In English:
Prigozhin is in Belarus, PMC Wagner is not, but the construction work near Asipovichy is underway: Conclusions of the Belarusian Hajun about the events of recent days
На русском языке:
Пригожин в Беларуси, ЧВК «Вагнер» — нет, но работы под Осиповичами идут: Выводы «Беларускі Гаюн» о событиях последних дней
За апошнія некалькі дзён мы атрымалі вялікую колькасць інфармацыі, звязанай з ПВК «Вагнер», Яўгенам Прыгожыным і Беларуссю. Розныя, часам узаемавыключальныя, дадзеныя публікаваліся ў СМІ, праваенных каналах і паведамляліся людзьмі.
На 29 чэрвеня 09:00 «Беларускі Гаюн» лічыць, што частка інфармацыі і заяў, якія тыражаваліся ў розных крыніцах, з’яўляецца спланаванай кампаніяй па дэзінфармацыі, але была сярод іх і праўда.
Усё сказанае ў публікацыі актуальна на 29.06 9:00.
Прыгожын быў у Беларусі?
Мы лічым, што Яўген Прыгожын знаходзіўся ў Беларусі 27 чэрвеня. Інфармацыі пра мэты яго візіту, а таксама аб магчымай наступнай дзейнасці, цяпер няма. Як і няма інфармацыі, ці паляцеў ён учора ўвечары на сваім бізнэс-джэце ў Маскву, ці застаўся ў Мінску.
Найміты ПВК «Вагнер» прыбылі ў Беларусь?
Падраздзяленні ПВК «Вагнер» у цяперашні час яшчэ не прыбылі ў Беларусь. Гэта не адмяняе таго факта, што перакідванне наймітаў можа прайсці ўжо ў бліжэйшы час. Як і ў выпадку з Прыгожыным, адкрытым застаецца пытанне, чым найміты будуць займацца ў Беларусі. І гэты момант моцна залежыць ад таго, з якой маёмасцю (зброяй) яны прыедуць у Беларусь.
«Вагнер» будзе рыхтаваць атаку з тэрыторыі Беларусі ў бліжэйшы час?
Прымаючы да ўвагі верагодную перадачу ад ПВК да Мінабароны Расіі цяжкага ўзбраення, у бліжэйшы час не варта чакаць правядзення ваеннай аперацыі сіламі ПВК з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны.
ПВК «Вагнер» увойдуць у склад УС РБ?
Фарміраванне ў складзе ВС РБ падраздзялення(-ў), якія складаюцца з наймітаў ПВК «Вагнер», выглядае малаверагодным, бо МА РБ не мае фінансавых рэсурсаў выплачваць вялікай колькасці наймітаў заработную плату, якую яны атрымлівалі за ўдзел у вайне супраць Украіны. Адзначым, што Пуцін называў лічбу ў 276 млрд расійскіх рублёў фінансавання ПВК «Вагнер» за год – гэта больш за 8,5 млрд долараў.
Ці могуць яны трэніраваць вайскоўцаў у РБ?
Трэніроўка беларускіх вайскоўцаў (пра што казаў Лукашэнка) магчымая, аднак гэтая задача кароткачасовая. Курс падрыхтоўкі (перападрыхтоўкі) і перадача баявога досведу не можа доўжыцца вечна. Чым найміты будуць займацца пасля выканання гэтай задачы – пытанне адкрытае.
У Беларусі абсталююць новы палявы лагер?
Сукупнасць фактараў сведчыць, што гэта сапраўды так. У дадзены момант вядуцца працы на тэрыторыі былой ВЧ №61732 у в. Цэль (Асіповіцкі р-н, Магілёўская вобл.), дзе раней дыслакавалася 465-я ракетная брыгада УС РБ.
Што менавіта там адбываецца?
У апошнія дні паступіла вялікая колькасць інфармацыі пра тое, што туды звозяцца працоўныя з розных раёнаў краіны са сваёй будаўнічай тэхнікай. Па розных дадзеных, працы пачаліся ў нядзелю (25/06) або ў панядзелак (26/06).
