С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

motolko.help
Эксклюзіў
17 хв.

In English: S-400, APC and Tigr: Russian troops continue a build-up near Ukrainian border
На русском языке: С-400, БТРы и Тигры: Российские войска продолжают концентрироваться возле украинской границы

У розных раёнах Беларусі працягваюць заўважаць расійскую вайсковую тэхніку, больш за ўсё паведамленняў прыходзіць з Гомельскай і Мінскай абласцей. Характэрна, што на гэтым тыдні кампанія Maxar Technologies апублікавала спадарожнікавыя здымкі, зробленыя 4 студзеня, на якіх бачныя расійскія войскі каля Рэчыцы, Лунінца і Ельска.

Гэтыя здымкі з’яўляюцца прамым пацвярджэннем, ужо не перамяшчэння, а дыслакацыі расійскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы. Расказваем, дзе былі заўважаны расійскія войскі за апошні тыдзень.

С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

Лакацыі, дзе была заўважана вайсковая тэхніка РФ з 1 па 7 лютага 2022 года / motolko.help

Гомельская вобласць

Днём 1 лютага калона з 20 расійскіх грузавікоў з 87-рэгіёнам на нумарах (Цэнтральная ваенная акруга РФ) была заўважана на трасе М5 Мінск-Гомель.

3 лютага, у Калінкавічах расійскі цягнік з вайсковай тэхнікай рухаўся ў напрамку да Ельска. Тады ж некалькі вайсковых грузавікоў на расійскіх нумарах сфатаграфавалі і ў Мазыры.

На наступны дзень, 4 лютага, вайсковую тэхніку на расійскіх нумарах заўважылі каля в. Зяброўка за 10 км. ад Гомеля. Выданне Reform.by атрымала відэа перамяшчэння расійскіх войскаў у гэтым раёне.

У калоне налічвалася мінімум 27 бронемашын: БМД, БТРы, у тым ліку БТР-МД «Ракушка», самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Нона-С». Частка гэтай тэхнікі стаіць на ўзбраенні толькі ВС РФ.

7 лютага ў рэчыцкім раёне на трасе М-10 у кірунку на Калінкавічы заўважылі пантонны парк, які належыць інжынерным войскам Расійскай Федэрацыі. Гэта ПП-91М (пантонны парк – 91 мадэлі мадэрнізаваны) на шасі чатырохвоснага КАМАЗа прызначаны для абсталявання маставых перапраў пад грузы 60 тон і паромных перапраў пад грузы 720 тон. А таксама ёсць інфармацыя, што на гэтым тыдні расійскія войскі былі заўважаныя ў Нароўлі і Хойніках.

С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

ПП-91М на трасе М-10, 7 лютага / motolko.help

Мінская вобласць

Раніцай 1 лютага ў Мачулішчах заўважылі калону расійскай вайсковай тэхнікі з 50-м рэгіёнам на нумарах (Заходняя вайсковая акруга РФ). У калоне, якую суправаджалі аўтамабілі ДАІ, рухалася каля 15 расійскіх грузавікоў КАМАЗ. У той жа дзень расійскі вайсковы КАМАЗ быў заўважаны і пад Стоўбцамі на трасе М1.

С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

Калона расійскай ваеннай тэхнікі ў Мачулішчах 1 лютага / motolko.help

2 лютага, у мінскім мікрараёне Сцяпянка быў заўважаны расійскі цягнік з вайсковай тэхнікай. Крыху пазней расійскі цягнік убачылі і ў Калодзішчах.

У той жа дзень, 2 лютага, у мінскім мікрараёне Курасоўшчына быў заўважаны расійскі цягнік, які перавозіў дывізіён зенітна-ракетных сістэм С-400 «Трыумф».

На платформах таксама былі фургоны 90Ю6, універсальныя перасоўныя вышкі 40В6 і транспартна-зараджальныя машыны на базе чатырохвосных Уралаў. Вядома, што ракетныя сістэмы С-400 прыбылі ў Беларусь з Хабараўскага краю. Акрамя таго, у той самы дзень калону расійскіх вайсковых грузавікоў заўважылі і каля Слуцка.

3 лютага ў Калодзішчах убачылі чарговы расійскі цягнік з вайсковай тэхнікай. Да цягніка таксама былі прычэпленыя 4-5 пасажырскіх вагонаў, у якіх, верагодна, перавозіўся асабовы састаў.


У Жодзіне раніцай 4 лютага мясцовыя жыхары заўважылі яшчэ адзін чыгуначны састаў з вайсковай тэхнікай і пасажырскімі вагонамі. Паведамлялася, што ён ехаў у бок Мінска. У той жа дзень эшалон з расійскай вайсковай тэхнікай заўважаны і на перагоне Фаніпаль — Дзяржынск.

Таксама, 4 лютага, чарговы расійскі эшалон перасякаў Калодзішчы. На платформах перавозіліся бронеаўтамабілі «Тайфун-Д», БТР-82а, БРЭМ-82, грузавікі Камаз і Урал. 4 лютага расійскі вайсковы эшалон заўважылі і пад Барысавам.

Калона расійскай вайсковай тэхнікі 5 лютага была заўважана ўжо ў раёне Беразіно. На відэа бачна, як рухомая радыёстанцыя Р-149АКШ-1, Тыгр з аўтаматычным гранатамётам на станку (АГС) і Камаз 5350 рухаюцца па трасе М4 у бок Магілёва.


