На русском языке:
Работники госкомитета судебных экспертиз собирали деньги на новую машину начальнику
Дзяржкамітэт судовых экспертыз у добраахвотна-прымусовым парадку збіраў па 20 рублёў з усіх сваіх супрацоўнікаў для куплі новага аўтамабіля старшыні ДКСЭ Аляксею Волкаву. Нагадаем, 1 кастрычніка невядомыя спалілі яго Land Cruiser коштам $40-65 тысяч.
Сёння Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз упершыню пацвердзіў, што аўтамабіль Волкава сапраўды спалілі. Структура таксама паведаміла, што супрацоўнікі сапраўды збіралі грошы для свайго начальніка:
«Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта абураныя здзейсненым замахам на сям'ю Аляксея Волкава і прынялі рашэнне падтрымаць свайго кіраўніка і яго блізкіх», – сказана на сайце ДКСЭ.
Тэлеграм-канал «Паглядзі, Брахня» паведаміў пра гэта яшчэ 6 кастрычніка, вось толькі рашэнне скінуцца начальніку на новы аўтамабіль падначаленыя прынялі не самі:
«Дзяржкамітэт судовых экспертыз у добраахвотна-прымусовым парадку збірае па 20 рублёў з усіх сваіх супрацоўнікаў па рэспубліцы, каб купіць новы аўтамабіль Волкаву. Мабыць, спалены джып быў не застрахаваны».
У сваім паведамленні ДКСЭ не называе ні суму аднаасобных узносаў, ні агульную суму сабраных сродкаў. Сказана, што Волкаў ад чыстага сэрца вырашыў аддаць гэтыя грошы на рэабілітацыю дзяцей у «Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі №2 Фрунзенскага раёна Мінска».
«Выказваючы ўдзячнасць сваім калегам, Аляксей Аляксандравіч адзначыў, што аказаная яму дапамога больш неабходная дзецям, якія маюць патрэбу ў аднаўленні і падтрыманні здароўя», – сказана на сайце ДКСЭ.