На русском языке:
Светлана Тихановская объявила 27 ноября Днем международной солидарности с Беларусью
27 лістапада, у Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, Святлана Ціханоўская заклікае замежных лідараў, актывістаў, журналістаў і ўсіх сяброў Беларусі падтрымаць беларускіх палітвязняў: выйсці на мітынг ці пікет, выступіць з заявай, апрануць бел-чырвона-белае адзенне ці нагадаць навакольным пра беларускую сімволіку, даслаць лісты палітвязням ці правесці анлайн-флэшмоб, паведамляецца на сайце палітыка.
«Раскажыце пра смеласць беларусаў. Давайце пакажам людзям, якія церпяць ад дзеянняў беларускага рэжыму, што сусветная супольнасць падтрымлівае іх. Падтрымлівае лідараў пратэсту Марыю Калеснікаву і Максіма Знака, якія працягваюць танчыць і ўсміхацца ў зале суда. Смелых журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Незломленых блогераў Ігара Лосіка і Сяргея Ціханоўскага. Дужага духам Мікіту Залатарова, якому няма і 18. Андрэя Пачобута, Вольгу Залатар, Наталлю Хершэ — усіх нявінна зняволеных беларусаў», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Салідарнасць міжнароднай супольнасці — гэта не толькі словы падтрымкі, але і канкрэтныя крокі.
- Беларускія дыяспары могуць правесці мітынгі, масавыя пікеты і акцыі салідарнасці.
- Мясцовыя ўлады і мэры гарадоў могуць падсвяціць гарадскія будынкі ў нацыянальных беларускіх бел-чырвона-белых колерах; вывесіць бел-чырвона-белыя сцягі на фасадах будынкаў ці вокнах; правесці ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі.
- Медыя і інфлюенсеры могуць дапамагчы з распаўсюдам інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі; зрабіць інтэрв’ю з беларускімі палітыкамі, актывістамі, журналістамі, ахвярамі рэпрэсій; апублікаваць відэа, артыкулы, фота ў падтрымку Беларусі; выкарыстоўваць хэштэг #StandWithBelarus.
- Парламентарыі і палітыкі могуць зрабіць заяву па Беларусі; унесці на разгляд рэзалюцыю/дэкларацыю ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі і падтрымаць яе; даслаць лісты беларускім палітвязням; узяць шэфства над ім.
- Настаўнікі і выкладчыкі могуць правесці лекцыю аб Беларусі; абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі са школьнікамі і студэнтамі; напісаць разам са школьнікамі і студэнтамі лісты беларускім палітвязням.
- Навуковая і даследчая супольнасць можа правесці анлайн або афлайн мерапрыемства аб крызісе ў Беларусі; абмеркаваць спосабы вырашэння крызісу і падтрымку міжнароднай супольнасці.
- Усе сябры Беларусі могуць падтрымаць беларусаў, зрабіўшы ахвяраванне ў фонды, якія дапамагаюць палітвязням і іхнім сем’ям: «Краіна для Жыцця», BySol, #BY_help.