In English:
Shraibman: «The West doesn’t won’t to play its trump card»
На русском языке:
Шрайбман: «Запад не хочет выкладывать на стол все козыри»
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у інтэрв’ю выданню «Радыё Свабода» распавёў, як новыя санкцыі ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Канады могуць паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, а таксама які адказ можа быць з боку афіцыйнага Мінска і ці варта чакаць эскалацыі міграцыйнага крызісу. Прыводзім расшыфроўку адказаў эксперта на пытанні пра санкцыі.
— Як можна ацаніць агульны маштаб гэтых санкцый? Вось зараз ёсць такі папулярны выраз «пякельныя санкцыі». Вось гэта — «пякельныя санкцыі», гэта значыць такія, якія як бы наносяць апошні ўдар, які разбурыць эканоміку ці не?
Зразумела не. Нават у параўнанні з 4-м пакетам санкцый, цяперашнія санкцыі саступаюць у ахопе, маштабе, жорсткасці. Вядома, мы будзем бачыць, як працуюць абмежаванні на дзярждоўг, які ўвялі ЗША. Трэба паглядзець, як канкрэтна будуць працаваць санкцыі супраць беларускай калійнай кампаніі. Плюс, вядома цікава, як адаб’юцца еўрапейскія санкцыі на экспарце «Гродна Азот» і іншых прадпрыемствах, якія ўсё ж такі, хоць часткова, але пастаўляюць сваю прадукцыю ў Еўрасаюз. Але ў цэлым, гэта санкцыі ўсё яшчэ кропкавыя, яны тычацца канкрэтных прадпрыемстваў, а значыць, гэтыя прадпрыемствы могуць іх, чыста тэарэтычна, абыходзіць з дапамогай разнастайных фірмаў-пракладак, як, напрыклад, робяць ужо некаторыя з тых, хто трапіў у мінулыя спісы — і не асабліва гэта хаваюць . Таму нічога «пякельнага» ў гэтых санкцыях няма. Пры належнай палітычнай волі, пры жаданні адсочваць парушэнні, абыходы санкцый, яны могуць стаць праблемай, вядома.
Але мне здаецца, калі мы гаворым пра ўвесь санкцыйны трэк, куды важней у бліжэйшыя месяцы будзе ўступленне ў сілу чацвёртага пакета: што Беларуськалій з 8 снежня павінен патрапіць у амерыканскія санкцыі і мець праблемы з банкамі і разлікамі са сваімі контрагентамі, у тым ліку, з літоўскім портам; нафтапрадуктавыя дамовы, якія павінны скончыцца ў наступным годзе — усё гэта мае значэнне.
«Канкрэтна пяты пакет і спадарожныя санкцыі іншых заходніх краін — іх уклад у беларускі крызіс будзе хутчэй у тым, што яны, як і чацвёрты пакет, справакуюць Мінск на нейкую рэакцыю ў адказ», — кажа Шрайбман.
Санкцыі — падліванне паліва ў вогнішча. Кожны пакет, незалежна ад таго, наколькі ён магутны, прымушае іншы бок рэагаваць. Бо трэба паказаць, маўляў, з намі нельга так абыходзіцца. Лукашэнка зрабіў ужо некалькі даволі кардынальных заяваў на гэтую тэму: што перакрые транзіт і гэтак далей. Не ўпэўнены, што ён дойдзе да гэтых дзеянняў, але…
— Прызнанне канала Шрайбмана экстрэмісцкім, арышты па ўсёй краіне — гэта вось такі адказ? А ці будзе нешта яшчэ? Можа, усё ж перакрыюць транзіт?
Улічваючы, як Лукашэнка задраў планку па адказах, любыя хатнія рэпрэсіі ўжо не будуць цягнуць на магутны, асіметрычны, але адэкватны адказ на пяты пакет санкцый. Не так шмат засталося рэпрэсаваць у Беларусі: прызнаць яшчэ 150 тг-каналаў экстрэмісцкімі — гэта не адказ. Гэта не тое, што нават Захад заўважыць — нават сваёй аўдыторыі гэта немагчыма будзе прадаць, як праява нязломнасці.
Сапраўды, усё часцей гэта будзе наводзіць на думкі аб «бамбёжцы Валожына»: у адказ на Заходнія санкцыі мы караем кагосьці ў сябе. Думаю, будуць адказы на адрас інтарэсаў Захаду. І гэта могуць быць бізнэс-інтарэсы: транзітныя, у тым ліку. Хоць, гэта самая крайняя мера, таму што ў любога транзіту ёсць два бакі: калі з аднаго Захад, то з другога — Усход. І якраз на Усходзе нікога не хочацца хваляваць такімі захадамі.
