«У нас няма яшчэ аднаго года». Святлана Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце

Фото: European Union 2021
13 хв.

In English: «We don’t have another year». Sviatlana Tsikhanouskaya addressed European Parliament
На русском языке: «У нас нет еще одного года». Светлана Тихановская выступила в Европарламенте

Сёння Святлана Ціханоўская, як прадстаўнік Беларусі, выступіла на пленарным паседжанні Еўрапарламента з 30-хвіліннай прамовай. У ёй яна звярнулася да еўрапейскіх палітыкаў і расказала, якім быў 2021 год для ўсяго беларускага народа, задала прадстаўнікам ЕС важныя для беларусаў пытанні.

Рэдакцыя motolko.help публікуе прамову Святланы Ціханоўскай цалкам.

Спадар Прэзідэнт,

Паважаныя члены Еўрапейскага парламента,

Сёння ў Беларусі палітычных зняволеных больш, чым прысутных членаў палаты. 882 з маіх суайчыннікаў былі прызнаныя пазбаўленымі волі за ажыццяўленне базавых палітычных правоў, якія жыхары іншых краін Еўропы прымаюць як належнае. Калі б мы запрасілі ўсіх беларусаў, якія былі неабгрунтавана пазбаўленыя волі за адзенне ці шкарпэткі не тых колераў, ім не хапіла б месца нават у чатырох такіх залах.

Я звяртаюся сёння да вас ад іх імя і ад імя іншых беларусаў, якія вераць у свабоды, што адстойваюцца ЕС. Сярод іх — мой муж, Сяргей Ціханоўскі, і мая сяброўка, Марыя Калеснікава. Сярод іх і Алесь Бяляцкі. Усяго год таму ён быў з намі на паседжанні Еўрапейскага парламента, калі атрымліваў прэмію «За свабоду думкі» імя Сахарава. Праз паўгода пасля вяртання дадому Алесь быў арыштаваны за дзейнасць у межах Праваабарончага цэнтру «Вясна». Справа Алеся пацвярджае, што беларускі крызіс значна бліжэй да ўсіх нас, чым можа падацца. Зусім нядаўна Алесь быў тут і прымаў віншаванні. Цяпер ён за кратамі. Беларусы больш не могуць адчуваць сябе ў бяспецы ні ў сваёй краіне, ні за мяжой. Але ў бяспецы сябе не могуць адчуваць і іншыя жыхары Еўропы.

Як мы ўжо пераканаліся, беларускі рэжым прадэманстраваў, што гатовы красці людзей на міжнародных авіярэйсах, злоўжываць сваімі правамі як члена міжнародных агенцтваў і міжнародных пагадненняў, каб караць нязгодных. Выкарыстоўваць як зброю мігрантаў, наўмысна падрываючы стабільнасць і бяспеку Еўропы.

Сутыкнуўшыся з такім выклікам, можна спыніцца, стаць паралізаваным ад страху, а можна ўзяць лёс у свае рукі і пераламаць ход еўрапейскай гісторыі на сваю карысць.

Калі ў снежні мінулага года я звярталася да Еўрапейскага парламента, я расказвала пра падзеі 2020 года. Тады я казала: «У гэтым годзе свет убачыў абуджэнне Беларусі». У 2021 годзе свет убачыў, як актыўна Беларусь супраціўляецца рэжыму, які стаў яшчэ больш агрэсіўным. Але ці ўбачыў свет Еўропу, якая стаіць плячо ў плячо з намі, адстойваючы нашы агульныя каштоўнасці, нашу агульную свабоду і годнасць?

Мы пераканаліся, што Еўропа можа не толькі казаць, але і дзейнічаць. Беларусы ўбачылі адважных еўрапейскіх дыпламатаў, як ДыркШубель, якія былі гатовы рызыкаваць дзеля сваіх каштоўнасцей і прынцыпаў. Беларусаў прыемна здзівілі беспрэцэдэнтныя меры, прынятыя Еўрапейскай камісіяй, якая аб’явіла аб Усеабдымным плане ЕС для Беларусі. Беларусы былі ўдзячныя Еўрапейскаму парламенту за прэмію імя Сахарава і галасы ў падтрымку палітычных зняволеных. Аднак у 2021 годзе беларусы перажылі і шмат чаго іншага. І я б хацела коратка расказаць, якім быў гэты год для маіх суайчыннікаў.

Пра тое, як прайшоў год

У студзені беларуская міліцыя пачала арыштоўваць людзей, урываючыся проста да іх дадому.

