На русском языке:
Светлана Тихановская дала эксклюзивное интервью «Эху Москвы»
Святлана Ціханоўская дала эксклюзіўнае інтэрв’ю Аляксею Венядыктаву для радыёстанцыі «Рэха Масквы». З-за меркаванняў сваёй бяспекі, Ціханоўская размаўляла з Венедыктавым дыстанцыйна. Рэдакцыя motolko.help цытуе некаторыя моманты яе інтэрв’ю.
Пра паездку ў Расію
«Пакуль баюся, таму што я была абвешчаная ў Расіі ў вышук. Сустрэлася б з вамі з задавальненнем на нейтральнай тэрыторыі. Канешне, пагроза арышту застаецца, таму што небяспечна на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Беларусаў, якія заехалі на тэрыторыю Расіі, экстрадуюць вельмі лёгка».
Пра тое, як прыйшла ў палітыку
«Асабіста мой досвед — я трапіла ў палітыку зусім выпадкова, таму што мой першы крок у гэтую справу быў толькі для таго, каб падтрымаць свайго мужа, які хацеў балатавацца ў прэзідэнты, толькі для таго, каб паказаць людзям альтэрнатыву. Я бачыла, як майго мужа першы раз пасадзілі, і другі, і трэці. Я пайшла ў першую чаргу за мужам. Я зразумела, што я з беларусамі, я за мужа».
Пра Лукашэнку
«Калі глядзець аб’ектыўна, то ёсць, вядома, частка беларусаў, прыхільнікаў каштоўнасцяў Савецкага Саюза. У галаве да гэтага часу, што без Лукашэнкі краіна разваліцца, чамусьці без Лукашэнкі ўсё распрададуць, не маючы на гэта ніякіх падставаў. Магчыма, за 27 гадоў ёсць людзі, якія перакананыя, што Лукашэнка — бацька і пасля яго нічога добрага не будзе. Але я думаю, што гэтае меркаванне навязанае. З дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў нас не было іншага кіраўніка дзяржавы, беларусам няма з кім параўнаць — як гэта, калі іншы чалавек кіруе краінай.
Таму будуць і такія людзі, вядома, але грамадскасць мяняецца. Пакаленне новае вырасла, якое разумее, што можа быць іншае жыццё, палітыка можа быць іншая і людзі хочуць удзельнічаць у палітыцы сваёй краіны. Да гэтага ў людзей не было такой магчымасці. Або жадання».
Пра міграцыйны крызіс і дыялог з Лукашэнкам
«Я думаю, што Лукашэнка хацеў бы адсунуць фокус ад правоў чалавека, ад палітвязняў, ад збіцця на міграцыйны крызіс. І хацеў бы, каб Захад пачаў размаўляць з ім па ўрэгуляванні гэтага міграцыйнага крызісу, абмінаючы беларусаў.
Мы заўсёды кажам, што патрэбен дыялог не паміж рэжымам і ЕС, рэжымам і Крамлём, а паміж рэжымам і беларусамі».
Пра тое, што можна было б зрабіць па-іншаму
«Напэўна, па-іншаму нічога нельга было зрабіць. Мы рабілі… Не хачу казаць слова «рэвалюцыя», але так яно і ёсць, зыходзячы з бягучых падзей. Магчыма, адзінае, што мы недаацанілі ў той момант — гэта неадэкватнасць улады. Я шчыра думала, што так званая ўлада ўбачыць сотні тысяч людзей на вуліцах і зразумее, што час ужо весці дыялог з беларусамі. Прымаць рашэнні для людзей, а не для аднаго чалавека.
Сёння мы бачым, што яшчэ да пачатку пратэстаў ужо будаваліся канцлагеры, былі гатовыя страляць і збіваць людзей, таму з таго боку, з боку рэжыму, была гатоўнасць загнаць усё гэта зноў на кухню».
Пра рускую мову, калі Ціханоўская прыйдзе да ўлады
«Не калі я прыйду да ўлады, а калі ў нас пройдуць новыя выбары. Наконт мовы, насамрэч шмат спрэчак у Беларусі. У нас зараз дзве дзяржаўныя мовы, і на жаль, беларуская мова і культура неяк адсоўвалася на задні план.
Канешне, мы, як дзяржава, як краіна са сваёй мовай культурай, вымушаныя будзем адраджаць беларускую мову. Але гэта не значыць, што мы будзем супраць рускай мовы.
