У базе зваротаў у КДБ за 2023 год знаходзіцца данос грамадзяніна Расеі Андрэя Кісялёва на жыхара Віцебшчыны Змітра, піша «Віцебская Вясна». Той адмовіўся прадаваць расіяніну тэхніку без распіскі пра тое, што яна не павінна адправіцца на вайну ва Украіне.
Грамадзянін РФ піша, што знайшоў абʼяву па продажы спісанай ваеннай тэхнікі, а менавіта; БАЗ-АСА, І УРАЛ-лазня. Ён стэлефанаваўся з прадаўцом, які прадставіўся Змітром.
Яны абмеркавалі кошт і дзень прыезду. У канцы чэрвеня 2023 года Кісялёў са сваёй жонкай і кіроўцам Віктарам прыбыў у Горкі, дзе паглядзеў тэхніку і дамовіўся ўвечары пасля працы абмеркаваць каля дома Змітра ўмовы здзелкі. Як піша расеец у даносе, яны сустрэліся ўвечары і той распавёў Змітру аб тым, што ён з жонкай валанцёрыць і ўдзельнічае ў так званай СВА.
Паводле яго слоў, Зміцер на гэтую інфармацыю адрэагаваў нядобразычліва і заявіў, што прэзідэнт Расеі Пуцін – забойца, а Лукашэнка – вораг свайго народа, і што іх абодвух неабходна расстраляць. Таксама заявіў, што ўкраінцы абараняюць свой дом і сваю Радзіму ад расейцаў. Таксама Зміцер казаў, што народ Беларусі не падтрымлівае Лукашэнку і ў выпадку ўцягвання рэспублікі ў канфлікт, беларусы будуць прымаць удзел у канфлікце на баку УСУ супраць расейцаў.
«Гэтак жа казаў, што ў рэспубліцы няма свабоды слова, нельга правесці гей-парад і нёс іншую лухту. Адным з патрабаванняў Змітра, была распіска, якую я павінен быў яму напісаць, а менавіта: аўтамабілі не будуць адпраўленыя ў зону СВА. Я яму ў распісцы адмовіў», – паведамляе расеец Андрэй Кісялёў у сваім даносе ў КДБ.
Далейшы лёс беларуса невядомы.