Можна яшчэ нарасціць ціск на дыпламатаў: нейкіх выслаць, іншых — палохаць. Напэўна, у Беларусі засталося яшчэ крыху еўрапейскага бізнэсу. Але гэты [ціск на еўрапейскі бізнэс] зноў будзе стрэл сабе ж па нагах: які-небудзь А1 мае больш рэпутацыйных праблем, чым прыбыткаў, з-за таго, што вядзе бізнэс у Беларусі. І, можа, нават будзе шчаслівы, калі яго ботам выганяць з краіны.
Лагічным адказам выглядае мяжа. Ужо апрабавалі памежную эскалацыю, разнастайныя правакацыі з мігрантамі – можна паспрабаваць абвастраць. У краіне засталіся тысячы мігрантаў, думаю, не ўсе з іх жадаюць вяртацца дадому. І Лукашэнка, выступаючы перад мігрантамі, сказаў: «Мы будзем вам дапамагаць у тым, куды вы хочаце трапіць». Таму трэба чакаць эскалацыі тут. У прынцыпе, усе гэтыя варыянты, за выключэннем ціску на дыпламатаў, рызыкоўныя і небяспечныя, бо могуць спарадзіць нашмат больш сур’ёзныя наступствы, чым самі санкцыі пятага пакета.
«Рызыкі ўзброеных сутыкненняў з Польшчай ужо абсалютна сур’ёзна аналізуюць многія вайсковыя і палітычныя аналітыкі. А рызыкі таго, што Кітай і Расія «ўстануць на дыбкі» з-за таго, што Лукашэнка дазваляе сабе парушаць іх таварныя плыні ў Еўропу і наадварот, таксама ёсць», — сказаў Шрайбман.
Менавіта з-за таго, што ў Мінска зараз інструментарый не такі шырокі, можна чакаць вельмі нязграбных і правакацыйных дзеянняў. У гэтым і ёсць асноўная функцыя санкцый: санкцыі зараз не прыводзяць наўпрост да паражэння, не ставяць рэжым на калені і нават не разбураюць эканоміку Беларусі. Найперш, санкцыі дэстабілізуюць стан Лукашэнкі, правакуюць яго на дэструктыўныя крокі.
— Гэта ж можа скончыцца вайной!
Так. Можа, не сусветнай… Калі зараз нейкі ланцужок падзей прывядзе нас да несправакаванага ўзброенага інцыдэнту на мяжы з Польшчай – гэта ні разу не будзе для мяне сюрпрызам. Лукашэнка ўжо не можа ступіць у бок, усе стымулы настроены на працяг напружанасці. Цудам будзе, калі атрымаецца канфлікту пазбегнуць. Але ў выпадку рэальных узброеных інцыдэнтаў, я не бачу палітычнай волі Крамля раздзімаць з гэтага рэгіянальную вайну ці нешта больш сур’ёзнае. Хутчэй за ўсё, Лукашэнку абцягнуць.
— Ужо зараз кажуць і пра шосты пакет санкцый, і гэтак далей. Чаму Захад не можа ўвесці адразу моцныя, «пекельныя» санкцыі?
Не жадаюць выкладваць на стол усе казыры. У Мінску ёсць яшчэ чым «псаваць паветра ў рэгіёне», Лукашэнка яшчэ можа праявіць сябе. А калі ў арсенале нічога не застанецца, Захад будзе выглядаць неяк недарэчна, і ўся палітыка прымусова захлынецца. Ступеністасць працэсу ўводу санкцый паказвае, што на кожным новым кроку Лукашэнку прапануюць развілку: ты можаш пайсці далей ці вярнуцца назад. Гэта і ёсць асновы любой санкцыйнай палітыкі ў адносінах да любой дзяржавы.
Але ёсць і іншыя прычыны. Яны суб’ектыўныя, звязаныя з тым, што Еўрасаюз – гэта 27 краін, а любыя санкцыі – гэта прадукт кансэнсусу. Вы не можаце ўмомант наступіць на інтарэсы занадта вялікай колькасці бізнэс-суб’ектаў, палітычных гульцоў ЕС. Папярэднія санкцыі ішлі са скрыпам, а калі на дыстанцыі ёсць купіны, вы не можаце прабегчы яе адразу. Трэба, каб сфармаваўся кансэнсус, а ён фармуецца паступова. Гэта складаны, дыпламатычны працэс, гульня. Каб пераканаць, умоўна, Італію далучыцца да чагосьці, трэба даць ёй нешта наўзамен. Еўрасаюз інакш не ўмее: гэта не краіна, гэта не ўрад, а нешта больш сур’ёзнае.