Стала вядома, хто загадаў змяшчаць пратэстоўцаў ва ўмовы ШІЗА і да бамжоў

хв.

Ініцыятыва BYPOL апублікавала зліў размовы кіраўніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці (УНВД МУС РБ) Сяргея Нікеля з якіх выходзіць, што менавіта ён загадваў выкарыстоўваць невыносныя ўмовы ўтрымання затрыманых як асноўны метад працы, надаўшы ім фактычна сілу закона.

Паводле інфармацыі BYPOL, алгарытм, па якім начальнікам ізалятараў давалі загад мяняць рэжым утрымання адміністрацыйна затрыманых, распрацаваў асабіста міністр МУС Іван Кубракоў.

А Нікель аддаваў распараджэнні змяшчаць затрыманых у антысанітарныя ўмовы. На адной са злітых запісаў размовы кіраўнік гомельскага аддзялення УНВД Аляксей Матарас даваў яму справаздачу, што людзей спачатку падсялялі да бамжоў, «каб смярдзючыя і ўсё астатняе такое было», а пасля сялілі ў адна-двухмесныя камеры каля туалета «каб горш было».

Калі гутарка зайшла пра матрацы, Нікель яму адказаў: «Іх увогуле не павінна быць, матрацаў! Голыя нары! Ні днём, ні ноччу! Гэта значыць, яны павінны на голых нарах знаходзiцца, як ва ўмовах у СІЗА. Нічога не даваць! Ні бялізну, ні матрацы!»

Калі Матарас спаслаўся на «інструкцыі», у якіх пазначана выдаваць матрацы і бялізну з 22 да 6, Нікель адказаў: «Вы, як бы, вось гэта зразумелі, як не трэба разумець».

А пасля працягнуў даваць яму нагад: лісты прыходзіць не павінны, прагулак быць не павінна, перадачы — адзін раз за ўвесь час прыбывання, калі чалавек аб’яўляў галадоўку — адразу перавозіць у іншы ІЧУ.

Людзі, якія адбываюць у Беларусі адміністрацыйны арышт па артыкуле аб незаконных масавых мерапрыемствах, са жніўня 2020 года па сённяшні дзень ўтрымліваюцца ва ўмовах, якія не адпавядаюць санітарным нормам. У жніўні іх жорстка збівалі і натоўпамі трымалі ў закаркаваных камерах, у кастрычніку сялілі з бамжамі і забіралі матрацы, у красавіку прымушалі рабіць «расцяжкі», будзілі сярод ночы кожныя дзве гадзіны, забіралі цёплыя рэчы і выводзілі голымі на калідор падчас ператрусу.

Папярэдні матэрыял
«Кібер-партызаны» злілі інфармацыю пра дамы Баскава, Эйсмант, Ярмошынай і Шэймана
Наступны матэрыял
Сілавікі правялі фотасэсію са школьнікамі ў бронекамізэльках, касках і без згоды бацькоў

Iншыя матэрыялы