Следчы аддзел, ваенная паліцыя і пракуратура. Што вядома пра расейскія вайсковыя праваахоўныя органы, размешчаныя ў Беларусі?

sputnik.by
Эксклюзіў
11 хв.

На русском языке: Следственный отдел, военная полиция и прокуратура. Что известно о российских военных правоохранительных органах, расположенных в Беларуси?

16 чэрвеня стала вядома, што Следчы камітэт Расіі стварыў у Беларусі вайсковы следчы аддзел. Адзначалася, што стварэнне аддзела звязана з размяшчэннем падраздзяленняў Мінабароны Расіі (далей – УС РФ) на тэрыторыі Беларусі. Разбіраемся, што можа азначаць стварэнне следчага аддзела, а таксама ў дзейнасці іншых расейскіх вайсковых праваахоўных органах, размешчаных у Беларусі.

Гаворачы пра праваахоўныя органы, якія займаюцца падтрыманнем законнасці і правапарадку ў УС РФ на тэрыторыі Беларусі, можна вылучыць наступныя:

  • ваенная паліцыя;
  • ваенныя следчыя органы;
  • органы ваеннай пракуратуры;
  • ваенны суд.

Разгледзім кожны з іх.

Ваенная паліцыя

Даведачна. Ваенная паліцыя (далей – ВП) прызначана для абароны жыцця, здароўя, правоў і свабод ваеннаслужачых, асоб грамадзянскага персаналу, забеспячэння ў УС РФ законнасці, правапарадку, воінскай дысцыпліны, бяспекі дарожнага руху, аховы абʼектаў УС РФ, а таксама ў межах сваёй кампетэнцыі для супрацьдзеянні злачыннасці.

Варта адзначыць, што з пачаткам разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў у кастрычніку 2022 года на тэрыторыі Беларусі значна ўзрасла актыўнасць ВП. Тэхніку, а таксама вайскоўцаў ВП заўважалі ў раёнах засяроджвання расійскіх вайскоўцаў у Беларусі – у Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Асіповічах, Лепелі і інш. Таксама ў Беларусі рэгулярна фіксуюцца аўтамабілі Ваеннай аўтамабільнай інспекцыі (далей – ВАІ), якая зʼяўляецца структурным падраздзяленнем ВП. Экіпажы ВАІ часта суправаджаюць перамяшчэння арганізаваных калон з тэхнікай УС РФ.

Следчы аддзел, ваенная паліцыя і пракуратура. Што вядома пра расейскія вайсковыя праваахоўныя органы, размешчаныя ў Беларусі?

Вайсковец ВП РФ / Фота: wikipedia.org

Агулам наяўнасць падраздзяленняў ВП і ВАІ на тэрыторыі Беларусі звязана са сталым знаходжаннем значнай колькасці расійскіх вайскоўцаў, і неабходнасцю падтрымання правапарадку ў месцах засяроджвання войскаў.

Функцыянаванне ВП за мяжой не супярэчыць нормам расійскага заканадаўства. Так, згодна з пунктам 31 Статута ваеннай паліцыі УС РФ (зацверджаны ў 2015 годзе), асаблівасці службовай дзейнасці падраздзяленняў ВП на тэрыторыі замежнай дзяржавы ўстанаўліваюцца міжнароднай дамовай паміж РФ і дзяржавай, на тэрыторыі якой яны дыслакуюцца.

Якія падраздзяленні ВП былі сфарміраваны на тэрыторыі Беларусі – невядома. У цэлым структура ВП прадстаўлена: цэнтральным органам (Галоўнае ўпраўленне ваеннай паліцыі Мінабароны РФ), рэгіянальнымі органамі (на тэрыторыях ваенных акруг або флатоў) і тэрытарыяльнымі органамі – ваеннымі камендатурамі гарнізонаў.

Даведачна. Ваенная камендатура – гэта тэрытарыяльны орган ВП, прызначаны для выканання задач па забеспячэнні законнасці, правапарадку, воінскай дысцыпліны, аховы ваеннаслужачых, якія ўтрымліваюцца на гаўптвахце, аховы службовых памяшканняў органаў ваеннай пракуратуры і ваенных следчых органаў, выканання задач гарнізоннай службы, таксама іншых задач на тэрыторыі замацаванага раёна адказнасці.