У лютым дзве маладыя журналісткі, Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева, былі прыгавораныя да двух гадоў пазбаўлення волі за рэпартаж аб мітынгу пратэсту, які адбыўся пасля гібелі Рамана Бандарэнкі, збітага да смерці супрацоўнікамі сілавых службаў. У той жа час ад Еўропы мы чулі, у большасці, ветлівыя заклікі выконваць свабоду слова ў Беларусі, а аналітыкі выказвалі меркаванне, што палітычны крызіс завершаны.

У сакавіку сотні людзей былі затрыманыя толькі за тое, што ў Дзень незалежнасці Беларусі выйшлі з дому — настолькі баіцца рэжым новай актыўнасці на вуліцах. Тым часам у Еўропе многія сцвярджалі, што сітуацыя, здаецца, «стабілізавалася», бо не бачылі новых карцінак масавага пратэсту. І гэта пры тым, што 800 000 беларусаў прагаласавалі за перамовы на анлайн-платформе «Голас».

У красавіку міністр замежных спраў, які прадстаўляе рэжым, паабяцаў «знішчыць грамадзянскую супольнасць». Людзей у турмах труцілі хлоркай. Тым часам цікавасць еўрапейскіх СМІ да Беларусі імкліва падала.

Май стаў крытычнай кропкай. Быў знішчаны найбуйнейшы незалежны навінавы сайт TUT.BY, а яго супрацоўнікі — узятыя пад варту. Актывіст дэмакратычнага руху Вітольд Ашурак памёр у турме па нявысветленых прычынах. 17-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, не выносячы бясконцых допытаў супрацоўнікамі міліцыі, скончыў жыццё самагубствам.

Нарэшце, дзеля выкрадання блогера Рамана Пратасевіча дзяржава арганізавала незаконны захоп самалёта Ryanair. І толькі пасля гэтага Еўропа прыняла першыя сур’ёзныя захады супраць рэжыму. Праз дзевяць месяцаў пасля таго, як у Беларусі ўзнікла катастрафічная сітуацыя з правамі чалавека.

Я ўдзячная ЕС за цвёрды адказ на абуральную выхадку рэжыму, які пасадзіў еўрапейскі самалёт. У той момант Еўрасаюзам можна было па праве ганарыцца. І ўсё ж, ці быў бы адказ такім жа жорсткім, калі б на борце Ryanair не было грамадзян ЕС? Ці толькі грамадзяне ЕС могуць спадзявацца на абарону дэмакратыі і правоў чалавека?

У чэрвені палітычны зняволены Сцяпан Латыпаў здзейсніў спробу самагубства падчас суда, бо рэжым пагражаў катаваннямі яго бацьку, калі Сцяпан не прызнае сябе вінаватым. Тым часам палітыкі Еўропы турбаваліся пра тое, што ад санкцыяў могуць пацярпець простыя беларусы – нібыта беларусы ўжо не цярпелі ад рэжыму. Як быццам беларусы вінавацілі ЕС. Па выніках сацыялагічных апытанняў, большасць беларусаў вінавацяць у дзейных санкцыях менавіта рэжым.

У ліпені прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка быў прыгавораны да 14 гадоў турэмнага зняволення. У тым жа месяцы рэжым выканаў сваё абяцанне «знішчыць грамадзянскую супольнасць». Былі зачыненыя дзясяткі незалежных СМІ і 270 НДА, арыштаваныя многія іх супрацоўнікі і валанцёры. Тым часам у Еўропе выказвалі глыбокую заклапочанасць.

У жніўні спартсменка Крысціна Ціманоўская была практычна выкрадзена падчас правядзення Алімпійскіх гульняў у Токіа толькі за тое, што выказала крытыку ў адрас беларускіх спартыўных чыноўнікаў. Тым часам МВФ выдзеліў Беларусі больш за 1 мільярд даляраў для барацьбы з COVID – краіне, дзе свядома заражаюць вірусам палітвязняў у турмах. СМІ Еўропы тым часам асвятлялі зусім іншыя пытанні міжнароднага парадку дня.

У верасні Марыю Калеснікаву прыгаварылі да 11 гадоў турэмнага зняволення. ІТ-спецыяліст Андрэй Зэльцэр быў застрэлены супрацоўнікамі КДБ, якія ўварваліся ў яго кватэру. Яго жонку як адзіную сведку схавалі ў псіхіятрычнай лякарні. І амаль 200 беларусаў былі арыштаваныя за «негатыўныя каментары» ў сеціве наконт здарэння. Тым часам па ўсёй Еўропе лабісты за самавітую ўзнагароду з усіх сіл спрабавалі блакаваць новыя санкцыі супраць рэжыму.

