Салдаты УС РФ вывозяць з Беларусі скрадзеныя ва ўкраінцаў машыны і скупляюць золата на крадзеныя грошы

Беларускі Гаюн
Эксклюзіў
15 хв.

In English: Russian soldiers take stolen Ukrainian cars out of Belarus and buy gold with stolen money
На русском языке: Солдаты ВС РФ вывозят из Беларуси украденные у украинцев машины и скупают золото на ворованные деньги

З першых дзён вайны, у гарадах Беларусі пачалі заўважаць грамадзянскія аўтамабілі са знакам «V». Адмысловую канцэнтрацыю такіх машын можна адзначыць у: Мазыры, Гомелі, Рэчыцы, Нароўлі, Хойніках і Ельску. Спачатку можна было казаць аб тым, што так вайскоўцы УС РФ абазначаюць свае асабістыя аўтамабілі, але пры гэтым на такіх машынах практычна заўсёды адсутнічалі дзяржаўныя нумары, што з’яўляецца прамым парушэннем ПДР.

Праз пару тыдняў такіх машын у Беларусі станавілася ўсё больш і ўжо ў сярэдзіне сакавіка стала зразумела, што сярод іх — далёка не ўсе належаць салдатам УС РФ, а найбольшы трафік такіх машын на беларускіх дарогах быў зафіксаваны 5 красавіка, ужо пасля пачатку адступлення войскаў УС РФ з тэрыторыі Украіны. Паралельна з гэтым маніторынгавая група праекта «Беларускі Гаюн» стала атрымліваць усё больш паведамленняў ад жыхароў Украіны з просьбай знайсці іх аўтамабілі, якія былі скрадзеныя салдатамі-марадзёрамі УС РФ з часова акупаваных тэрыторый і пасля вывезены на тэрыторыю Беларусі.

Сукупнасць гэтых фактаў не пакінула ніякіх сумневаў, што сярод тых машын з апазнавальнымі знакамі «V», якія рухаюцца з боку Украіны ўглыб тэрыторыі Беларусі ёсць і тыя, што скрадзеныя ва ўкраінскіх грамадзян.

У раёне 06:00 5 красавіка маніторынгавая каманда «Беларускі Гаюн» зафіксавала буйную калонную тэхнікі УС РФ, якая рухалася ад Гомеля ў кірунку да мяжы Беларусі з РФ. У калоне, акрамя ваеннай тэхнікі, перасоўваліся як легкавыя, так і грузавыя грамадзянскія аўтамабілі без нумароў і з апазнавальным знакам «V». Сярод грузавых машын у вочы адразу кінуўся аўтамабіль брэндаваны лагатыпам украінскай гандлёвай маркі «Гаврилівські курчата».

Салдаты УС РФ вывозяць з Беларусі скрадзеныя ва ўкраінцаў машыны і скупляюць золата на крадзеныя грошы

Грузавы аўтамабіль брэндаваны лагатыпам украінскай гандлёвай маркі «Гаврилівські курчата» заўважаны ў Беларусі 5 красавіка 2022 года / Беларускі Гаюн

На аўтамабіль украінскай кампаніі «Комплекс Аграмарс», якой і належыць гэты брэнд, былі нанесены апазнавальныя знакі «V» і адарваныя ўкраінскія дзяржаўныя нумары. Акрамя таго, ёсць вялікая верагоднасць, што ў такіх грузавіках перавозілася і нарабаваная ва ўкраінцаў маёмасць. Як нельга выключаць, што асабістыя рэчы грамадзян украіны вывозіліся з краіны і на вайсковых КамАЗах і Уралах УС РФ.

Якія цывільныя аўто з «V» заўважаныя ў Беларусі?

Праект «Беларускі Гаюн» пастараўся сабраць і вызначыць грамадзянскія машыны з апазнавальнымі знакамі «V», якія ішлі з боку Украіны ўглыб тэрыторыі Беларусі. Прыводзім кароткі спіс з фатаграфіямі.