Хочам адзначыць, што гэтыя дадзеныя яшчэ правяраюцца і не зʼяўляюцца цалкам верыфікаванымі, тым не менш прывядзем тое, што кажуць пра тое, што адбываецца там:
- «Будуюць нары і прыбіральні»,
- «паклалі новы асфальт»,
- «праводзяць ЛЭП»,
- «ідзе збудаванне двухузроўневых нараў з дрэва»,
- «ідзе генеральная ўборка тэрыторыі»,
- «збіраюць крамы і сталы»,
- «усталёўваюць намёты».
Ці ёсць нейкія пацверджанні, акрамя слоў?
Так. На спадарожнікавых здымках прысутнічаюць змены. У параўнанні здымкаў 9 і 27 чэрвеня можна заўважыць змены мінімум у 6 абласцях на тэрыторыі былой ВЧ.
Змены на тэрыторыі былой ВЧ 61732 в. Цэль (Асіповіцкі рн) 9 і 27 чэрвеня / Беларускі Гаюн
Як мінімум, дакладна праходзіць уборка тэрыторыі, а паміж казармамі, дзе раней быў пясок, зараз яго няма. У паўночнай частцы бачныя і прыкметы работ.
Больш дэталізаваныя здымкі за 27.06 апублікавала «Радыё Свабода». Тут бачна, што ў адной толькі паўночнай частцы ВЧ змены ёсць у 5-і абласцях і прысутнічаюць шматлікія паўтаральныя абʼекты. Гэта могуць быць як намёты, так і тэхніка.
Былая ВЧ каля в. Цэль 27 і 17 чэрвеня. / Радыё Свабода
Калі ж супаставіць фота з дадзенымі, што ўсталёўваюць намёты, то бачна, што, напэўна, ідзе абсталяванне буйнага намётавага лагера. У такім выпадку, толькі ў самай буйной вобласці можна заўважыць мін. 6,5 шэрагаў па +-20 аб’ектаў = 130. Калі гэта буйныя намёты, то ў адной можа быць да 50-і чалавек, то бок на 130 намётаў да 6500 чалавек.
Шэрагі аб'ектаў каля в. Цэль, 27.06
Там будзе размяшчацца ПВК «Вагнер»?
Пакуль невядома, хто менавіта будзе там размяшчацца, і ці будзе ўвогуле. Самі працы і бягучыя спадарожнікавыя здымкі не сведчаць аб тым, што там будзе дыслакавацца ПВК «Вагнер». Гэтак жа, як аб гэтым не сведчаць і якія распаўсюджваюцца звесткі аб нібы тэрміновых замовах на вытворчасць мэблі і абсталяванні для вайскоўцаў.
Дзякуючы інфармацыі ад беларусаў у бліжэйшай будучыні мы дакладна даведаемся, ці будзе там нехта размяшчацца і хто менавіта.
Падкрэслім, што бягучы стан інфраструктуры ваеннага гарадка каля в. Цэль запатрабуе дастатковага часу на прывядзенне яго ў прыдатнае для выкарыстання стан. Так, хто-небудзь можа жыць у намётах, але рамонт казармаў зойме сапраўды не два дні.
Гэта адзіны лагер, які зараз абсталююць у Беларусі?
Наўпрост зараз гэта адзінае месца, дзе пацверджана правядзенне работ.
Работы на тэрыторыі былой ВЧ каля в. Цэль / Радыё Свабода
Нам также поступала неподтверждённая информация, что полевые лагеря могут появиться в Гродненской, Минской и Витебской областях. Повторим, пока эта информация не подтверждена.
Нам таксама паступала непацверджаная інфармацыя, што палявыя лагеры могуць зʼявіцца ў Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях. Паўторым, пакуль гэтая інфармацыя не пацверджана.
Нагадваем, што можа дапамагчы любая інфармацыя. Нават калі вам нешта здаецца не важным, усё роўна перадавайце дадзеныя праз вашых сяброў за мяжой у @HajunBYbot ці праз форму для сувязі на сайце. Дзякуй кожнаму/кожнай.
Нашая маніторынгавая група падрыхтавала закрытую даведку па падзеях апошніх дзён, якая даступна нашым калегам і партнёрам.
Перадаць інфармацыю ананімна
Максімальна падрабязна апішыце, што вам вядома. Калі ёсць фота/відэа, то заліце ў telegra.ph і дадайце спасылку або дасылайце ў наш бот у Тэлеграм