У кастрычніку міграцыйны крызіс разгарнуўся ва ўсю моц. Тым часам у турме працягвае сядзець 64-гадовы палітык Рыгор Кастусёў, у якога падазраюць анкалогію, але ён не атрымлівае ніякай медычнай дапамогі. А ў Еўропе рэжым працягвае выкарыстоўваць Інтэрпал для пераследу беларусаў, якія выехалі за мяжу.

У лістападзе напружанне на беларуска-польскай мяжы дасягнула кропкі кіпення. Тысячы замежных грамадзян, якіх рэжым зрабіў сваімі закладнікамі, сталі галоўным фокусам увагі ЕС. Рэжым дамагаўся тэлефонных званкоў у абмен на аблягчэнне становішча мігрантаў. Але ў той самы час закладнікамі рэжыму заставаліся дзевяць мільёнаў беларусаў.

Няўжо мы забылі трагічныя ўрокі еўрапейскай гісторыі? Пра тое, што спробы патураць тырану не супакойваюць, а толькі падганяюць яго. Пра тое, што, калі пазбягаць канфрантацыі са злачынцам, то канфлікт, які ўсё роўна непазбежны, становіцца яшчэ больш затратным і небяспечным.

Вы сапраўды думаеце, што ён зараз спыніцца? Мы ўжо ўбачылі, якую небяспеку можа ўяўляць сабой такі рэжым для суседзяў. Літва і Польшча сутыкнуліся з сур’ёзнай пагрозай для бяспекі іх межаў. Дарэчы, Польшча і Літва, трымайцеся! Мы ведаем, які вялікі кошт вы плаціце за тое, каб заставацца вернымі і прынцыповымі сябрамі для народа Беларусі.

Дапусцім, тым ці іншым чынам атрымаецца спыніць шантаж мігрантамі, але вы сапраўды думаеце, што міжнародныя парушэнні і пагрозы з боку рэжыму спыняцца? Рост наркатрафіку і патоку іншай кантрабанды? Ваенныя правакацыі? Аварыя на атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца непасрэдна на мяжы з ЕС? Усё гэта не плод майго ўяўлення. Гэта тое, чым ужо пагражае сам рэжым. Усё, што заўгодна, каб атрымаць тое, што яму трэба

Пра час для беларусаў

Пакуль Еўропа працягвае сумнявацца, ідзе час — і гэты час незаконна асуджаных, забітых ці выгнаных з краіны. І для беларусаў час ідзе па-іншаму. Ён вымяраецца згубленымі момантамі шчасця, на якія мае права кожны з нас. Гэтыя моманты — тая самая прычына, па якой мы ўсе хочам жыць свабодна і годна.

У маім жыцці зараз няма момантаў, калі дачка Агнія бачыць любячы твар Сяргея, які праводзіць яе ў школу ў першы дзень вучобы. Момантаў, калі мой сын Карней адчувае падтрымку бацькі, калі ён дапамагае яму чыніць ровар.

Для іншых маці — Дар’і Лосік, Вольгі Залатар, Алены Бандарэнка — час вымяраецца колькасцю пралітых слёз. Дар’я не ведае, ці жывы яшчэ яе муж. Вольга знаходзіцца за кратамі і не атрымлівае навін пра сваіх пецярых дзяцей. Алена зараз бачыць сына толькі на фатаграфіі ў рамцы з чорнай стужкай, бо яго збілі да смерці, калі ён папрасіў не зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў сваім двары.

Для рабочых МТЗ, Белкалія, Гродна Азота час вымяраецца ў колькасці поту, пакуль рэжым змушае іх працаваць у невыносных і небяспечных умовах — умовах абсалютна бяспраўных і блізкіх да рабства.

Для тысяч актывістаў па ўсёй краіне час вымяраецца ў сіле стрэсу і трывогі. Бо нават калі яны выбіраюць «адносна бяспечныя» метады супраціву — распаўсюд улётак, расклейванне налепак, удзел у незалежным працоўным руху — яны ўсё роўна рызыкуюць быць арыштаванымі.

