In English:
Sviatlana Tsikhanouskaya reacts to Merkel-Lukashenka dialogue
На русском языке:
Светлана Тихановская отреагировала на диалог Меркель и Лукашенко
Лідар дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала ўчорашнюю тэлефонную размову паміж Ангелай Меркель і Аляксандрам Лукашэнкам. Нагадаем, яны паразмаўлялі па тэлефоне пра сітуацыю на мяжы паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Абмяркоўвалася неабходнасць аказання гуманітарнай дапамогі бежанцам і мігрантам, якія там знаходзяцца.
Вось, што піша Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды:
«Учора Еўропа на Савеце замежных справаў ЕС пацвердзіла адзінства з беларусамі: усе 27 міністраў пагадзіліся, што рэжым трэба спыніць. Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце і з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Канады і ЗША. І я ведаю, што званок Меркель не быў запрашэннем ад ЕС да дыялогу. Бо ўрад Нямеччыны працягвае падтрымліваць пяты і распрацоўваць шосты пакет санкцый супраць рэжыму. Таму яго спроба схаваць палітычную ізаляцыю за гэтым званком – гэта не перавернутая старонка. Гэта вырваная старонка з дзённіка двоечніка, які хоча схаваць свой правал.
Я сустракалася з Ангелай Меркель. З першай сустрэчы зразумела, што гэта палітык, для якой галоўны прыярытэт – чалавечае жыццё. Па той жа прычыне яна год таму тэлефанавала чалавеку, які прайграў выбары ў Беларусі. Яе званок застаўся без адказу – бо ў яго інтарэсах ніколі не было клопату пра беларусаў.
Але я працягну стаяць за беларусаў і іх патрабаванні: вызваленне ўсіх зняволеных па палітычных матывах і – пасля гэтага – старт дыялогу пра новыя выбары. Каб выказаць гэтае патрабаванне, самы час далучыцца да «Рабочага руху» і плана «Перамога».