У нас большая частка насельніцтва размаўляе на рускай і гэта права людзей. Будзе адна мова дзяржаўная ці не будзе — гэта ўжо будзе вырашацца пасля выбараў новым прэзідэнтам з удзелам беларускіх людзей. Будуць пытанні неяк арганізаваныя — я не ведаю. Але нічога супраць рускай мовы, Расіі, беларусы не маюць».
Пра тое, ці будзе балатавацца на новых выбарах
«Я не планую балатавацца на новых выбарах, найперш таму, што ў мяне няма палітычных амбіцый. І яшчэ немалаважны факт: я абяцала беларусам, я не збіраюся быць прэзідэнтам Беларусі. У нас шмат годных людзей, якія могуць узяць на сябе кіраўніцтва краінай. Таму мой адказ: не».
Пра санкцыі і падтрымку Расіі
«Санкцыі былі б нашмат больш эфектыўнымі, калі б прадстаўнікі рэжыму не маглі прыехаць і ўзяць крэдыты. Але яны могуць. Таму давайце задамо пытанні прадстаўнікам Крамля: ці вартыя яны таго?
Трэба прадстаўляць новага чалавека ва ўладзе, які будзе таксама паляпшаць гандлёвыя, эканамічныя зносіны Беларусі з Расіяй.
Я думаю, гэта будзе ўзаемавыгадная і адкрытая пазіцыя для ўсіх. Навошта ў Крамлі думаюць, што пасля Лукашэнкі ўсё будзе дрэнна? У нашых адносінах усё будзе яшчэ лепш».
Пра заклік да санкцый і тое, як яны могуць нашкодзіць народу
«Санкцыі не супраць Беларусі, а супраць рэжыму. І мы гаворым пра санкцыі, якія ўдараць па праўладным бізнэсе, па дзяржаўных прадпрыемствах. Рабочыя пакутуюць не з-за санкцый. Рабочыя пакутуюць праз беззаконне і гвалт у нашай краіне, яны церпяць праз рэжым. Давайце будзем шчырыя. Людзі будуць адстойваць свае правы.
— Гэта значыць, вы не бачыце ніякіх супярэчнасцяў? — удакладніў Венедыктаў.
— Вы ведаеце, гэтая фраза, што санкцыі могуць нашкодзіць людзям, ёй таксама вельмі моцна грашаць заходнія краіны, скажам так».
Пра эфектыўнасць санкцый
«Санкцыі яшчэ не ўступілі ў поўную сілу, прынамсі амерыканскія. Цяпер рыхтуецца новы пакет.
Прашу звярнуць увагу, што сектаральныя санкцыі і 5-ы пакет, які абмяркоўваецца — яны не пра прыніжэнне правоў чалавека ў Беларусі, а адказ на неадэкватныя дзеянні рэжыму.
Вельмі шкада, што ў адказ на ўвесь гвалт, які адбыўся ў Беларусі, увялі нейкія санкцыі, у якія ўключылі толькі каля 80 чалавек».
Пра перамовы
«Калі так здарыцца, што ён [Лукашэнка], вобразна, будзе за сталом перамоваў, то давядзецца перамаўляцца. Але існуюць пляцоўкі для перамоваў як АБСЕ, напрыклад, і на гэтай пляцоўцы могуць быць прадстаўнікі рэжыму, дэмакратычных сіл. Магчыма, карцінка ідэалізаваная, але я лічу, што ў 21 стагоддзі — гэта самы лепшы і мірны спосаб змяніць уладу ў дыктатарскай краіне».
Пра набытыя квіткі ў Мінск
«Мы купілі квіткі, бо думалі, што будзе такая магчымасць [прыляцець у Мінск]. У нас быў свой план, але недаацанілі такое жаданне [Лукашэнкі] захаваць уладу супраць волі беларусаў.
Мы можам пры дапамозе ціску прымусіць людзей, якія вакол яго, пайсці на гэтыя перамовы. Ізноў жа, гэта могуць быць перамовы і з іншымі людзьмі, не толькі з ім».
Пра непрымальнасць змены ўлады рэвалюцыйным шляхам
«Вы ведаеце, я супраць такога сцэнара. Не тое, каб я яго не падтрымліваю, таму што ўва мне кажа жанчына перш за ўсё. Я разумею, што пры такіх падзеях ахвяры непазбежныя, асабліва калі рэжым Лукашэнкі гатовы страляць. А мы ведаем, што яны гатовы забіваць людзей. Я не хацела б ахвяраваць беларусамі вось у такім захопе ўлады».