А для ўрачоў з Беларусі — ад Воранава да Хоцімска, ад Верхнядзвінска да Брагіна — час вымяраецца ў гадзінах працы звыш нормы і хвілінах адпачынку, калі ўсё-такі ўдаецца заснуць. З-за безадказнага стаўлення рэжыму да пандэміі іх працоўная нагрузка стала ў тры разы вышэйшай.

Спадары і спадарыні, як вы лічыце, ці разумеюць нас усе гэтыя беларусы, калі ім гавораць пра доўгія бюракратычныя працэсы ў ЕС і нюансы сусветнай палітыкі і дыпламатыі? Ці даюць беларусам надзею і ўпэўненасць заявы аб глыбокай заклапочанасці? Што насамрэч можа сказаць Еўрасаюз беларусам – забытаму ўсімі еўрапейскаму народу, які хоча роўна таго ж, што маюць іншыя краіны Еўропы? Магчыма, у нас няма права патрабаваць вашай дапамогі ці падтрымкі. Магчыма, вы адмовіце нам, таму што гэта можа супярэчыць вашым нацыянальным інтарэсам. Ці, магчыма, гэта негатыўна паўплывае на вашыя інтарэсы.

І ўсё ж я тут, каб прасіць вашай падтрымкі. Мы змагаемся не толькі за нашу, але і за вашу свабоду. Бо дэмакратычныя краіны змогуць выстаяць, толькі тады, калі дзейнічаюць рашуча і разам.

Пра неабходнасць рашучых дзеянняў

Паважаныя прадстаўнікі Еўропы, даруйце за маю прамалінейнасць, але я павінна сказаць: ужо становіцца позна. Са жніўня 2020 года было дастаткова сімвалічных крокаў і заяў пра салідарнасць. Беларусам выказвалі падзяку за адраджэнне веры ў дэмакратыю і чалавечую годнасць. Але ці не час Еўропе прадэманстраваць сваю прыхільнасць да гэтых каштоўнасцей у рэальных дзеяннях? Ці адважыцца адзіная Еўропа распачаць рашучыя дзеянні зараз? Ці варта пачакаць яшчэ адзін год?

Паважаныя спадары і спадарыні, у нас няма яшчэ аднаго года. Ні ў Беларусі, ні ў Еўропы.

Мы можам зрабіць больш, чым проста чакаць і рэагаваць. Рэжым у Мінску дзейнічае рэактыўна. Цяпер ім рухае страх перад беларускім народам — ​​адсюль эскалацыя гвалту. Між тым, беларусы не здаюцца. Тры незалежныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што больш за палову беларусаў хочуць новых прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на ​​страшны ціск, беларусы ўсё яшчэ знаходзяць спосабы выказаць свой пратэст, няхай гэта і не заўсёды прыкметна для еўрапейскіх СМІ. Тысячы беларусаў далучаюцца да мабілізацыйных ініцыятыў «Перамога» і «Рабочы Рух», якія займаюцца каардынацыяй і падрыхтоўкай да новых пратэстаў і забастовак. Незалежныя СМІ і структуры грамадзянскай супольнасці рэлакаваліся за мяжу і працягваюць працаваць на карысць Беларусі. Я ганаруся кожным адважным беларусам і беларускай у краіне і за мяжой. Менавіта яны зменяць нашу краіну да лепшага. Але новая Беларусь — гэта не толькі пра будучыню. Яна нараджаецца і развіваецца ўжо сёння. І беларусам патрэбная ваша дапамога.

Нам трэба, каб у супрацьстаянні аўтарытарызму Еўропа была праактыўная. Клішэ пра Беларусь як пра «апошнюю дыктатуру Еўропы» ў нейкім сэнсе ўводзіць у зман. У дыктатуры няма геаграфічных межаў. Яна распаўсюджваецца, калі яе не спыніць. Дыктатуру можна параўнаць з вірусам, які паражае арганізм. Усе мы ведаем, што чым даўжэй ігнаруем хваробу, тым цяжэй лячыць яе ў будучыні. Цяпер увесь свет ведае, што чаканне і назіранне — няправільная стратэгія барацьбы з вірусам. Вырашальнае значэнне маюць дзеянні.

Трохэтапная стратэгія

Каб паспяхова перамагчы вірус, патрэбна трохэтапная стратэгія. Па-першае, яго трэба ізаляваць, каб прадухіліць далейшы распаўсюд. Па-другое, трэба займацца лячэннем, каб ухіліць яго негатыўныя наступствы. І нарэшце, што не менш важна, трэба выпрацаваць імунітэт, які будзе падтрымліваць арганізм у форме. Такую ж стратэгію можа прыняць Еўропа для барацьбы з вірусам дыктатуры ў Беларусі.