Таксама падраздзяленні ваеннай паліцыі могуць уваходзіць у склад воінскай часці.

Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі ВП можа функцыянаваць у фармаце: 1) падраздзяленняў, якія ўваходзяць у складзе частак УС РФ; 2) ваеннай камендатуры. Бо пра фарміраванне ваеннай камендатуры ў Беларусі пакуль не паведамлялася можна меркаваць, што ВП функцыянуе ў выглядзе структурных падраздзяленняў воінскіх часцей УС РФ.

Следчы аддзел, ваенная паліцыя і пракуратура. Што вядома пра расейскія вайсковыя праваахоўныя органы, размешчаныя ў Беларусі?

Аўтамабілі ВП РФ / Фота: oblgazeta.ru

Ваенныя следчыя органы

Даведачна. Ваенныя следчыя органы ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў сферы крымінальнага судаводства ў УС РФ, іншых войсках, воінскіх фарміраваннях і органах, у якіх законам прадугледжана ваенная служба.

У складзе Следчага камітэта Расіі ёсць Галоўнае ваеннае следчае ўпраўленне (далей – ГВСУ). У яго ўваходзяць ваенныя следчыя ўпраўленні ў ваенных акругах УС РФ, на флоце, а таксама ў асобных родах войскаў. У сваю чаргу, у кожным гарнізоне створаны следчыя аддзелы.

Адзначым, што падраздзяленні ГВСУ знаходзяцца не толькі на тэрыторыі Расіі, але і за яе межамі. Напрыклад, у структуры ваеннага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Расіі па Паўднёвай ваеннай акрузе ёсць:

519-ы ваенны следчы аддзел (адрас: Рэспубліка Арменія, г. Гюмры, вул. Шыракацы, д. 8).
528-ы ваенны следчы аддзел (адрас: Рэспубліка Паўночная Асеція – Аланія, г. Уладзікаўказ, пр-т. Коста, д.166; Рэспубліка Паўднёвая Асеція, г. Цхінвал).

Адзначым, што на тэрыторыі Рэспубліка Паўднёвая Асеція (заўв. зʼяўляецца акупаванай Расіяй тэрыторыяй Грузіі) дыслакуецца 4-я ваенная база УС РФ, а ў Арменіі – 102-я ваенная база УС РФ.

Следчы аддзел, ваенная паліцыя і пракуратура. Што вядома пра расейскія вайсковыя праваахоўныя органы, размешчаныя ў Беларусі?

Расейскія вайсковыя следчыя / Фота: v-pravda.ru

Адзначым, што стварэнне вайсковых следчых органаў за мяжой прадугледжана расейскім заканадаўствам. Так, згодна з пунктам 4 артыкула 38 Федэральнага закона ад 2010/12/28 № 403-ФЗ «Аб Следчым камітэце Расійскай Федэрацыі», «за межамі тэрыторыі РФ, дзе ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі знаходзяцца войскі РФ, ажыццяўленне функцый па выкананні заканадаўства РФ аб крымінальным судаводстве можа быць ускладзена Старшынёй Следчага камітэту на ваенныя следчыя органы».

Адзначым, што па стане на 2019 год у структуры ГВСУ было шэсць следчых аддзелаў, якія размяшчаліся за межамі Расіі. Відавочна, створаны ў Беларусі ваенны следчы аддзел стаў сёмым у гэтым спісе.

Органы ваеннай пракуратуры

Даведачна. Ваенная пракуратура ажыццяўляе пракурорскі нагляд і іншыя напрамкі дзейнасці пракуратуры ў УС РФ, іншых войсках, воінскіх фарміраваннях і органах.

Паводле звестак сайта Галоўнай ваеннай пракуратуры Расіі, у структуры ваеннай пракуратуры Заходняй ваеннай акругі ёсць 313-я ваенная пракуратура гарнізона, якая размяшчаецца па адрасе: Рэспубліка Беларусь, г.Мінск, вул. Азгура, д. 4.

