Святлана Ціханоўская – пра паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да рэжыму і яго саўдзелу ў вайне

Офіс Святланы Ціханоўскай
4 хв.

На русском языке: ​Светлана Тихановская – о последовательной позиции в отношении режима и его соучастии в войне

Нацыянальная лідарка і кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра тое, што Украіна блакуе санкцыі ЕС у дачыненне рэжыма Лукашэнкі.

«Мы разумеем, што ўлады Украіны не хочуць правакаваць Лукашэнку. Але калі з’яўляюцца думкі пра тое, што гэта яго спыніць, – яны памылковыя. У пачатку 2022 ён абяцаў Украіне, што не будзе нападу. Мы ведаем, да чаго гэта прывяло.

Лукашэнка ніколі не трымае слова і будзе рабіць тое, што скажа Расія. Ён не выпадкова апынуўся ў такой сітуацыі. Ён не закладнік і не ахвяра – ён абраў інтэграцыю з Расіяй яшчэ ў 90-х, калі пачаліся падпісанні дакументаў пра саюзную дзяржаву. Ягоная палітыка прывяла да пачатку вайны супраць Украіны, а таксама да пагрозы незалежнасці Беларусі. Яго саўдзел у вайне дазволіў адбыцца генацыду ў Бучы, Ірпені, Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцях.

Таму саступкі яму ў разгар вайны толькі ствараюць для яго пачуццё беспакаранасці. Так ён упэўніваецца, што можа і далей праводзіць рэпрэсіі, забіваць людзей і дазваляць нападаць на Украіну з тэрыторыі Беларусі. А задача цывілізаванага свету – пазбегнуць беспакаранасці. Вінаватыя павінны панесці адказнасць – і нашая агульная задача гэтага дабіцца.

Беларусы, пра чые інтарэсы сапраўды трэба думаць – гэта беларускія актывісты, добраахвотнікі і валанцёры, якія дапамагаюць Украіне і змагаюцца супраць Расіі. Гэта людзі, якія сталі палітзняволенымі за свой пратэст супраць вайны ва Украіне і дыктатуры. Але дакладна гэта не Лукашэнка, які дае тэрыторыю Беларусі рускім салдатам і ракетам».

Папярэдні матэрыял
ЕС не ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі па патрабаванні Украіны
Наступны матэрыял
У Беларусь прыбыў галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі РФ

Iншыя матэрыялы