Беларуская лідарка запісала відэа, у якім звярнулася да беларусаў, якія годна і з гумарам перамаглі ўсе праблемы і складанасці непагадзі нягледзячы на тое, што ад дзяржавы не было неабходнай дапамогі.
«Я гляджу як у Беларусі апошні тыдзень бушавала непагадзь і і не перастаю здзіўляцца, як вы годна і з гумарам перамагаеце ўсе складанасці.
Я бачыла відэа, дзе вы танчыце пад дажджом, рассякаеце ваду на самакатах і захапляюся кожным з вас. Захапляюся, бо вы адолелі шторм лепш, чым дзяржава. У той час, калі ад улады патрэбныя максімальныя намаганні, каб зліквідаваць наступствы патопу, беларусы зразумелі, зноўку, ужо каторы раз, што нам даводзіцца спадзявацца толькі на сябе. А тое, што рэжым не змог аператыўна адрэагаваць і забяспечыць усім неабходным тых, хто пацярпеў, відавочны доказ праблемы, пра якую маўчаць улады. Гэта недахоп кваліфікаваных кадраў і паслядоўны адʼезд людзей з краіны.
Гэта тая праблема, якая паступова пачынае адбівацца на ўсіх сферах жыцця краіны, у тым ліку на ўстойлівасці інфраструктуры. Рэжыму прасцей абвінаваціць ва ўсім беларусаў у любой складанай сітуацыі. Але беларусы проста хочуць, каб дзяржава выконвала свае абавязкі. Беларусам не патрэбна, каб завалы расчышчалі палітвязні. Ім патрэбна праца адпаведных службаў і прафесіяналаў. А рэжым зноў паказаў, што здольны толькі на рэпрэсіі, а не дапамогу людзям.
Дарагія, калі ласка, беражыце сябе і сваіх родных, падтрымлівайце тых, хто побач. Наша еднасць – гэта тое, што не можа разбурыць ніводная стыхія».