Раней СМІ паведамлялі, што 313-я ваенная пракуратура забяспечвала нагляд за ходам стратэгічных вучэнняў «Захад-2021» (праходзілі на тэрыторыі Беларусі і Расіі), а таксама «Саюзная рашучасць – 2022» (праходзілі на тэрыторыі Беларусі). У адкрытых крыніцах няма звестак аб дакладным часе стварэння 313-й ваеннай пракуратуры. Можна меркаваць, што яна была сфарміравана не пазней за 2009 год.

Можна меркаваць, што наяўнасць у Беларусі расійскай ваеннай пракуратуры звязана з функцыянаваннем яшчэ з 1990-х гадоў ваенных аб’ектаў: радыётэхнічнага вузла «Баранавічы» і 43-га вузла сувязі ВМФ Расіі «Вілейка».

Следчы аддзел, ваенная паліцыя і пракуратура. Што вядома пра расейскія вайсковыя праваахоўныя органы, размешчаныя ў Беларусі?

Скрыншот: gvp.gov.ru

Таксама нам паступала інфармацыя аб прысутнасці прадстаўнікоў ваеннай пракуратуры ў палявых лагерах падраздзяленняў УС РФ. Напрыклад, у канцы красавіка 2023 года на чыгуначным вакзале ў горадзе Баранавічы былі заўважаны расійскія вайскоўцы з бауламі. На баулах была пазначана інфармацыя аб адпраўніку і атрымальніку іх змесціва. Адпраўніком была ўказана Ваенная пракуратура Уладзівастоцкага гарнізона (уваходзіць у склад ваеннай пракуратуры Ціхаакіянскага флоту), а атрымальнікам – падпалкоўнік юстыцыі Р.А.Карданаў. Адзначым, што каля горада Баранавічы знаходзіцца 230-ы агульнавайсковы палігон «Абуз-Лясноўскі», на якім дыслакуюцца расейскія вайскоўцы са складу рэгіянальнай групоўкі войскаў. З гэтага можна зрабіць выснову аб прысутнасці нейкай колькасці вайсковых пракурораў у палявых лагерах на тэрыторыі Беларусі.

Следчы аддзел, ваенная паліцыя і пракуратура. Што вядома пра расейскія вайсковыя праваахоўныя органы, размешчаныя ў Беларусі?

Супрацоўнікі ваеннай пракуратуры Наварасійскага гарнізона / Фота: admnvrsk.ru

Варта адзначыць, што арганізацыйная структура ваеннай пракуратуры ідэнтычная структуры ГВСУ, апісаная вышэй. Органы ваеннай пракуратуры размяшчаюцца, у тым ліку і за межамі тэрыторыі Расіі, у месцах дыслакацыі ваенных баз.

Напрыклад, у структуры ваенных пракуратур Паўднёвай і Заходняй ваенных акруг ёсць:

  • Ваенная пракуратура – вайсковая часць п.п. 28072 (Рэспубліка Паўднёвая Асеція, г. Цхінвал);
  • 312-я ваенная пракуратура гарнізона (Рэспубліка Арменія, г. Гюмры, вул. Пагранічная, д. 21, в/ч 2012);
  • Ваенная пракуратура – вайсковая часць 14101 (адрас: Рэспубліка Малдова, г. Ціраспаль, зав. Чкалава, д. 45а).

Як адзначалася вышэй, у Рэспубліцы Паўднёвая Асеція і Арменіі размешчаны расійскія ваенныя базы. У сваю чаргу, на тэрыторыі Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі (дэ-юрэ – частка тэрыторыі Малдовы) знаходзіцца Аператыўная група расійскіх войскаў у Прыднястроўскім рэгіёне Рэспублікі Малдова (АГРВ ПРРМ).

Стварэнне ваенных пракуратур за мяжой прадугледжана расійскім заканадаўствам. Так, згодна з пунктам 1 артыкула 46 Федэральнага закона ад 17.01.1992 № 2201-1 «Аб пракуратуры Расійскай Федэрацыі», «за межамі РФ, дзе ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі знаходзяцца войскі РФ, ажыццяўленне функцый пракуратуры можа быць ускладзена Генеральным пракурорам Расійскай Федэрацыі на органы ваеннай пракуратуры».

