На русском языке:
Прямой рейс Тегеран-Минск запустят через неделю?
23 лютага Мінтранс, пасля сустрэчы міністра транспарту РБ Аляксея Аўраменкі з намеснікам міністра прамысловасці, шахт і гандлю Ірана Сеедам Махамадам Мусаві, паведаміў, што з Тэгерана ў Мінск будуць запушчаныя прамыя рэгулярныя авіязносіны на рэйсах іранскай авіякампаніі Mahan Air.
Тады ж Аўраменка паведамляў, што да падпісання ўжо гатовы дакумент, які ўстанаўлівае бездазвольны парадак ажыццяўлення міжнародных аўтаперавозак грузаў, што дазволіць лагістычным кампаніям больш шырока выкарыстоўваць патэнцыял аўтатранспарту ў зносінах Беларусь – Іран.
Аляксей Аўраменка і Сейед Махамад Мусаві / Мінтранс
13 сакавіка Аўраменка заявіў, што ўжо з 26 сакавіка 2023 г. Мінск і Тэгеран аднаўляюць прамыя авіязносіны, іранская авіякампанія Mahan Air будзе выконваць рэйсы двойчы на тыдзень.
Аднак 26 сакавіка самалёты Mahan Air у Менск так і не паляцелі.
Больш за тое, у пачатку красавіка крыніцы паведамлялі, што ў даведачнай службе іранскай авіякампаніі заяўлялі, што яны ўвогуле не ў курсе, што павінны былі пачаць лятаць у Беларусь і называлі тых, хто распаўсюджвае такую інфармацыю – «ашуканцамі».
«Тэлефанавалі ў Mahan Air даведацца пра рэйс у Беларусь і адказ быў вельмі пацешным: у Беларусь не лятаем, ніякіх распараджэнняў наконт гэтага нам не паступала, тыя хто распаўсюджваюць такую інфармацыю і прадаюць квіткі – ашуканцы», – паведамлялі крыніцы.
Тым не менш сёння, 11 красавіка, рэдакцыя звярнула ўвагу, што на сайце Mahan Air усё ж зʼявіліся ў продажы білеты на першы рэйс авіякампаніі ў Беларусь.
Рэйс у Мінск з Тэгерана на 18 красавіка. / mahan.aero
На дадзены момант рэйс запланаваны на 18 красавіка на самалёце Airbus A310-300. З Тэгерана вылет стаіць на 4:45, у Мінск прылятае ў 9:15, а назад ляціць ужо ў 10:30. Білеты прадаюцца па кошце ад 116.597.000 іранскіх рэалаў, у пераліку гэта касмічныя, € 2758, але рэальны курс складае 390000 рыялаў за 1 даляр, гэта значыць квіткі абыдуцца ў прыкладна $ 300.
Тым не менш самалёт можа і не прыляцець 18 красавіка, як ужо зусім нядаўна было з рэйсам іракскай авіякампаніі Iraqi Airways. У раскладзе на сайце Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» іх рэйс стаяў на 29 сакавіка ў 23:00, але пасля ён знік з раскладу і не прыляцеў зусім.