На русском языке:
Сотрудница колхоза рассказала об условиях на ферме, теперь её запугивает начальство
Супрацоўніца фермы КСУП «Варанецкі», якая пастаўляе сыравіну, у тым ліку на такія буйныя прадпрыемствы як Камунарка, Лідская Мука і Малочны Свет, паказала і расказала, у якіх умовах і за якія грошы ёй даводзіцца працаваць. На гісторыю звярнула ўвагу выданне @dze_news.
Па словах Валянціны (імя зменена), якая працуе на ферме ў Бераставіцкім раёне за менш за 500 рублёў, умовы працы нельга назваць нават ніштаватымі. Мала таго, што часам працуе толькі адзін чалавек, дык яшчэ нярэдкія вытворчыя траўмы:
«Мяне ўжо тры разы тапталі быкі, ляжала ў шпіталі. Яны не на прывязі, лазім прама ў клеткі, па 30 галоў каштуе. Паўкалгаса трэба падняць, каб дапамаглі», – кажа жанчына.
А вось што яна расказала пра стан жывёл:
«Скаціна ўвесь час стаіць у гаўне, уся мокрая, ва ўсёй гэтай жыжцы. Сена заўсёды гнілое. […] Калі рэжуць, галовы валяюцца разам з кішкамі, усё кідаюць проста пад ногі ў гной. Там аж чарвякі поўзаюць. Ніякага стаўлення ні да людзей, ні да скаціны».
Яе словы пацвярджае і дачка Ганна (імя зменена), якая кажа, што маці ляжала ў шпіталі з наймацнейшымі гематомамі. Настойвала, што траўмы вытворчыя, а начальства калгаса даказвала, быццам яны бытавыя.
Журналісты таксама звязаліся з дырэктарам КСУП «Варанецкі» Юрыем Яромічам, які заявіў, што ніякіх вытворчых траўм «ні разу не было», а «з жывёламі і чысцінёй усё нармальна».
На гэтым гісторыя не скончылася, пазней кіраўніцтва калгаса выклікала Валянціну на размову:
«Мяне адчытвалі, каб я нікуды не пісала. Калі не задавальняе заробак і ўмовы працы, то яны могуць скасаваць са мной дамову. Пачалі палохаць».