Ваенны суд

Даведачна. Ваенныя суды з’яўляюцца федэральнымі судамі агульнай юрысдыкцыі, уваходзяць у судовую сістэму Расіі, ажыццяўляюць судовую ўладу ў УС РФ, іншых войсках, воінскіх фарміраваннях.

Аб фарміраванні на тэрыторыі Беларусі расійскага ваеннага суда не паведамлялася. У цэлым (як і ў выпадку з іншымі праваахоўнымі органамі) заканадаўствам не забаронена ствараць ваенныя суды за межамі Расіі. Так, паводле артыкула 1 Федэральнага канстытуцыйнага закона ад 2006/06/23 № 1-ФКЗ «Аб ваенных судах Расійскай Федэрацыі», гарнізонныя ваенныя суды ствараюцца па тэрытарыяльным прынцыпе па месцы дыслакацыі воінскіх часцей і ўстановаў УС РФ.

Следчы аддзел, ваенная паліцыя і пракуратура. Што вядома пра расейскія вайсковыя праваахоўныя органы, размешчаныя ў Беларусі?

Смаленскі гарнізонны ваенны суд / Фота: gtrksmolensk.ru

Пры гэтым цяпер няма патрэбнасці ў стварэнні расійскага ваеннага суда ў Беларусі. Гэта абумоўлена тым, што юрысдыкцыя Смаленскага гарнізоннага ваеннага суда распаўсюджваецца не толькі на тэрыторыю Смаленскай вобласці, але таксама на і тэрыторыю Рэспублікі Беларусь па месцы дыслакацыі воінскіх часцей Мінабароны Расіі. Такім чынам, у выпадку здзяйснення вайскоўцам УС РФ злачынствы на тэрыторыі Беларусі справа будзе разглядацца ў гарнізонным ваенным судзе ў Смаленску.

Такім чынам, у Беларусі прадстаўлены ўсе асноўныя праваахоўныя органы, якія займаюцца падтрыманнем правапарадку ў УС РФ. Можна меркаваць, што ў цэлым неабходнасць размяшчэння такіх структур у Беларусі звязана з ўчыненнем расійскімі ваеннымі злачынстваў.

За час знаходжання расейскіх вайскоўцаў у Беларусі нам паступала вялікая колькасць паведамленняў аб здзяйсненні вайскоўцамі УС РФ злачынстваў. Пераважная большасць гэтых паведамленняў пацвердзіць не ўяўляецца магчымым. Аднак факты, якія сапраўды пацвярджаюць здзяйсненне расейскімі вайскоўцамі злачынстваў.

Напрыклад, паводле нашай інфармацыі, у лістападзе-снежні 2022 года (пасля разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў) ва ўстановы аховы здароўя Беларусі паступалі на лячэнне ваеннаслужачыя УС РФ з агнястрэльнымі, а таксама шматлікімі колата-рэжучымі раненнямі. Наяўная інфармацыя дазваляе канстатаваць, што пашкоджанні мелі яўны крымінальны характар. Таксама ў якасці прыкладу здзяйснення правапарушэнняў расейскімі вайскоўцамі можна прывесці затрыманне 17 чэрвеня ў Івацэвічах вайскоўца за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага апʼянення, якое атрымала рэзананс.

Часцяком паведамлялася аб бойках сярод вайскоўцаў УС РФ (у тым ліку з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў), якія былі справакаваны распіваннем спіртных напояў, ужываннем наркатычных рэчываў і г.д. Па наяўнай інфармацыі, так званыя супрацоўнікі «праваахоўных органаў» Беларусі на такія інцыдэнты часта ніяк не рэагавалі.