У той жа дзень калоны расійскай вайсковай тэхнікі былі заўважаны на трасе М5 Мінск-Гомель, а таксама на МКАД-2 у раёне в. Абчак. Характэрна, што па МКАД-2 апроч расійскіх грузавікоў, у калоне рухаліся і джыпы Ford і Toyota Hilux.

Таксама паведамлялася, што калона расійскай ваеннай тэхнікі была заўважана каля Узды. Тэхніка ехала па трасе Н-23444 па вул. Цэнтральнай у бок трасы Р23 і па Р23 у напрамку Слуцка. Як паведамляюць крыніцы, у калоне было каля 40-50 адзінак тэхнікі.

6 лютага праз Калодзішчы праязджаў чарговы цягнік з расійскай вайсковай тэхнікай. Акрамя гэтага паведамляюць, што каля чыгункі ў Калодзішчах з’явіліся вайсковыя намёты.

С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

Ваенныя намёты каля чыгункі ў Калодзішчах 6 лютага / motolko.help

Гродзенская вобласць

5 лютага пад Гродна была заўважана калона расійскай вайсковай тэхнікі, якая рухалася ў бок абласнога цэнтра. У калоне перасоўваліся расійскія «Тыгры» і Камазы.

С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

Калона вайсковай тэхнікі пад Гродна, 5 лютага / motolko.help

Віцебская вобласць

5 лютага ў Аршанскім раёне была заўважана вялікая калона расійскай ваеннай тэхнікі з 50-м рэгіёнам на нумарах (Заходняя вайсковая акруга РФ). У калоне былі заўважаныя Камазы 5350, белыя джыпы Ford, Mitsubishi і Toyota Hilux, БТРы і Тыгры з АГС.


Таксама 6 лютага невялікая калона расійскай вайсковай тэхнікі была заўважана ў Талачынскім раёне на трасе М1, а 7 лютага ваенная тэхніка была заўважана і ў Оршы.

С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

Цягнік з расійскай вайсковай тэхнікай у Оршы, 7 лютага / motolko.help

Магілёўская вобласць

3 лютага ў Асіповіцкім раёне была заўважаная калона расійскай вайсковай тэхнікі, у якой перасоўваліся расійскія вайсковыя Камазы 5350 і Уралы-4320-31. На наступны дзень праз Магілёў праехаў расійскі цягнік з вайсковай тэхнікай.

5 лютага на трасе М-4 Мінск-Магілёў таксама была заўважана калона ў напрамку Мінска, у ёй рухаліся расійскія Тыгры з АГС і Камазы. Таксама 7 лютага расійскі эшалон праязджаў чыгуначную станцыю «Друць» у Бялыніцкім раёне.

С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

Траса М4, 5 лютага / motolko.help

Брэсцкая вобласць

Раніцай 5 лютага калона расійскай вайсковай тэхнікі рухалася па трасе каля Мікашэвічаў у бок Мінска. У ёй перасоўваліся Камазы 5350, Тыгр-М і Уралы-4320.


Таксама варта адзначыць, што 4 студзеня кампаніі Maxar Technologies удалося зрабіць спадарожнікавыя здымкі расійскага лагера каля лунінецкага аэрадрома.

На фатаграфіях можна разглядзець навалу вайсковай тэхнікі, а таксама штурмавікі Су-25. Акрамя таго, калі прыгледзецца, то можна налічыць больш за 50 намётаў для вайскоўцаў. Калі ўлічыць, што кожны намёт можа мясціць каля 50 вайскоўцаў, то атрымліваецца што каля лунінецкага аэрадрома можа знаходзіцца каля 2 500 вайскоўцаў.

Мінабароны РБ на гэтым тыдні некалькі разоў паведамляла аб правядзенні вучэнняў на ваенным палігоне «Брэсцкі» і на 230-м агульнавайсковым палігоне каля Баранавіч.

Апроч Беларусі, тэхніку таксама працягваюць заўважаць і ў Смаленску. 4 лютага там сфатаграфавалі цягнік з расійскай вайсковай тэхнікай, які стаяў у напрамку Беларусі. На фота можна заўважыць: БМД, БТР-МД, РЭБ РБ-531Б «Інфаўна», РЭБ ЛЕЕР-2, а таксама розныя Камазы. Хутчэй за ўсё, тэхніка належыць паветрана-дэсантным войскам РФ.

С-400, БТРы і Тыгры: Расійскія войскі працягваюць канцэнтравацца каля ўкраінскай мяжы

Цягнік з расійскай вайсковай тэхнікай у Смаленску 4 лютага / motolko.help

Калі бачыце тэхніку па-за афіцыйнымі месцамі правядзення вучэнняў, то дасылайце фота/відэа ў @motolko_bot або праз ананімную форму для зваротнай сувязі ніжэй.

Гэтае поле абавязкова для запаўнення
Папярэдні матэрыял
Крыніцы: Беларускія вайскоўцы і медыкі служаць на расійскай базе ў Сірыі
Наступны матэрыял
Пад Баранавічамі марскія пехацінцы знішчылі ўмоўнага суперніка ў «гарадской забудове»

Iншыя матэрыялы