Першы этап нашай стратэгіі — ізаляцыя і непрызнанне рэжыму. Шмат каго з беларусаў абражае тое, што нават сёння ўплывовыя еўрапейскія СМІ — ад DeutscheWelle да BBC — называюць Аляксандра Лукашэнку «прэзідэнтам». Ён не прэзідэнт. Такім чынам фарміруецца няправільнае ўспрыняцце сярод мільёнаў гледачоў. Ён грамадзянін Беларусі, які незаконна ўзурпаваў прэзідэнцкую ўладу шляхам гвалту.

Еўропа, давайце трымацца вашых жа рашэнняў! Вы не прызналі вынікі выбараў, таму не называйце гэтага самазванца тым, кім ён не з’яўляецца. Не прызнавайце ніякіх здзелак, заключаных без згоды беларусаў. Кажыце дакладна і наўпрост: кантракты, падпісаныя рэжымам пасля 9 жніўня 2020 года, не маюць і не будуць мець юрыдычнай сілы. Лукашэнка гуляе суверэнітэтам Беларусі. Мы павінны заставацца прыхільнымі да палітыкі непрызнання і разумець, што незалежнасцю і суверэнітэтам нельга гандляваць.

Палітыка непрызнання павінна быць паслядоўнай. Не прызначайце новых амбасадараў у Беларусь, не прымайце амбасадараў рэжыму, калі вы паважаеце свабоду, правы чалавека і вяршэнства закону. Рэжым ці яго прадстаўнікоў нельга запрашаць на міжнародныя форумы, спартовыя ці культурныя мерапрыемствы. Яго сяброўства ў Інтэрпале трэба прыпыніць у адказ на недапушчальныя злоўжыванні яго інструментамі. Замест гэтага дайце голас беларускаму народу. Запрашайце беларускія дэмакратычныя сілы на ўсе міжнародныя форумы, каб даць голас беларусам на самым высокім узроўні. У прыватнасці, гэта датычыцца саміту Усходняга партнёрства.

Другі этап нашай стратэгіі — лячэнне. Трэба даць рэжыму адпор і пазбавіць яго рэсурсаў, якія ён выкарыстоўвае для ўтрымання ўлады. Калі ваша дзіця хварэе, вы ведаеце, што павінны даць яму лекі, нават калі вам балюча бачыць, як яно супраціўляецца. Але вы ведаеце: іншага выйсця няма. Той самы прынцып працуе, калі мы гаворым пра еўрапейскія санкцыі супраць рэжыму. Запэўніваю вас: санкцыі сапраўды працуюць. Працягвайце праводзіць паслядоўную палітыку санкцыяў. Дзякуючы ім адбываецца раскол элітаў, руйнуюцца карупцыйныя схемы, а паміж людзьмі з атачэння Лукашэнкі з’яўляюцца рознагалоссі. Бо ніхто не жадае падзяляць адказнасць за злачынствы рэжыму. Будзьце рашучымі. Не дазваляйце лабістам блакаваць неабходныя санкцыі. Зачыніце ўсе пакінутыя шчыліны. Скаардынуйце вашы дзеянні з ЗША і Вялікабрытаніяй, каб санкцыі былі эфектыўнымі, а не сімвалічнымі.

У што б там ні стала, будзьце паслядоўнымі. Не інвестуйце ў краіну, якую кантралюе мафіёзны рэжым. Дайце рэжыму зразумець, што не будзеце добраахвотна даваць яму рэсурсы, якія ён можа скарыстаць для рэпрэсій над уласнымі грамадзянамі.

Выконвайце міжнароднае права. Ініцыюйце пераслед адказных за парушэнне правоў чалавека ў межах універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі. Прыцягніце рэжым да адказнасці за захоп грамадзянскага самалёта і гібрыдную атаку на межах ЕС. Дакументуйце ўсе доказы злачынстваў рэжыму, каб гэтыя доказы леглі на стол міжнароднага трыбунала, калі ім зоймуцца Міжнародны суд ААН і Міжнародны крымінальны суд. Праявіце ініцыятыву ў гэтых адносінах.