Пра чаканні ад Расіі і кіраўніцтва РФ
«Я калісьці назвала вашага прэзідэнта мудрым, я спадзявалася на мудрасць Крамля».
«Нам хацелася б, каб Крэмль адыграў сваю ролю, канструктыўную. Мы ж хочам працягваць адносіны з Расіяй. Мы нікуды ад вас не падзенемся, як і вы ад нас. Нам трэба будзе працаваць. І прамысловасць, і эканамічныя зносіны мець далей. Але з нелегітымным прэзідэнтам — гэта немагчыма».
«Каб захаваць нармальныя зносіны з Беларуссю, што выгадна і вам і нам, трэба прыняць волю беларускага народа».
Пра расчараванне ў пазіцыі Крамля і Пуціна
«Я была засмучаная спачатку, калі была вельмі відавочная эканамічная падтрымка Лукашэнкі найперш. Але зараз мы, напэўна, унутрана прынялі пазіцыю [Крамля] і гэта не ўплывае на беларусаў. Яны ўсё роўна працягваюць ісці далей і разумеюць, што асноўная задача — новыя выбары».
Пра Пуціна як магчымага мадэратара ў перамовах паміж Лукашэнкам і Ціханоўскай
«Вядома, [Пуцін] можа, як і прадстаўнікі іншых краін. Для таго, каб дамоўленасці падчас перамоваў усімі прымаліся, і каб прадстаўнікі іншых краінаў іх фіксавалі, і каб далей не ўзнікала ніякіх пытанняў».
Пра падпісанне Лукашэнкам і Пуціным дарожных карт, Саюзную дзяржаву і суверэнітэт
«У нас і так дзве суверэнныя краіны і Саюзная дзяржава не мяркуе захоп суверэнітэту. Суверэнітэт і незалежнасць для Беларусі — гэта вышэйшая каштоўнасць і ніхто не збіраецца ёю гандляваць.
Інтэграцыя ўжо настолькі глыбокая, што нам з гэтым жыць. Але ведаеце, у чым пытанне? Што большасць беларусаў не разумеюць сутнасці Саюзнай дзяржавы, не разумеюць сутнасць інтэграцыі — што гэта значыць. Усе вераць, што гэта не захоп суверэнітэту, магчыма, нейкія больш цесныя эканамічныя адносіны. Адзіная валюта, вядома ж, не прымальная для беларусаў.
Але калі гэта ўзаемавыгадны саюз, то чаму не? У нас няма нейкіх антырасейскіх праяваў, мы проста хочам лепшага для сваёй краіны: каб людзі не гнілі на прадпрыемствах, былі нармальныя ўмовы працы. Самае галоўнае, каб быў нармальны мэнэджмэнт у краіне.
Калі для гэтага трэба паглыбіць інтэграцыю, хаця ўпэўненая, што можна абысціся і без гэтага, то я думаю, што новы прэзідэнт расставіць усе кропкі над i і зробіць выбар».
Пра адзіны парламент
«Мне падаецца, што мусіць быць беларускі парламент. Давайце возьмем за прыклад Еўрасаюз — гэта дзясяткі незалежных дзяржаў і ёсць Еўрапарламент.
Можа быць парламент Расіі, парламент Беларусі. І для таго, каб урэгуляваць нейкія адносіны паміж дзвюма краінамі, можа быць Саюзны парламент. Але гэта маё меркаванне, магчыма я не правільна думаю».
Пра самаахвяраванне, герояў і эфектыўнасць працы з-за мяжы
«Усе людзі, якія ахвяравалі сваёй свабодай, можа быць жыццём — у гэтай сітуацыі яны адназначна героі. Я не ўпэўнена, што я магла б паступіць як Маша [Калеснікава], як мой Сяргей [Ціханоўскі], як той жа Віктар Бабарыка. Гэта павінна быць вельмі вялікая ўнутраная сіла.
Але больш эфектыўна, напэўна, працягваць змагацца, мець магчымасць змагацца.
І вядома, Маша, яна — неверагодная. Яна сваім прыкладам нават у турме натхняе мільёны беларусаў. Яна нават адтуль падтрымлівае нас.
І менавіта Маша, менавіта Віктар Дзмітрыевіч [Бабарыка], менавіта Сяргей Ціханоўскі, [Максім] Знак і тысячы імёнаў магла б пералічыць – гэта гарантыя таго, што беларусы не спыняцца».