Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага прыгаварылі да 10 гадоў калоніі

Праваабаронца «Вясны» Дзмітрый Салаўёў / «Вясна»

Дзмітрый Салаўёў – праваабаронца і сябра Рады «Вясны». Ён быў затрыманы 1 сакавіка 2021. Да гэтага, 16 лютага 2021, да яго ўварваліся дадому супрацоўнікі АМАПа і ГУБАЗіКу, якія ўчынілі пагром (таксама мянуецца ператрусам) і скралі тэхніку (т.зв. «канфіскацыя»). Пры затрыманні і па дарозе ў ІЧУ яго збівалі.

Папярэдні матэрыял
ЗША ўвялі экспартныя абмежаванні супраць 37 кампаній, сярод іх ёсць і беларуская фірма
Наступны матэрыял
Дроны неаднаразова прыляталі ў Мачулішчы і садзіліся наўпрост на ДРЛА А-50У

Iншыя матэрыялы