Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык

Весна
5 хв.

На русском языке: Политзаключённую Викторию Кульшу в зареченской колонии избивал и душил надзиратель

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супрацоўнікі калоніі збівалі жанчыну, а праз некалькі галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

«Вясна» распавядае, як на жанчыну ціснулі ў папраўчай калоніі, і ў якім цяпер стане знаходзіцца Вікторыя.

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык

Вікторыя Кульша / Фота: Вясна

Па інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.

Жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

У калоніі палітзняволеную праз некаторы час пасля этапу змясцілі ў іншы атрад і перавялі на іншую працу з невыноснымі ўмовамі. Але начальнік калоніі Дзмітрый Курловіч адмовіў жанчыне ў пераводзе адтуль. Акрамя гэтага, Курловіч не рэагаваў і на ейныя скаргі на наглядчыка, які здзекваўся з яе.

Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся: яна схуднела да 57 кілаграмаў, мае паніжаны гемаглабін і тахікардыю. Лечаць яе «фоліевай кіслатой». Таксама яе перавялі на два тыдні на спецыяльную «дыету», пры якой даюць больш ежы, але пасля гэтага кроў не правяраюць.

Цяпер жанчына чакае разгляду апеляцыйнай скаргі ў гомельскім СІЗА-3. Але пасля апеляцыі Кульшу зноў перавядуць у Зарэчча. Таму Вікторыя хвалюецца за сваё здароўе і жыццё.

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык

Зняволеныя жанчыны папраўчай калоніі № 24 / Фота: Вясна

Палітзняволеную інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію.

У чэрвені жанчыну асудзілі паводле арт. 411 КК і дадалі яшчэ адзін год у зняволенні. У новай папраўчай калоніі супраць яе зноў узбудзілі крымінальную справу паводле гэтага артыкула.

Папярэдні матэрыял
У калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч
Наступны матэрыял
«Быў адзін і больш не будзе»: Іран адмяніў прамыя рэйсы ў Мінск, якія абяцалі двойчы на тыдзень

Iншыя матэрыялы