  • Mitsubishi L200. Прыблізны год выпуску: 2020. Колер: белы
  • Ford Transit. Прыблізны год выпуску: 2015. Колер: белы
  • Honda Accord. Прыблізны год выпуску: 2009. Колер: серабрысты. VIN-код: HMCU2600BC202866.
  • Kia Sportage. Прыблізны год выпуску: 2018. Колер: белы
  • BMW X5 M. Прыблізны год выпуску: 2015. Колер: чорны
  • Nissan Rogue. Прыблізны год выпуску: 2018. Колер: вішнёвы
  • Toyota Highlander. Прыблізны год выпуску: 2020. Колер: чорны
  • Mitsubishi L200. Прыблізны год выпуску: 2020. Колер: сіні.
  • Mitsubishi L200. Прыблізны год выпуску: 2020. Колер: белы
  • Mitsubishi L200. Прыблізны год выпуску: 2020. Колер: чорны
  • Mitsubishi Pajero. Прыблізны год выпуску: 2007. Колер: чорны з белым капотам.
  • Great Wall Wingle 5. Прыблізны год выпуску: 2012. Колер: белы

Скралі не толькі машыны, але і грошы?

Акрамя крадзеных украінскіх аўтамабіляў, пра факты марадзёрства салдатамі УС РФ сведчаць і іншыя рэчы. Да прыкладу, у Хойніках (Гомельская вобласць, Беларусь) расійскія вайскоўцы спрабавалі абмяняць пачкі грыўняў, на што, па словах мясцовых жыхароў атрымалі адказ: «У гэтым банку няма такой опцыі, мяняйце ў Мазыры».

Аднак у іншых банках ім грошы ўсё ж мяняюць і ўзнікае лагічнае пытанне: Чаму банкі ў вялікіх гарадах мяняюць грошы, калі гэта артыкул крымінальнага кодэкса за скупку заведама крадзенай маёмасці? Адзначым, што калі гэтыя грошы былі выкрадзеныя з банкаў, крам або кашалькоў звычайных людзей, то ўсе касіры — саўдзельнікі злачынстваў.

«Яны што не разумеюць, што яны саўдзельнікі таго, што адбывалася ў Бучы? Аб чым думаюць работнікі банкаў? На грошы, што ім мяняюць, яны скупляюць тэхніку, ежу і снікерсы», — здзіўляюцца жыхары беларускіх гарадоў.

Пра тое, што ў расійскіх салдатаў стала нечакана шмат грошай гавораць і іх рэзка ўзрослая актыўнасць у ГЦ «Катапульта» і «Баброўскі» ў Мазыры (Гомельская вобласць, Беларусь). Па словах мясцовых жыхароў, салдаты скупляюць тэхніку ў магазінах электронікі і золата ў ювелірных магазінах, куды яны ходзяць па пакупкі групамі па 6-10 чалавек.

Салдаты УС РФ вывозяць з Беларусі скрадзеныя ва ўкраінцаў машыны і скупляюць золата на крадзеныя грошы

Салдаты УС РФ купляюць каштоўнасці ў краме Ziko. / Беларускі Гаюн

«У адной з крамаў былі людзі з пакетамі “GJ”. Кампанія «Gloria Jeans & Gee Jay» ёсць толькі ў Мінску, Магілёве і Мазыры. Адкуль у вайскоўцаў на вучэннях раптам з’явіліся такія пакункі? Адкуль столькі грошай, што яны столькі ўсяго змаглі сабе набыць?».

І так, сапраўды, можна дапусціць, што салдаты проста жадаюць зэканоміць і купіць нейкія рэчы танней, чым у РФ. Але гэтая версія ідзе ў разрэз з мноствам паведамленняў мясцовых жыхароў аб паводзінах і марнаванні расійскіх вайскоўцаў у забаўляльных установах, барах і клубах. Гамяльчане кажуць, што ў такіх месцах у памежных раёнах Гомельскай вобласці, вайскоўцаў зараз больш, чым звычайных людзей.

Падпісацца на праект «Беларускі Гаюн» можна па спасылцы, таксама вы можаце ананімна паведаміць маніторынгавай групе любую інфармацыю, якая тычыцца салдат УС РФ і перамяшчэння ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі ў бот @HajunBYbot.

Папярэдні матэрыял
Пад Давыд-Гарадком знайшлі абломкі крылатай ракеты
Наступны матэрыял
ЕС прыняў 5-ы пакет санкцый супраць РФ, яны тычацца і рэжыму ў Беларусі

Iншыя матэрыялы