На русском языке:
«Нет места нарушениям прав человека»: IKEA прокомментировала обвинения в сотрудничестве с беларусскими колониями
Учора нямецкае выданне Taz і французскае Disclose апублікавалі расследаванне аб дзейнасці шведскага рытэйлера IKEA у Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных, у тым ліку па палітычных матывах.
Паведамляецца, што IKEA працавала як мінімум з 10-цю такімі пастаўшчыкамі з Беларусі, сярод іх: магілёўская тэкстыльная кампанія «Магатэкс» (шыла для канцэрна абруса, шторы і ручнікі), холдынг Borwood і мэблевае прадпрыемства «Івацэвічдрэў».
«Каля паловы буйных беларускіх пастаўшчыкоў Ikea за апошнія дзесяць гадоў мелі сувязі з папраўчымі калоніямі», – гаварылася ў расследаванні.
У прыватнасці, сярод тавараў, пры вытворчасці якіх магла выкарыстоўвацца праца, у тым ліку палітвязняў, называюцца: кніжныя шафы Baggebo, камоды Kullen і ложкі Brimnes. А сярод калоній, дзе пастаўшчыкі закуплялі тавары/матэрыялы для IKEA фігуруюць: ВК №15, №5 і №2.
🗣Што на гэта адказалі ў IKEA?
Запыт на каментар даслала выданне Zerkalo.io. І ў кампаніі заявілі, што «ніколі не дапускаюць парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак».
«На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы дакладна заяўляем, што ў нашым бізнесе няма месца парушэнням правоў чалавека. […] Выкарыстоўваючы наш доўгатэрміновы падыход, мы імкнемся да ўстойлівых зменаў да лепшага, дзе б мы ні знаходзіліся. Мы сур’ёзна ставімся да сваёй адказнасці за ўкараненне працэсаў выяўлення і мінімізацыі рызык з дапамогай надзейных працэдур належнай абачлівасці, у тым ліку праверку іншымі аўдытарамі », – паведамілі ў прэс-службе кампаніі.
У IKEA таксама нагадалі, што ў чэрвені 2022 года кампанія прыняла рашэнне спыніць развіццё любога новага бізнесу з-за праблем з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальнай абстаноўкі.
«У чэрвені 2022 года IKEA прыняла рашэнне пакінуць краіну і скасаваць кантракты з нашымі пастаўшчыкамі. Прысутнічаючы ў Беларусі, мы праводзілі рэгулярныя праверкі ў спалучэнні з карціраваннем нашага ланцужка паставак, каб забяспечыць адпаведнасць нашым патрабаванням. Кожны раз, калі мы атрымліваем прыкметы неправамерных паводзін, мы сурʼёзна ставімся да іх, расследуем іх і прымаем меры. Мы заўсёды імкнемся адпавядаць нашым каштоўнасцям і чаканням удзельнікаў нашага ланцужка паставак», – сказалі ў кампаніі.