Пазбавілі ліцэнзіі апошняга адваката Віктара Бабарыкі

babariko.vision
5 хв.

На русском языке: Лишили лицензии последнего адвоката Виктора Бабарико

Адваката Яўгена Пыльчанку, які абараняў Віктара Бабарыку, выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў і пазбавілі ліцэнзіі, пра гэта паведамляе «Радыё Свабода». Некалькі дзён таму такое ж рашэнне было прынята ў дачыненні да адваката Наталлі Мацкевіч.

Паведамляецца, што прычынай выключэння сталі «сістэматычныя парушэнні заканадаўства аб адвакатуры». 19 кастрычніка загадам міністра юстыцыі ў дачыненні да Яўгена Пыльчанкі быў ўзбуджаны дысцыплінарны працэс і ён быў адхілены ад працы. Сам Пыльчанка сказаў журналістам, што ў дысцыплінарнай камісіі калегіі было да яго дзве прэтэнзіі.

«Першая — нібыта я выказваў рэплікі, заўвагі падчас суда над Віктарам Бабарыкам. І ў судовых спрэчках даў адзнаку выступам іншых адвакатаў. Гэта значыць, за тое ж самае, за што выключылі Дзмітрыя Лаеўскага.

А па-другое, я адначасова абараняў Віктара Бабарыку і Святлану Купрэеву, сяброўку яго сям’і. І нібыта ў іх быў канфлікт інтарэсаў. Насамрэч, пра канфлікт інтарэсаў я ніколі не ведаў і няма ніводнага дакумента, які б пра гэта казаў. КДБ даслаў ліст, што ёсць канфлікт інтарэсаў — без аргументаў і дакументаў. І дысцыплінарная камісія, натуральна, паверыла КДБ, а не мне, І вырашыла, што я парушыў прафесійную этыку», — сказаў Пыльчанка.

Яўген Пыльчанка працуе адвакатам з 2012 года, з 2018 года працуе ў адвакацкім бюро «Лаеўскі і партнёры». Ён абараняў экс-банкіра Віктара Бабарыку, Святлану Купрэеву і свайго калегу, адваката Максіма Знака.

Гэта ўжо чацвёрты і апошні абаронца Бабарыкі, якога пазбаўляюць ліцэнзіі. Максім Знак асуджаны на 10 гадоў, Ілля Салей пакінуў Беларусь, Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі больш за год таму, Дзмітрыя Лаеўскага ў ліпені 2021 года, Наталлю Мацкевіч адхілілі ад працы 13 кастрычніка, а 25 кастрычніка выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Папярэдні матэрыял
Святлана Ціханоўская аб'явіла 27 лістапада Днём міжнароднай салідарнасці з Беларуссю
Наступны матэрыял
У Беларусі ўвялі забарону на вываз кіслароду

Iншыя матэрыялы