Як паказаў праведзены аналіз, стварэнне Расіяй ваенных праваахоўных органаў за мяжой – звычайная практыка. Стварэнне ваеннага следчага аддзела ў Беларусі можа быць выклікана наступнымі прычынамі:

  1. наяўнасцю сталай прысутнасці групоўкі УС РФ на тэрыторыі Беларусі, якая ў цяперашні час складаецца з трох кампанентаў:

а) ваенныя абʼекты УС РФ, створаныя ў Беларусі яшчэ ў 1990-х года (радыётэхнічны вузел «Баранавічы» і 43-ці вузел сувязі Ваенна-марскога флоту Расіі «Вілейка»; колькасць асабовага складу – да 1450 чалавек);

б) падраздзяленні рэгіянальнай групоўкі войскаў (фармальна знаходзяцца на палігонах і аэрадромах УС РБ з кастрычніка 2022 года; ацэначная колькасць на 1 чэрвеня – каля 4500 вайскоўцаў УС РФ);

в) нефармальныя ваенныя базы УС РФ на аэрадромах у в. Вялікі Бокаў і «Зябраўка» (сфармаваліся пасля адступлення УС РФ з Кіеўскай вобласці ў канцы сакавіка-пачатку красавіка 2022 года; ацэначная колькасць на 1 чэрвеня – каля 500 вайскоўцаў УС РФ).

г) таксама можна чакаць фарміравання чацвёртага кампанента расійскай ваеннай групоўкі ў Беларусі: абслуговы персанал тактычнай ядзернай зброі, якая павінна прыбыць ужо ў ліпені;

2. сістэматычным здзяйсненнем вайскоўцамі УС РФ злачынстваў. Нават па наяўных паведамленнях можна меркаваць значны маштаб учыненых расійскімі ваеннымі злачынстваў. Пры гэтым інфармацыя пра значную частку патэнцыйных злачынстваў (напрыклад, звязаных са стратай ваеннай маёмасці, крадзяжом боепрыпасаў і інш.) магла проста не пранікнуць у беларускія СМІ. 

Факт фарміравання (праз паўтара года бесперапыннай прысутнасці расійскіх ваенных) ваеннага следчага аддзела сведчыць аб планах пастаяннай расійскай ваеннай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі.

Нельга выключаць, што фармаванне вайсковага следчага аддзела можа быць звязанае з працамі па размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Напрыклад, для расследавання злачынстваў, звязаных з працай сховішча тактычнай ядзернай зброі (без допуску туды беларускіх следчых).

Нельга выключаць, што адсутнасць у Беларусі ваеннага следчага аддзела (пры наяўнасці падраздзялення ваеннай пракуратуры) звязана з гісторыяй фарміравання Следчага камітэта Расіі (і ГВСУ як яго састаўной часткі).

Да 2007 года ў Расіі следчыя падраздзяленні знаходзіліся ў структуры Міністэрства ўнутраных спраў і пракуратуры. У 2007 годзе быў створаны Следчы камітэт пры пракуратуры Расійскай Федэрацыі (яму перадаваліся паўнамоцтвы пракуратуры ў частцы ўзбуджэння і расследавання крымінальных спраў). Пазней, у 2011 годзе быў створаны Следчы камітэт Расійскай Федэрацыі (як самастойны дзяржаўны орган). Іншымі словамі, крыху больш за 10 гадоў таму, калі, як мяркуецца, у Беларусі з’явілася расійская ваенная пракуратура, Следчага камітэта як асобнага дзяржаўнага органа не існавала. Пры гэтым яго функцыі якраз выконвала пракуратура. Аднак адкрытым застаецца пытанне, чаму за 12 год з моманту стварэння Следчага камітэта РФ у Беларусі не быў створаны ваенны следчы аддзел.

Можна чакаць, што ваенны следчы аддзел у Беларусі будзе ўключаны ў структуру ваеннага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Расіі па Заходняй ваеннай акрузе. Таму ёсць некалькі прычын:

  • тэрыторыя, уключаная ў склад Заходняй ваеннай акругі, мяжуе з Беларуссю;
  • у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі ўваходзяць падраздзяленні Заходняй ваеннай акругі УС РФ;
  • 313-я ваенная пракуратура гарнізона ўключана ў склад ваеннай пракуратуры Заходняй ваеннай акругі.
Папярэдні матэрыял
Рухнуў верталёт за $12,5 млн: Што вядома пра крушэнне Мі-24 ВКС РФ прама цяпер?
Наступны матэрыял
Міністр транспарту Літвы: «Штадлер» сыходзіць з Беларусі»

Iншыя матэрыялы