Трэці этап стратэгіі — фарміраванне імунітэту. Зрабіце ўсё магчымае, каб дапамагчы ўмацаваць натуральны імунітэт беларускага народа. Я заклікаю Еўропу пашырыць праграму дапамогі грамадзянскай супольнасці. Каб падтрымаць людзей на месцах — праваабаронцаў, СМІ, журналістаў, журналістаў-расследавальнікаў, мясцовыя супольнасці, актывістаў, валанцёраў, ініцыятывы, якія прасоўваюць беларускую мову і культуру — спатрэбяцца гнуткасць і новыя падыходы. Неабходныя праграмы рэабілітацыі для сем’яў рэпрэсаваных і псіхалагічнай дапамогі: людзі павінны бачыць, што іх не кінулі.

Пра салідарнасць

Будзьце салідарныя! Не забывайцеся на беларускіх палітвязняў і іх сем’і. Не дазваляйце рэжыму маніпуляваць міграцыйным крызісам, каб схаваць жахлівую сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. І беларусы, і мігранты зараз закладнікі рэжыму. І гэтыя дзве праблемы нельга вырашыць паасобку. Памятайце: каб вылечыць вірус, нам трэба разабрацца з коранем праблемы, а не з сімптомамі.

Будзьце верныя вашым жа прынцыпам. Дапамажыце тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Многія беларусы беглі ў спешцы, маючы толькі кароткатэрміновыя шэнгенскія візы. Многія беларусы лічаць сябе не мігрантамі, а рэлакантамі; яны мараць хутчэй вярнуцца дадому, але зараз ім патрэбна базавая дапамога ў дробязях — як права на законнае знаходжанне і дазвол на працу. Хаця мы звычайна кажам пра дэмакратыю ў высокіх тэрмінах, дэмакратыя таксама складаецца з дробязяў.

Дапамажыце беларусам, каб яны змаглі дапамагчы Беларусі і Еўропе, каб мы маглі працягваць барацьбу за нашу і вашую свабоду. Я ведаю, што са мной тут саюзнікі і партнёры, і сярод іх старшыня Сасолі і віцэ-старшыня Метсола.

Я хачу звярнуцца да сяброў групы «Сябры дэмакратычнай Беларусі», якія ўзялі шэфства над дзясяткамі беларускіх палітвязняў, адпраўлялі ім лісты і паштоўкі. Сёння я прынесла вам адказ ад іх — «Вольныя Паштоўкі» з малюнкамі палітвязняў з іх лістоў. Палітвязні адчуваюць вашую падтрымку, дарагія сябры. Як і мільёны беларусаў, удзячных вам і ўсім дэпутатам Еўрапарламента за вашую цвёрдую пазіцыю, за вашыя заявы і рэзалюцыі, — яны таксама хочуць, каб словы матэрыялізаваліся ў дзеянні. Людзі ў Беларусі чакаюць ад вас дзеянняў з адной простай прычыны: яны хочуць бачыць у Еўропе ўзор для пераймання.

Таму, нарэшце, будзьце верныя Еўропе. Мара пра адзіную Еўропу — гэта не мара пра бюракратычную сістэму або эканамічны саюз. Гэта мара пра салідарнасць і сяброўства, пра адзінства народаў і людзей, пра іх мірнае супрацоўніцтва пры павазе свабоды і годнасці кожнага. Гэта мара пра агульныя каштоўнасці павагі правоў чалавека, прадстаўнічы канстытуцыйны ўрад і вяршэнства закону. Быць адзінымі — значыць ісці агульным шляхам. Падчас нашай сустрэчы летась я, гаворачы пра Беларусь, сказала наступнае: «У кожнай краіны свой шлях да дэмакратыі, і наш пачаўся зараз». Сёння, праз год, беларусы нашмат бліжэй да сваёй мэты. Але і шлях стаў нашмат складаней. І на нашым шляху ўвесь час з’яўляюцца перашкоды.

Сёння дэмакратыя не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе залежыць ад таго, ці будзем мы праходзіць гэты шлях і гэтыя перашкоды разам. Цяпер самы час прадэманстраваць, што еўрапейскія каштоўнасці былі і будуць галоўнай крыніцай нашай сілы і адзінай трывалай асновай міру і росквіту.

Я заклікаю вас прайсці гэты шлях разам з намі.

Дзякуй! Жыве Беларусь! Жыве Еўропа! Long live Belarus і long live Europe!

Папярэдні матэрыял
Сацапытанне БДЭУ: 19,4% не будуць удзельнічаць у рэферэндуме, а БТ сказіў інфаграфіку
Наступны матэрыял
Дэпутатка Еўрапарламента: «Гвалт Лукашэнкі — гэта помста перад непазбежным крахам рэжыму»

Iншыя матэрыялы